Свята толькі пачыналася, а жыццё ў Верхнім горадзе ўжо бурліла. Хто галоўны герой урачыстасці, было зразумела адразу: такой колькасці блакітна-жоўтых стужак, абручоў з кветкамі ў валасах дзяўчат і вышыванак Мінск даўно не бачыў.

— Малайцы! Малайцы! Дзякуй вам! — гучней за ўсіх апладзіраваў выступоўцам дзядуля, што разам з яшчэ некалькімі сотнямі гледачоў захапляўся ўкраінскай музыкай, якая гучала з галоўнай сцэны ля Ратушы.

Былі тут як украінцы, так і беларусы, якія традыцыйна ў выходныя прыходзяць у Верхні горад адпачываць.

Драматург Максім Клімковіч і рэдактар Павел Якубовіч. Фота Таццяны Грачанікавай.

Драматург Максім Клімковіч і рэдактар Павел Якубовіч. Фота Таццяны Грачанікавай.

— Цудоўна, што цяпер штосуботу тут ладзяць канцэрты, — распавядае Юлія.

— Чаго дома сядзець? Няма чаго там рабіць, — кажа муж Юліі Валянцін.

Яны прыйшлі ўтраіх, з сынам Валянцінам. Хоць і беларусы, але ж усё адно цікава далучыцца да святкавання.

— Ведаеце, на якіх інструментах музыкі на сцэне іграюць? — пытаюся ў іх.

— Гэта кобза, — адказвае мне жанчына, што таксама побач назірае за тым, што адбываецца на сцэне. І не дзіўна, што яна ведае. — Я сама з Адэсы. Бацька ваеннаслужачы, у 79-м годзе яго перавялі ў Беларусь. Тут і засталіся, ужо абраслі каранямі. Сваякі засталіся ва Украіне. Цяпер штогод мы ездзім да іх летам, а яны да нас, у Беларусь, зімой на Новы год.

Ларыса Казмерчук адпачывае ў Верхнім горадзе разам з мужам Аляксандрам, расіянінам. Яна дзякуе за гэтае цудоўнае ўкраінскае свята. Жанчына кажа, што калісьці добра размаўляла па-ўкраінску, а цяпер ужо мову крыху падзабыла. Што памятае выдатна дагэтуль, дык гэта басню Крылова са школьнай праграмы. І ў пацверджанне сваіх словаў тут жа дэкламуе:

«У спеку до струмка зайшло Ягня напитись;
І треба ж тут біді лучитись,
Що поблизу тих місць голодний Вовк бродив…»

Тут жа побач прыгожая маладая пара ў вышыванцы.

— Хоць мы і беларусы, душа наша на малой Радзіме, — прызнаецца Вольга Пасько, якая сёння ў Верхнім горадзе з мужам Віталём. — Бацькі з цэнтральнай Украіны, пераехалі ў савецкія часы. Мы тут адвучыліся і засталіся. Прафесіі ў нас творчыя. Бацькі музыканты, а мы — настаўнікі. Сённяшняе свята — падзея знакавая. Не памятаю, каб штосьці падобнае ладзілі раней. Па-мойму, такога свята яшчэ не было. Тым больш, напярэдадні Дня незалежнасці Украіны яно вельмі сімвалічнае. Баліць за тое, што там адбываецца. Думаю, падтрымка цяпер надзвычай важная, у тым ліку і ў такім выглядзе.

Віталь і Вольга.

Віталь і Вольга.

Ля сцэны да выступу рыхтуецца народны ансамбль «Вербічанка» з Веткі, што ў Гомельскай вобласці. Галіна Дзядкова — карэнная веткаўчанка. Надзея Сахарук пераехала ў Беларусь з Крыма. Тамара Войнава — з вёскі Казацкія Балсуны, якая ў даўніну адносілася да Украінскай Народнай Рэспублікі.

Усіх іх аб’яднала кіраўнік калектыву ўкраінка Наталля Якса.

— Што б ні адбывалася ў палітыцы, усё адно народы Беларусі, Украіны, Расіі блізкія, — кажа Наталля. — Мы спяваем адны і тыя ж песні. У нас адзіная культура, мы павінны сябраваць. Праз тое, што вырашаюць наверсе, пакутуюць людзі і культура.

Каля плошчы паўсюль стаялі палаткі з украінскай кухняй. Пад гэтую марку пайшлі і звычайныя блінцы ці шашлыкі. Але былі і больш цікавыя прапановы: «Салом з хлебам», «Бандэрынкі з мясам».

Не абышлося і без славутага баршчу. Запіваць усё можна было нацыянальным напіткам з яблык «Узварам». Чэргі, вядома, бясконцыя, але дачакацца і адведаць сяго-таго ўсё ж было рэальна.

— Мы сёння елі варэнікі, — кажа Ала і паказвае на дачку Соню, якая якраз распраўляецца з апошнім. Тут жа і Юры, кіраўнік сям’і. Ён нарадзіўся ў Беларусі, але сам украінец. Ала, наадварот, беларуска, але 20 гадоў пражыла ва Украіне. Пытаюся ў іх, што ж лічыцца нацыянальнымі ўкраінскімі стравамі.

— Боршч з пампушкамі, дзеруны, бануш — кукурузная крупа з белымі грыбамі, сырам і смятанай, — тлумачыць Юры. — Флякі — гатуецца з каровіных страўнікаў.

Юры, Ала і Соня.

Юры, Ала і Соня.

У чатыры, калі канцэртная частка скончылася, працягвалася звычайнае выходнае жыццё.

Хтосьці браў удзел у гульнях, што зладзілі непадалёк, хтосьці расслабляўся ў кавярнях побач. А каля 17 гадзін на той жа сцэне, дзе ўдзень гучала ўкраінская музыка, зайграла класіка.

У наступную суботу, 27 жніўня, на хачапуры і чахахбілі мінчан запрашае грузінская дыяспара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?