Гарачым чэрвеньскім днём да нашага львоўскага офіса «Крым SOS» прыйшоў мужчына сярэдніх гадоў з шматлікімі драпінамі на руках і павольнай гаворкай. Гэта быў Юрый Ільчанка, крымскі палітвязень. Былы крымскі палітвязень. Гісторыя, якую мы пачулі ад Юрыя, спачатку прымусіла нас усумніцца ў праўдападобнасці.

2 ліпеня 2015 яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ і ЦПЭ і пасадзілі на 11 месяцаў у СІЗА горада Сімферопаль. Ільчанка быў абвінавачаны ў тым, што ў публікацыях у сваім блогу і сацыяльных сетках рэзка выказваўся па акупацыі Крыма Расеяй і па вайне, якую Расея вядзе на ўсходзе Украіны. Юрыю інкрымінавалі 280 і 282 артыкулы Крымінальнага кодэкса РФ — публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці і распальванне міжнацыянальнай варожасці.

У чэрвені 2016 года яго перавялі на хатні арышт, адкуль ён збег, пералезшы цераз сцяну на так званай «крымскай мяжы» і апынуўшыся на мацерыковай частцы Украіны. Яго скрываўленыя рукі і падранае адзенне сведчылі пра гэта.

Гэтая гісторыя нагадала нам сюжэт аднаго з найлепшых фільмаў усіх часоў паводле аповесці Стывена Кінга — «Уцёкі з Шоўшэнка».

Далей мы перадаём аповед 37-гадовага Юрыя Ільчанкі аб умовах незаконнага ўтрымання ў СІЗА і ўцёкі з паўвострава.

Арышт

Я — «вораг народа» ў трэцім пакаленні. Мой дзед быў з Закарпацця, якое пасля грамадзянскай вайны адышло да Чэхаславакіі. Дзед скончыў Пражскі ўніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю і пісаў доктарскую, прыехаў ў 1937 годзе ў Ялту, пазнаёміўся з маёй бабуляй, закахаўся, вырашыў дзеля яе застацца ў СССР.

Аднойчы да яго прыехаў сябра. Дзядуля прыйшоў на сустрэчу з ім у гасцініцу, а калі выходзіў — яго арыштавалі. І пасля некалькіх месяцаў у турме расстралялі.

У сакавіку 2014 наша сям'я — мой бацька Малаў Генадзь Паўлавіч, я, Ільчанка Юрый Генадзевіч, і мая мама Ільчанка Ірына Леанідаўна — стала першай у Севастопалі, хто афіцыйна адмовіўся ад расійскага пашпарта.

Як свядомыя грамадзяне Украіны, мы лічылі сваім абавязкам узяць удзел у галасаванні на ўкраінскіх выбарах, таму выязджалі з акупаванага паўвострава галасаваць у Херсонскую вобласць.

Я меў на цэнтральнай вуліцы Севастопаля ўласныя курсы, дзе выкладалася больш за 10 моў (у тым ліку ўкраінская, крымскататарская, турэцкая, польская, англійская і г.д.) і амаль усе школьныя прадметы (былі курсы ад падрыхтоўкі да школы да падрыхтоўкі да ўніверсітэта, дзе выкладалі ў тым ліку ўніверсітэцкія выкладчыкі).

Быў актыўным карэспандэнтам у блогу і сацсетках. Таксама я звяртаўся да людзей праз інтэрнэт як на сваіх старонках «ВК» і «Фэйсбуку», так і старонках многіх патрыятычных украінскіх супольнасцяў са сваімі думкамі, патрыятычнымі вершамі (як у пісьмовым выглядзе, так і ў выглядзе відэа, запісанага ў офісе на фоне ўкраінскага сцяга), і петыцыямі — у прыватнасці аб прызнанні Меджліса адзіным легальным органам улады ў Крыме, аб поўнай блакадзе Крыма і аб пакаранні здраднікаў…

24 жніўня 2014 я выступіў у жывым эфіры спадарожнікавага тэлеканала «БТБ» на фоне нашага сцяга і тых, хто сабраўся адсвяткаваць у маім офісе Дзень Незалежнасці. Выступ быў супраць акупацыі.

25 жніўня 2014 у мой офіс прыйшлі супрацоўнікі ФСБ і ЦПЭ (Цэнтр процідзеяння экстрэмізму). Сказалі, што прыйшлі «пагаварыць» са мной, пыталіся пра маё стаўленне да Пуціна, пра тое, чаму я не ўзяў расійскі пашпарт. А перад тым, як сысці, папярэдзілі пра «недапушчальнасць ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці».

2 ліпеня 2015 у 7:00 раніцы ў севастопальскай кватэры па вул. Кастрамской, 12, кв. 12, дзе я жыў з бацькамі, патэлефанавалі і пачалі крычаць: «Адчыніце! Паліцыя!»

Бацька адчыніў дзверы. Я яшчэ быў у ложку і прачнуўся ад гэтага званка і крыкаў. У кватэру ўварвалася прыкладна дзесяць чалавек. Некалькі чалавек у цывільным паведамілі мне пра тое, што супраць мяне распачата крымінальная справа па артыкуле 282 (распальванне міжнацыянальнай варожасці) па антырасейскім паведамленні ў інтэрнэце, і паказалі ордар на ператрус, які павінен быў адбыцца ў нашай кватэры.

Затым яны — тыя, хто праводзіў ператрус у мяне дома, — сказалі, што я мушу паехаць з імі ў мой офіс, у якім таксама правялі ператрус.

Дапытвалі мяне ў кабінетах Севастопальскага ІЧУ. Там мне сказалі, што мой лёс ужо вырашаны і я ў любым выпадку буду сядзець 10—20 гадоў дзесьці ў Магадане, але ў мяне ёсць шанец сядзець добра і як мага менш: не 20, а 10 і ў значна лепшых умовах. Для гэтага я мушу падпісаць «яўку з павіннай», дамову аб супрацоўніцтве, распавесці ўсё пра сваю дзейнасць і падпісаць яшчэ кучу ўсяго на сябе — напрыклад, тое, што я з'яўляюся каардынатарам «Правага сектара» ў Севастопалі, а лепш ва ўсім Крыме, або што хацеў падарваць помнікі Леніна і г.д.

Я адмовіўся што-кольвек падпісваць і настойваў на тым, каб аб маім арышце паведамілі ў найбліжэйшае ўкраінскае консульства ў Растове-на-Доне.

28 ліпеня 2016 ФСБ прыдумала мне яшчэ адзін артыкул — на гэты раз 280-ы (публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці) за перапост са старонкі Дзмітрыя Яраша.

Турма

Я знаходзіўся ў Севастопальскім ізалятары часовага ўтрымання і ў сімферопальскім следчым ізалятары ў перыяд з 2 ліпеня 2015 па 2 чэрвеня 2016 года.

Адносіны паміж сукамернікамі і работнікамі турмы

Пераважна білі ў турме па нырках, рэбрах, галаве, а таксама ў сківіцу для таго, каб не заставалася сінякоў. У асноўным гэта рабілі сукамернікі, якім абяцалі за гэта — як яны самі прызналіся, калі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення — меншы тэрмін зняволення або ўмоўна датэрміновае вызваленне.

Пры гэтым мяне з першага ж дня заключэння сукамернікі агітавалі прыняць расійскае грамадзянства, кажучы, што гэта зменіць стаўленне да мяне і аблегчыць маё становішча тым, што я атрымаю меншы тэрмін. Ці ўвогуле, калі супрацоўнічаць з ФСБ і пашанцуе — атрымаю волю.

Апошні «сматрачы», галоўны ў камеры сярод зняволеных, адразу, як зайшоў, сказаў мне, што калі б я быў у Расіі, то быў бы яго найлепшым сябрам, а так ён зладзіць мне «сапраўднае турэмнае жыццё».

Да мяне сярод усіх сукамернікаў ставіліся найгорш. Звярталіся да мяне пераважна: «жывёла», «Бандэра» (я не лічыў за абразу, таму што для мяне Сцяпан Бандэра — гэта нацыянальны герой, але яны ўкладвалі ў гэтае слова негатыўны сэнс), «хахол».

Казалі пастаянна, што я ніхто і нішто. Спрабавалі прымушаць рабіць брудную працу, прыборку, а калі адмаўляўся — білі. Хоць, у прынцыпе, гэта было несправядліва нават па іх крымінальных паняццях, паколькі папярэдне яны казалі, што за палітычныя погляды ў турме не караюць. Сукамернікі пастаянна выказвалі пагрозы аб згвалтаванні і розных сэксуальных дамагальніцтвах, якія, на шчасце, не рэалізавалі.

Калі ў камеру заходзілі старыя зняволеныя, людзі з інваліднасцю, то мне загадвалі іх біць. Я адмаўляўся гэта рабіць — тады білі мяне. Я ні разу нікога не ўдарыў.

Пастаянна спрабавалі зрабіць з мяне «ізгоя» (па крымінальных паняццях) і тым самым прынізіць мяне. Напрыклад, калі збіраліся разам піць гарбату — часам не падпускалі да сябе, казалі: «Чаго табе тут трэба? Бандэра, ідзі адсюль!». Ежу заўсёды я быў вымушаны браць асобна ад іх.

Часам абражалі і супрацоўнікі турмы, пераважна ў вуснай форме, гэтак жа як і сукамернікі.

Не аказвалі медыцынскай дапамогі. Я тры месяцы штодня пісаў заявы з просьбай выклікаць мяне на прыём да дэрматолага, пакуль мяне нарэшце туды не выклікалі. Часта на выклік доктара супрацоўнікі СІЗА казалі: «У нас няма хворых, у нас ёсць ці жывыя, ці мёртвыя».

Умовы ўтрымання і катаванні

Камеры былі перапоўненыя. Я нават не меў свайго ўласнага спальнага месца. Спалі мы па чарзе. Часам даводзілася спаць на падлозе.

Коўдру выдалі праз 10 месяцаў пасля заключэння. Уласны камплект спальнай бялізны за 11 месяцаў так і не выдалі. А кубак, лыжку і талерку выдалі праз 9 месяцаў пасля таго, як я «заехаў» у турму. Пры гэтым лыжка была зламаная.

Па некалькі месяцаў не давалі магчымасці перадаць мне патрэбныя лекі.

24 гадзіны ў суткі прымушалі спаць пры яркім святле, якое ніколі не выключалася, прычым я спаў на верхніх нарах, і лямпачка была на адлегласці за некалькі дзясяткаў сантыметраў ад мяне. Пастаянна гучна працаваў тэлевізар.

Часам зусім пазбаўлялі сну. Напрыклад, казалі, каб я надзеў георгіеўскую стужку на 9 траўня, а калі адмовіўся, сказалі: «Для цябе няма спальнага месца» — і не давалі спаць 4 сутак. Прымушалі стаяць або, калі ўжо не мог стаяць, сядзець на зэдліку. Калі пачынаў засыпаць — білі.

Калі я быў амаль без прытомнасці з-за нізкага ціску, супрацоўнікі спецслужбаў скублі мяне і білі да сінякоў, кажучы, што я сімулюю. Хоць, калі прыехала хуткая, мяне забралі ў шпіталь і рабілі ўколы (гэта адбывалася ў Севастопальскім ізалятары часовага ўтрымання).

Супрацоўнікі спецслужбаў прымусілі лекара напісаць даведку, што гэта была сімуляцыя. Гэтак жа, як у першы дзень утрымання, калі рабіліся медыцынскія даведкі з лякарні, псіханеўралагічнага дыспансера і г.д. — супрацоўнікі спецслужбаў дыктавалі дактарам, што пісаць. Калі праводзілася медыка-псіхалагічная экспертыза, ніхто не праводзіў прадугледжаныя ёй тэсты, хоць іх «правядзенне» было адлюстравана ў высновах экспертызы.

Падчас майго этапавання мяне наўмысна шмат гадзін трымалі ў так званай «кішцы» — калідоры ў склепе, дзе падлога была заліта вадой, а часам не працавала адзіная лямпачка. Там збіралася да 80—100 чалавек, было вельмі душна, і нават калі камусьці рабілася дрэнна і людзі страчвалі прытомнасць, трэба было гадзінамі грукаць у дзверы, каб прыйшоў лекар.

Гэтак жа доўга трымалі ў так званых «боксіках» — невялікіх пакоях, дзе таксама набівалася шмат людзей, якія чакалі ператрусу перад выездам і пасля прыезду ў СІЗА.

Сустрэчы з роднымі і іншымі палітвязнямі

За 11 месяцаў майго знаходжання ў следчым ізалятары я меў толькі адну сустрэчу з бацькамі, якая праводзілася праз краты і шкло. Мы павінны размаўляць з дапамогай прыбора, падобнага на тэлефон — але ён не працаваў, таму я амаль не чуў таго, што казалі бацькі, а яны не чулі мяне.

Перашкаджалі зносінам з маімі прыватнымі адвакатамі. Напрыклад, адвакат мог чакаць раніцы да вечара — і не атрымаць дазволу сустрэцца са мной у СІЗА.

Палітычных зняволеных спрабавалі раскідваць па розных камерах. Толькі ў канцы майго знаходжання ў нашу камеру кінулі Арсэна Джапарава, якога абвінавачвалі ў тым, што ён быў членам забароненай у РФ арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр».

Таксама заўсёды ў маёй памяці застанецца Рустэм Ваітаў з групы Руслана Зейтулаева і, вядома, сам Руслан (усе па справе «Хізб ут-Тахрыр» — аўт.). З Рустэмам мы праводзілі ў гутарках доўгія ночы ў Севастопальскім ІЧУ, чакаючы судовыя пасяджэнні і падчас азнаямлення са справамі.

З Русланам і Ахтэмам Чыйгозам я бачыўся толькі ў турме падчас шматгадзінных чаканняў этапаў і падчас вываду ў следчыя кабінеты.

Паціснуць ім руку я лічыў за гонар для сябе — а цяпер малюся аб тым, каб нам удалося паціснуць адзін аднаму рукі і на волі.

Карцар

У карцары ўмовы былі яшчэ горшыя — падвальнае памяшканне, па якім бегалі пацукі. Аднойчы мяне там трымалі 5 сутак. Не давалі спаць з 6-й раніцы да 10 вечара, прычым сядзець таксама не было дзе, таму што спальнае месца а 6-й раніцы прыбіралася, і гэтая нара прымацоўвалася да сцяны. Гэтыя 16 гадзін трэба было або хадзіць, або сядзець на халодным бетоне.

У карцар патрапіў не па сваёй віне, а з прычыны прымусу з боку сукамернікаў узяць на сябе віну іншага чалавека. Напрыклад, падкідвалі забароненыя ў турме прадметы.

Медыцынская дапамога пры неабходнасці не аказвалася. Лекар сказаў, што трэба штодня мыцца і змяняць бялізну, а ў нас часам па 2,5 месяца не было лазні і па 3 месяцы не мянялася бялізна.

Харчаванне

Харчаванне было вельмі дрэнным і мела салодкi пах, сняданак і вячэру наогул не давалі. Першае, што давалі на абед, елі толькі пасля таго, як дадавалі туды што-небудзь з таго, што нам перадавалі «па свабодзе» і кіпяцілі. Другая страва ў выглядзе зліплай макароны была толькі два разы на тыдзень і лічылася ў турме за свята. Астатнія дні давалі неядомую недавараную кашу.

Вада таксама была вельмі нізкай якасці, пастаянна смярдзела хлоркай, таму нам даводзілася яе кіпяціць. Калі кіпяцільнік ламаўся і мы яго перамотвалі — то каго-небудзь з камеры кідалі ў карцар, калі гэты кіпяцільнік знаходзілі.

На перадачы існавалі бессэнсоўныя абмежаванні. Напрыклад, нельга было перадаваць цукар-пясок, алей, нічога прыгатаванага дома — усё павінна быць толькі набытае ў краме. Забаронена перадаваць яйкі, садавіну, гародніну, мясныя вырабы. Забароны доўжыліся па некалькі месяцаў.

Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце

Білі за тое, што размаўляў на ўкраінскай і крымскататарскай мовах. Прымушалі казаць толькі на рускай мове.

Забаранялі размаўляць любымі замежнымі мовамі. Забаранялі чытаць кнігі. Але я гэта рабіў: прачытаў са слоўнікам крымскататарскія казкі, работы Канстанціна Сіманава і польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча.

Кантакт са спецслужбамі

У суд мяне вадзілі ў кайданках. Пагражалі, што застрэляць, калі нахілюся або зраблю крок управа ці ўлева. Кожную раніцу праводзілася пераклічка ў прысутнасці хоць бы адной нямецкай аўчаркі. Пастаянна, дзень і ноч, кожныя некалькі хвілін гулі сірэны.

Супрацоўнікі ФСБ падчас выклікаў на допыт па 40—50 хвілін распавядалі мне, як трэба з мяне здзеквацца, калі я не напішу ўсё, што ад мяне патрабуюць.

Падчас допытаў заўсёды прысутнічалі мінімум два супрацоўнікі спецслужбаў. Пагражалі згвалтаваннем і рознымі сэксуальнымі вычварэннямі.

Уцёкі з Крыма

Суд і перавод пад хатні арышт

2-га чэрвеня 2016 я меў разгляд апеляцыйнай скаргі (на чарговы пераарышт) у расейскім акупацыйным «Севастопальскім гарадзкім судзе», які праводзіўся праз Skype.

Такіх разглядаў у мяне ўжо было шмат, і надзей на змяненне меры стрымання амаль не было.

Калі суддзя абвяшчаў сваё рашэнне і зрабіў паўзу пасля слоў: «апеляцыйную скаргу па справе Ільчанкі Юрыя Генадзьевіча…» — я падумаў, што зноў пачую: «Пакінуць без задавальнення».

Але суддзя пасля паўзы сказаў: «Задаволіць!»

Мы былі ў шоку і нічога не адказалі, але, вядома, былі вельмі шчаслівымі.

Пасля гэтага суддзя распавёў мне мае абавязкі і абмежаванні адносна знаходжання пад хатнім арыштам. Увечары таго ж дня двое паліцэйскіх адвезлі мяне з сімферопальскага следчага ізалятара дадому.

Перад заездам дадому ў аддзяленні севастопальскай акупацыйнай паліцыі я падпісаў паперы, якія сведчылі маё знаёмства з правіламі знаходжання пад хатнім арыштам і анкетныя дадзеныя мае і маіх сваякоў.

Абмежаванні былі наступныя: не выходзіць за межы кватэры, не карыстацца тэлефоннай (як стацыянарнай, так і мабільнай) сувяззю, інтэрнэтам, мець зносіны з кім-небудзь, акрамя бацькоў, асабліва са сведкамі, якія праходзяць у маёй справе. Таксама мне было забаронена дасылаць і атрымліваць любыя паштовыя адпраўленні і тэлеграмы.

Супрацоўнік паліцыі распавядаў, што нават для зносін з адвакатам я павінен атрымаць яго згоду, што было незаконна.

Першую ноч на прыступках каля дзвярэй маёй кватэры вартаваў супрацоўнік ЦПЭ Севастопаля Максім Навасельцаў. А ў двары дадаткова стаяла машына з двума супрацоўнікамі спецслужбаў.

Таксама я бачыў, як ноччу яны ўсталёўвалі на дрэвах камеры відэаназірання. На наступную раніцу, 3 чэрвеня, да мяне прыехалі супрацоўнікі паліцыі і прычапілі да маёй нагі спецыяльны бранзалет, а таксама пакінулі ў кватэры абсталяванне да яго. Гэтыя ўсе прылады, па іх словах, павінны былі сачыць за тым, каб я не выходзіў за межы кватэры.

Першыя некалькі дзён пасля гэтага ў двары пяціпавярховага дома, дзе я жыў з бацькамі, пастаянна дзяжурылі мінімум двое супрацоўнікаў спецслужбаў.

Затым яшчэ пару дзён да мяне прыязджалі з праверкамі.

Падрыхтоўка да ўцёкаў

Паліцэйскія мне неаднаразова намякалі, што хоць хатні арышт у мяне заканчваецца 25-га чэрвеня, мяне могуць зноў арыштаваць у любы дзень.

У мяне было прадчуванне, што мяне неўзабаве зноў арыштуюць.

Уцёкі

Я вырашыў бегчы ў палове на трэцюю ночы 11 чэрвеня.

Выйшаў з кватэры, надзеўшы бацькаву куртку і ўзяўшы мамін кіёк, таму што мама кульгае. Калі я прайшоў камеры відэаназірання, то скінуў з сябе бацькаву куртку, выкінуў у кусты кіёк і зрэзаў бранзалет нажамі, якія я прыхапіў дома.

Аўтастопам даехаў да Бахчысарая. Я выклікаў з чужога тэлефона таксі, давезлі мяне да Сімферопальскага аўтавакзала. Наступнай машынай я даехаў да Армянска.

Перасячэнне мяжы

Калі я дабраўся да мяжы, то ўбачыў з аднаго яго боку поле, а з другога — нешта накшталт сцяны з, на першы погляд, непраходнымі зараснікамі.

З тэлебачання я ведаў, што з абодвух бакоў ёсць міны і расцяжкі.

Але выбару ў мяне не было. Лепш смерць, чым зноў зняволенне ў расійскай турме.

Я вырашыў узлезці на гэтую сцяну. Зараснікі на самай справе былі амаль непраходныя. Усюды былі калючкі, нацягнуты калючы дрот. Адзін раз я ледзь не трапіў у нейкую выкапаную яму.

Калі я злез з гэтай сцяны, то быў упэўнены, што ўжо дайшоў да сваіх. Аднак зноў убачыў рускага салдата. Але гэта аказаўся апошні расійскі вайсковец, стаяў ужо пасля пункта пропуску, дзесьці на адлегласці за некалькі метраў ад першага нашага вайскоўца.

Ён звярнуўся да мяне на расейскай мове і спытаў нешта аб пашпарце. Я спалохаўся і пабег у бок нашага памежніка.

Дабегшы да ўкраінскага вайскоўца, я крыкнуў яму нешта накшталт: «Ратуйце, спыніце яго!» — таму што чуў, што расійскі памежнік пабег за мной, працягваў бегчы па кірунку да ўкраінскага прапускнога пункта.

Я паспеў дабегчы да ўкраінскай ПП. Там я аддаў на праверку пашпарт, а таксама паказаў дакументы ФСБ, якія сведчылі, што супраць мяне была заведзена крымінальная справа, і даведку, якая пацвярджае маё 11-месячнае знаходжанне ў расійскай акупацыйнай турме.

Яна паклікала кагосьці галоўнага, як яна яго назвала; я ім назваў, і мяне прапусцілі далей.

Выгляд у мяне быў далёка не лепшы: увесь скрываўлены, у падранай вопратцы і знясілены.

Але тады болю я не адчуваў.

Прыезд у Львоў

Я адразу планаваў ехаць у Львоў, таму што вельмі люблю гэты горад, але грошай у мяне хапіла толькі на квіток у Нікалаеў. Там я ўспомніў, што раней у мяне была картка «Прыватбанка», на якой заставалася некалькі сотняў грыўняў.

Такім чынам, накіраваўся ў аддзяленне «Прыватбанка», дзе выдаткаваў больш за шэсць гадзін на аднаўленне карткі, але здолеў набыць квіток на цягнік да Львова, які выязджаў на наступны дзень.

У Львове мне ўжо дапамаглі з грашыма, ежай, жыллём, медыцынскай рэабілітацыяй і афармленнем усіх неабходных дакументаў.

* * *

Некалькі дзён таму «Крым SOS» дапамог выехаць з Крыма бацькам Юрыя Ільчанкі.

— Нарэшце тут можна свабодна гаварыць, не баючыся і пастаянна не азіраючыся! — такімі словамі нас сустрэў у Новааляксееўцы Херсонскай вобласці Генадзь Паўлавіч, тата Юрыя, які разам са сваёй жонкай Ірынай, інвалідам першай групы з дыягназам «хвароба Альцгеймера», могуць адчуваць сябе ў бяспецы.

Так у Юрыя Ільчанкі і яго бацькоў пачалася новая старонка жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?