Фота travel.rambler.ru.

Мэр горада Лёкат Мішэль Пі сказаў, што плануе забараніць наведванне пляжаў тым, хто апрануты «неадпаведна маральным паводзінам і прынцыпам секулярызму».

Кіраўнік горада Уа-Плаж Аліўе Мажэвіч заявіў, што ўвядзе забарону на буркіні пасля таго, як убачыў жанчыну з закрытым целам (у тым ліку і вачамі), якая ішла на пляж.

Па словах мэра горада Ле-Туке Даніэля Фаскеля, ён забароніць буркіні «дзеля барацьбы з насаджэннем рэлігіі». «Пакуль у Ле-Туке няма буркіні, але я не хачу, каб мэрыя была заспетая знянацку», — сказаў кіраўнік горада.

Прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс падтрымаў забарону на буркіні. «Пляжы, як і любыя іншыя грамадскія месцы, павінны быць свабодныя ад рэлігіі», — сказаў Вальс. Паводле яго слоў, на ўзроўні краіны ўводзіць падобную забарону не плануецца.

Першым забарону на буркіні ўвёў мэр Кан ў канцы ліпеня, неўзабаве пасля тэракту ў суседняй Ніцы. Прыклад узялі яшчэ два гарады. Па апошніх дадзеных, у Канах ужо аштрафавалі чатырох жанчын. Штраф складае 38 еўра.

Мусульмане і грамадскія арганізацыі, якія змагаюцца з ісламафобіяй, выступілі супраць забаронаў. На іх думку, забарона на буркіні парушае правы мусульман і жанчын. Суд адмовіўся адмяніць забарону на буркіні ў Канах. Праваабаронцы плануюць падаць апеляцыю.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?