Прэса, асабліва замежная, працягвае знаходзіць сякеру пад лавай. Намер беларускіх уладаў улучыць ў Цэнтарвыбаркам колькі там апазыцыянэраў з дарадчым голасам называюць ні многа ні мала сэнсацыяй.

Эмоцыі аглядальнікаў-нэафітаў сьведчаць як мінімум пра дзьве рэчы.

Па-першае, Менску ўдалося-такі гэтай дэклярацыяй пусьціць пыл у вочы.

Па-другое, удзел прадстаўнікоў апазыцыі ў дзейнасьці ЦВК падчас парлямэнцкай кампаніі 2004 году аказаўся такім малавыніковым і нерэзанансавым, што пра гэты прэцэдэнт, лічы, усе забыліся. Ня толькі шараговая публіка, але і бальшыня назіральнікаў :)

Між тым тады, у 2004-м, у склад ЦВК з правам дарадчага голасу былі ўлучаныя прадстаўнікі шэрагу партыяў, у тым ліку БНФ, АГП, БСДГ (Народная Грамада)... У паседжаньнях пад кіраўніцтвам спн. Ярмошынай бралі ўдзел такія даволі вядомыя фігуры з альтэрнатыўнага лягеру, як Пліска, Нісьцюк, Бяляцкі. Аднак іхнія філіпікі, як няцяжка было прадбачыць, аказаліся гарохам аб сьценку.

"Амаль што гарохам аб сьценку, — удакладніў у размове са мной Алесь Бяляцкі. — Нейкі мінімальны эфэкт быў. З намі мусілі пагаджацца, калі мы паказвалі на відавочныя парушэньні заканадаўства. Усё ж там юрысты… Удалося, напрыклад, адстаяць некаторых несправядліва "зрэзаных" кандыдатаў".

Карацей, рэзюмуе суразмоўца, сэнс удзельнічаць быў: гэта ўсё ж неяк напружвала, дысцыплінавала тых, хто прымаў рашэньні. Хаця — вы ж самі разумееце: ЦВК фізічна ня лічыць бюлетэні, а мае справу ўжо з той арытмэтыкай "элегантных перамогаў", што сьцякаецца з акругаў.

Цяжка спадзявацца, што "дубаль два" акажацца болей плённым у сэнсе ўзьдзеяньня на вынікі кампаніі. І ўсё ж апазыцыі варта ўкліноўвацца ў любую шчыліну ўладнае піраміды. Чакаць, пакуль дазволяць змагацца за ўладу па джэнтльмэнскіх правілах, можна да скону веку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?