Раніцай 17 жніўня ў кватэру Наталлі, якая разам з мужам пераехала ў беларускую сталіцу з Кіева, «завіталі» людзі, якія прадставіліся міліцыянтамі. Аднак мінскае УУС адмаўляе, што мае да гэтага дачыненне.

Па словах жанчыны спачатку ёй пазванілі ў дамафон, паведамілі, што «гэта міліцыя».

«Я кажу ў слухаўку, што адкрываць не буду, бо дома адна, і чую, што ён не адзін. Прашу паказаць у камеру дакументы: «Я патэлефаную ў міліцыю і ўдакладню, ці вы гэта». Не паспела дагаварыць, як некалькі ног выбівалі тоўстыя браніраваныя дзверы. Суседзі пусцілі іх у тамбур, дом элітны, яны вельмі хваляваліся, калі хтосьці не закрываў тамбур: відэаназіранне, кватэры па $ 300—400 тыс., насупраць Палац Незалежнасці. Я папрасіла іх агучыць прычыны такіх паводзінаў, але міліцыя працягвала. Я ўжо праз дрыжачыя вусны прасіла іх удакладніць прычыну.

Ілюстратыўнае фота (крыніца - zamokzamkov.ru)

Іх было трое. Мяне выштурхнулі і зайшлі. Я паспела патэлефанаваць мужу, пакуль яны ламалі дзверы.

Добра, што паспела. Потым мне не далі нават у рукі ўзяць тэлефон. Селі за стол і пачалі пісаць. Я не супакойвалася і патрабавала назваць прычыны, агучвала свае грамадзянскія правы, патрабавала паказаць дакументы бліжэй, бо дрэнна бачу. Яны пачалі нешта пісаць, папрасілі апрануцца, я адмовілася, бо не давяраю ім і суседзям таксама, таму не пакіну іх адных, - падзялілася гісторыяй у сваім Фэйсбуку Наталля. - Я ўзяла тэлефон і сказала, што пазваню ў міліцыю, уключу гучную сувязь, але мяне ізалявалі ад тэлефона і сказалі: «Позна, усё ўжо, дзяўчына, позна». Яны афармлялі ператрус, казалі, што справа расследавалася даўно, што гэта восем гадоў. Я ўжо пачала крычаць, каб хтосьці тэлефанаваў у міліцыю. Маўляў, я не дам вам нічога рабіць, пакуль не прыедзе Жэня (муж), юрыст, хтосьці з консульства ці гаспадар кватэры. Калі сказала, што без прад'яўлення абвінавачвання яны не могуць здзяйсняць ніякія дзеянні ў маёй кватэры, яны сказалі: «Мы цяпер надзенем на вас кайданкі, калі будзеце супраціўляцца».

Але той, хто афармляў ператрус, сказаў: «Стоп, які Жэня? Хто тут жыве?».

Далей яны вырашылі паказаць раздрукаванае фота злачынцы. Я сказала, што не ведаю, хто гэта. Гэта была памылка, а яны ж нават не папрасілі дакументы.

Прыехаў муж, пагутарыў з імі. Сыходзячы, яны сказалі: «Просім прабачэння. Мы так ставіліся да вас, бо думалі, што вы — злачынца».

Па інфармацыі Наталлі да яе «завітаў» АБЭЗ па справе звязанай з падаткамі. Аднак, у УУС Мінска паведамілі, што да міліцыі «госці» дачынення не маюць.

— Гэта былі не супрацоўнікі міліцыі, — сказаў «Нашай Ніве» прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. — Мы ўжо гаварылі з гэтай жанчынай. Праверка па гэтым выпадку працягваецца. Пакуль магу сказаць толькі тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў па гэтым адрасе не выязджалі».

Пазней Наталля паведаміла, што да яе прыязджаў начальнік крымінальнай міліцыі горада. І выбачыўся.

— Да мяне асабіста прыехаў начальнік крымінальнай міліцыі Мінска і следчы, задаў пытанні. Некалькі разоў папрасіў прабачэння і сказаў: «Вы прыехалі ў прававую краіну, дзе такое проста так не пакінуць».

Нагадаем, зусім нядаўна адбылася падобная гісторыя: сілавікі штурмавалі кватэру мінскага ўрача-педыятра, якога пераблыталі з эксгібіцыяністам. У адрозненне ад Наталлі, мужчына правёў ноч за кратамі і выбачэнні яму так ніхто і не прынёс.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?