У сярэдзіне ліпеня беларускія і міжнародныя сайты абляцеў фотаздымак, як двое маладзёнаў раніцай займаюцца сэксам на вуліцы Скрыпнікава ў Сухараве.

Літаральна праз пару дзён прадстаўнікі ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што ніякага сэксу ў мінскім мікрараёне не было.

«Ва УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска па гэтым факце была прызначаная праверка, падчас якой высветлілася, што здымак не мае дачынення да Фрунзенскага раёна Мінска. Па словах аўтара публікацыі, фатаграфія проста была ўзятая з сеткі інтэрнэт. Паходжанне здымка невядомае», — гаворылася ў паведамленні.

Аднак праз месяц справа нечакана атрымала працяг. 12 жніўня на тэлеканале «Беларусь-1» быў паказаны рэпартаж пра затрыманне ўдзельнікаў публічнага сэксу. Было паведамлена, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу па артыкуле 339 «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў».

Супрацоўнік ГУБАЗіК паведаміў, што ўдзельнікамі інцыдэнту сталі 17-гадовая дзяўчына і 19-гадовы хлопец. Апошні таксама з’яўляецца футбольным фанатам. Былі прадэманстраваныя кадры з яго кватэры з мноствам налепак і вымпелаў мінскага «Дынама».

Хлопец быў затрыманы, а ягоную кватэру ператрэслі.

Звяртае ўвагу, што яшчэ задоўга да матэрыяла на «Беларусь-1» з’явілася публікацыя на суполцы левай моладзі «Наша справа». І ў ёй таксама гаварылася, што ўдзельнікамі публічнага сэксу стаў фанат мінскага «Дынама», прыводзяцца таксама некалькі ягоных здымкаў.

На прыведзеных фотаздымках ён у тым самым адзенні, што быў падчас палавога акта — у знакамітым «Найку».

Па нашай інфармацыі, фігурант крымінальнай справы адпушчаны з-пад варты, але крымінальная справа яшчэ не спыненая.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», фігуранты справы пасля вечарынкі з алкаголем мілаваліся на кватэры сваяка. Але той прыйшоў з начной змены і выправіў каханкаў упрочкі. Яны не знайшлі нічога лепшага, як працягнуць любімую справу на тратуары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?