Блізкі да ўкраінскіх спецслужбаў праект «Міратворац» учора апублікаваў анкеты людзей, якія хацелі стаць баевікамі г.зв. ДНР. 

Для гэтага трэба было запоўніць фармуляр на сайце сепаратыстаў, які складаўся з графаў «краіна, горад, ініцыялы, кантакты, чым магу дапамагчы». Агулам там больш за 4000 прозвішчаў.

У злітай «Міратворцам» базе прыкладна два дзясяткі беларусаў, з некаторымі з іх звязалася «Наша Ніва». 

Прапануем вашай увазе вытрымкі з анкетаў нашых суайчыннікаў і іхнія тлумачэнні таго, як прыватныя звесткі аказаліся ў руках вярбоўшчыкаў «Наваросіі». 

Першым з беларусаў у спісе ідзе Сяргей Шырокі з Бабруйска. У графе «чым магу дапамагчы» ён піша: «Стать в строй и пока живой мочить укропов!». 

Па ўказаным у анкеце нумары слухаўку падняў той жа ж самы чалавек, што яе запаўняў. Сяргей не стаў адмаўляць таго, што збіраўся ехаць на Данбас. 

Сяргей Шырокі. Фота з «Аднакласнікаў». 

Сяргей Шырокі. Фота з «Аднакласнікаў». 

«Я не даехаў, — сказаў нам Сяргей, — Але матывы былі. Першы з іх — калісьці мой дзед ваяваў з фашыстамі, а цяпер яны зноў там ходзяць…».

Пра «фашыстаў» мужчына даведаўся з расійскіх каналаў, так ён сказаў. А паездка не ўдалася з прычыны «недахопу сродкаў».

Сваёй прафесіяй Сяргей назваў «навядзенне парадку ў Беларусі», пры гэтым не ўдакладніўшы, маецца на ўвазе — міліцыя ці дворнікі.

Зрэшты, міліцыянты ў спісе ёсць і без гэтага, напрыклад, мазырскі маёр Віктар Казак. 

«Старшыня разведроты ПДВ СССР, маёр міліцыі Беларусі», — напісаў Віктар пра сябе ў анкеце.

Фота з «Аднакласнікаў»

Фота з «Аднакласнікаў»

Як стала вядома «Нашай Ніве», такі супрацоўнік сапраўды служыў у Мазырскім РАУС, але не працуе там ужо пяць гадоў. 

Што прывяло маёра на сайт баевікоў? 

«Гэта жарт, — сказаў ён. — Ехаць я не збіраўся, вы што, смеяцеся? Гэта ж турма. Гэта ў п’янай кампаніі пажартавалі проста».

У такім жа ж духу быў адказ і некага Васіля Шумілкіна з Віцебска, які абазначыў сваю матывацыю ў анкеце проста «хачу ўступіць у шэрагі апалчэнцаў».

«Не, не, не, можа па памылцы набраў неяк, я не ведаю. Я нікуды не збіраюся, я ў Віцебску», — сказаў Васіль.

Фота з «Аднакласнікаў».

Фота з «Аднакласнікаў».

Сваё стаўленне да ідэй г.зв. «Наваросіі» ён не захацеў абмяркоўваць па тэлефоне.

Яшчэ адзін патэнцыйны тэрарыст падпісаўся як А.М.Сідарэвіч з Мар'інай Горкі. 

«Старшы-стралок-наводчык, сержант. Узрост 45. Навыкі выжывання ў паўночных шыротах, пераадольванне водных перашкод, турыст, будаўнік. НЕНАВІДЖУ ФАШЫСТАЎ!!!! У мяне сваякі з Украіны», — так напісаў пра сябе Сідарэвіч.

Але ў размове з журналістам «Нашай Нівы» мужчына сказаў, што за гэты час перагледзеў свае погляды і больш нікуды не збіраецца. 

«Быў час, я астыў трохі. На пачатку вельмі балюча ўспрыняў навіны з Украіны, я думаю, такому ўспрыманню агрэсіўнае тэлебачанне паспрыяла і інтэрнэт — чаго там толькі не напішуць. Ды ў сям'і былі непаладкі… А цяпер неяк усё наладзілася і я ўжо інакш гляджу на сітуацыю», — сказаў А.М.Сідарэвіч.

Сяргей Паўлаў жыве ў Мінску і Стоўбцах, мае бізнэс па грузаперавозках. Ён скончыў Стаўрапальскае вайскова-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і штурманаў. Яму 49 гадоў. «Гатовы быць на вашым баку», — напісана ў матывацыі Паўлава.

Фота з «Аднакласнікаў».

Фота з «Аднакласнікаў».

Мужчына рашуча адмаўляе, што некуды адпраўляў свае звесткі.

«Нічога я не адпраўляў нікуды. Няхай яна абсярэцца, украінская разведка.

Падтрымліваю «ДНР», «ЛНР», канечне! Не, я, мусіць, буду падтрымліваць кіеўскую хунту, рабіць мне больш няма чаго», — на гэтым Паўлаў абяцае падаць у суд, калі яго прозвішча будзе згаданае, а пасля кідае слухаўку.

Антон Пікун родам з Свіслачы кажа, што ў кожнага медаля ёсць два бакі. «Я падтрымліваю і «ДНР», і Украіну. Мне проста шкада людзей. Я не збіраўся ехаць ваяваць, я што, смяротнік? Я жыць хачу!»

Праз нейкі час Антон Пікун прызнаецца, што ўсё ж адпраўляў зварот. «Нешта такое было 2 гады таму. Хацеў паглядзець, як працуе гэтая сістэма. Было цікава проста, але мне ніхто не адказваў».

Фота з «УКантакце».

Фота з «УКантакце».

Пасля спадар Пікун стаў цікавіцца, ці будзе яму ўскладнены выезд ва Украіну і іншыя краіны і ці зацікавяцца ім спецслужбы.

«За гэтыя два гады ў мяне ў жыцці шмат што памянялася, памяняўся мой светапогляд. Я цяпер разглядаю той канфлікт як проста дзіцячы садок», — кажа Антон Пікун.

«Малодшы лейтэнант запасу. Досвед разведвальна-дыверсійнай працы ў Карабаху. Фізічная форма — здавальняючая для маіх гадоў. Гатовы дапамагчы», — піша 56-гадовы мінчук Ігар Хаткоўскі. Як высветлілася з размовы, Хаткоўскі ў свой час служыў у ГРУ.

Фота з «УКантакце». 

Фота з «УКантакце». 

«Я нікуды не пісаў. Мае дадзеныя адкрытыя ў Аднакласніках, Укантакце. Мне ж ужо 57 гадоў, досвед нейкі маю, можа, нехта з украінцаў мяне памятае. Не, я нікуды не збіраюся. Цяпер на фронце людзі майго веку доўга не жывуць, доўга жывуць тыя, хто добра бегае. А куды мне з маім жыватом?

У мяне няма сімпатый ні да ўкраінцаў, ні да «ДНР», іх справы, няхай разбіраюцца. У мяне куча знаёмых у спецструктурах, таму я не здзіўлены, што дадзеныя трапілі.

Два гады таму я перапісваўся з цэлым шэрагам людзей, якія занялі актыўную пазіцыю, яны цікавіліся, клікалі мяне. Спрабавалі раіцца. Але я кажу, што раіць на дыстанцыі бессэнсоўна.

Нават тут у Мінску ў мяне быў калега на працы — былы амапавец расійскі. Мы разам адпрацавалі месяцы два, а потым ён знік. Праз нейкі час пісаў мне ў інтэрнэце Віця, што ён быў у Марыупалі. Даваў мне дадзеныя адной дамы цікавай, якая мяне клікала ў Марыупаль. Але я цяпер сяджу ў Беларусі, у Мінску, можаце прыходзіць у госці, папіць кавы».

Цяпер Ігар Хаткоўскі ўдзельнічае ў пошуках зніклых людзей разам з добраахвотнікамі Чырвонага крыжа. Ён аўтар кнігі «Родам з разведкі».

Падобна да таго, што гэты спіс зусім не фэйкавы. І прыведзеныя размовы з беларусамі пацвярджаюць, што выпадковых людзей там фактычна няма. Больш за тое, адзін з узгаданых у спісе беларусаў — Андрэй Грышуцін — усё ж паехаў ваяваць на Данбас, дзе «служыць» снайперам і перадае відэа-вітанні Лукашэнку.

«Былы снайпер спецназа МУС РБ», — так апісваў сябе Грышуцін у анкеце на сайце баевікоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?