Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—ліпені знізіўся на 2,7% і, паводле звестак БелаПАН, склаў 52,6 млрд. дэнамінаваных рублёў.

Варта адзначыць, што ў студзені—ліпені многія макраэканамічныя паказчыкі, якія ўплываюць на дынаміку ВУП, заставаліся ў адмоўнай зоне.

Так, аб'ём прамысловай вытворчасці склаў 45,1 млрд. рублёў і скараціўся на 2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года. Інвестыцыі ў асноўны капітал за сем месяцаў склалі 9,2 млрд. рублёў і скараціліся на 20,6% у параўнанні з такім жа леташнім паказчыкам. Аб'ём жыллёвага будаўніцтва склаў 2,4 млн. квадратных метраў, зменшыўшыся амаль на чвэрць. Аб'ёмы рознічнага і аптовага тавараабароту таксама апынуліся больш нізка, чым летась. Так, рознічны тавараабарот у студзені—ліпені склаў 20,5 млрд. рублёў і знізіўся на 2,2%, аптовы тавараабарот склаўся на ўзроўні 37,8 млрд. рублёў і зменшыўся на 8,2% у параўнанні са студзенем—ліпенем 2015 года.

Рост паказчыкаў у студзені—ліпені быў зафіксаваны толькі ў сельскай гаспадарцы. За справаздачны перыяд выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый уласнасці склаў 6,2 млрд. рублёў і павялічыўся на 4,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Як паведамлялася раней, у другім квартале 2016 года ў Беларусі назіралася паступовае скарачэнне глыбіні эканамічнага спаду. Так, калі ў першым квартале 2016 года валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 3,7%, то паводле вынікаў першага паўгоддзя — на 2,5%.

Разглядаючы 9 жніўня вынікі працы эканомікі за першае паўгоддзе, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заяўляў, што ў краіне назіраецца «аднаўленне эканамічнага росту». Афіцыйны прагноз, які раней зацвердзілі беларускія ўлады, прадугледжвае, што эканоміка выйдзе сёлета з рэцэсіі і рост ВУП складзе 0,3%.

Між тым міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія выступаюць крэдыторамі Беларусі, прагназуюць, што рэцэсія ў краіне ў 2016 годзе захаваецца. Міжнародны валютны фонд чакае, што ВУП Беларусі ў 2016-м скароціцца на 3%, Еўразійскі банк развіцця прагназуе, што эканамічны спад у краіне складзе 1,9%.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?