Бетонна-металічная канструкцыя на будынку рэактара першага энергаблока закрые ўсё патэнцыйна небяспечнае абсталяванне аб'екта. Нічога падобнага не было ні ў Чарнобылі, ні на Фукусіме, распавёў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС.

Мантаж купала ўнутранай ахоўнай абалонкі рэактара. Фота аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС

Мантаж купала ўнутранай ахоўнай абалонкі рэактара. Фота аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС

— Абалонка таўшчынёй 1,2 метра ствараецца з бетону і арматуры. Плюс да гэтага ўсё па коле сціскаецца сталёвымі трасамі. Атрымліваецца суцэльны герметычны бетонна-металічны кокан, — патлумачыў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд.

Унутраная ахоўная абалонка павінна абараніць ад наступстваў магчымай аварыі або няштатнай сітуацыі на станцыі — канструкцыя затрымае выхад радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Калі будаўнікі завершаць працы над унутранай ахоўнай абалонкай, пачнуць будаваць і вонкавую.

— Яна мусіць абараніць сам рэактар ад непажаданых знешніх уздзеянняў: выбуху, урагану, падзення самалёта, землятрусу, — распавёў прадстаўнік БелАЭС.

На сумна вядомых АЭС у Чарнобылі і Фукусіме спецыяльных ахоўных збудаванняў не было.

Да 10 верасня на Беларускай АЭС правядуць стрэс-тэсты і даведаюцца, як станцыя павядзе сябе ў выпадку землятрусу, затаплення, анамальных умоў надвор'я і іншых няштатных сітуацый. Акрамя расійскага «Атампраекта», які выйграў тэндар, на выпрабаванні абяцаюць запрасіць і еўрапейцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?