Помнік плянавалася ўсталяваць на гадавіну гібелі Алеся Чаркашына, які загінуў у Данбасе ў жніўні летась. Але сустаршыня БХД Павал Севярынец паведаміў, што неабходная сума яшчэ не сабрана.

Ужо амаль год ідзе збор ахвяраваньняў на помнік беларусу Алесю Чаркашыну, які загінуў у Данбасе. Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, у якой Чаркашын некалі быў старшынём берасьцейскай гарадзкой арганізацыі, паведаміў Свабодзе, што сродкаў на помнік усё яшчэ не хапае.

Яшчэ ў чэрвені Павал Севярынец расказаў, што сабрана прыблізна тры чвэрці сумы на тое, каб зрабіць помнік і застрахаваць ад вандалізму. 

33-гадовы беларус, былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу Правага сэктару пад пазыўным «Тарас». 10 жніўня 2015 году ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай у Данбасе і памер у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы.

Ён быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны». Яму, ягонаму ўкраінскаму пабраціму Віталю Ціліжэнку, а таксама беларусу Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве ўсталяваны мэмарыяльны знак. Таксама беларусам, загінулым у канфлікце на Данбасе, прысьвечаны мэмарыяльны сайт, у Віцебску ў памяць аб іх сябры БХД высадзілі дрэвы.

Алесь Чаркашын пахаваны ў Берасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?