Былы дэпутат парламента, член АГП Сяргей Скрабец пачаў «ірваць шаблоны» з самага пачатку выступу:

— Больш за ўсё хлусяць перад выбарамі, перад сэксам і пасля рыбалкі. Тэлегледачы, напэўна, думаюць: вось яшчэ адзін «прыгажун» будзе нам локшыну вешаць на вушы, як добра мы зажывем, калі яго абярэм. Лепш за ўсё паабяцаць кожнай бабе — па мужыку, а кожнаму мужыку — па бабе. Ну і вядома, кожнаму, хто за мяне прагаласуе, - чарку, скварку, іншамарку. Але гэтага дабра ў большасці нашых грамадзян і без таго хапае.

Скрабец распавёў, што яму 53 гады і ў яго трое дзяцей.

— Лёс мяне не песціў, былі ўзлёты, але былі і балючыя падзення.

Ён распавёў, як быў арыштаваны на паўтара года пасля свайго дэпутацкага тэрміну (з 2000 па 2004 год).

- Калі кажуць, што ў нас кожнага дэпутата пасля заканчэння тэрміну ўладкуюць на працу, гэта не зусім праўда. Я ўжо 12 гадоў не магу ўладкавацца на працу, хоць маю дзве вышэйшыя адукацыі: інжынер і юрыст. У лютым гэтага года я змог уладкавацца за 150 рублёў даглядаць інваліда. Але тыдзень таму ён, на жаль, памёр, і я застаўся без працы. А я ж магу прыносіць карысць радзіме. Дайце мне самы адсталы калгас і праз два гады я яго выведу ў людзі, абяцаю.

Парламент павінен стаць месцам аб'яднання нацыянальных элітаў, лічыць Скрабец. Ён заклікаў пенсіянераў не прыходзіць на датэрміновае галасаванне, а «адарваць свае задніцы ад канапы» на паўгадзіны ў нядзелю і прагаласаваць «за каго заўгодна, важна, каб гэта быў жывы чалавек».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?