22.08.2016 / 20:16

Вядоўца са сцэны: Здзейснілася прадказанне газеты «Наша Ніва», зробленае ў 1910 годзе! 14

«Прыйдзе час, калі памяць пра Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх! І гэтая сённяшняя ўрачыстасць — сведчанне таму! Памяць пра Ігната Буйніцкага — дарагая для ўсіх!»

Мітынг ля помніка на магіле Ігната Буйніцкага ў цэнтры Празарок.

У Празароках (Глыбоцкі раён) прайшло свята ў гонар 155-х угодкаў з дня нараджэння заснавальніка прафесійнага беларускага тэатру Ігната Буйніцкага.

Калі аўтару гэтых радкоў прапанавалі скласці кампанію — паехаць у Празарокі на ўрачыстасць, то было прадчуванне нейкага масавага мерапрыемства, ва ўсялякім разе, калі не дзяржаўнага маштабу, то хоць абласнога. Усё ж — 155! А прыехалі — пусты прыкасцельны пляц! Праўда, з дзясятак камерсантаў, са сваімі гандлёвымі намётамі, дзіцячымі атракцыёнамі ўсё ж было.

Пакуль усё пачнецца, завітаў у краму «Дукат», што на прыкасцельным пляцы — набыць напою, бо спёка.

— Не бачу ў вашай вёсцы свята! Усё ж — юбілей! ­— кажу прадаўцу, якая ў пустой краме глядзела на мяне пажадліва, — хоць бы нешта купіў.

— Усе на бульбе! Ды й для каго свята? Адны састарэлыя пенсіянеры! Усе Празарокі — дзесьці 300 чалавек…

— А ваш «Дукат» — дзяржаўная ці прыватная крама? 

— Дзяржаўная! Тут жа побач «Талер» — прыватная. Дык рашылі, каб была «канкурэнцыя», назвалі нашую «Дукат»! — тлумачыць прадавец.

Першае ўражанне, як сталася, было памылковае. Увесь народ прысутнічаў на імшы ў касцёле, пры гэтым, як мне сказалі, у ксяндза і дзень народзінаў.

Пасля касцёла — за два дзясяткі крокаў — народ перайшоў у Дом культуры.

Магу назваць колькасць людзей, якая прысутнічала, з дакладнасцю 99%. 132 — столькі месцаў у зале, плюс з дзясятак людзей, якія стаялі ў праходах. То бок, як для вёскі (ой, аграгарадка) — вялікае свята!

Прывітальнае слова ад кіраўніцтва раёна прамовіла Таццяна Малатоўнік, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Згадаўшы пры гэтым, што Глыбоччына — радзіма дзясяткаў выбітных людзей, якія пакінулі свoй важкі след у гісторыі Беларусі. Нагадала, што Глыбоччына ёсць радзімай і для Вацлава Ластоўскага, палітыка, гісторыка, літаратара, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, грамадска-культурнага дзеяча, архітэктара, дыпламата.

Стала ўжо добрай традыцыяй — глыбоцкія чыноўнікі не цураюцца на сцэне роднай мовы.

На сцэне выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дамоў культуры Глыбоцкага раёна, а таксама артысты мясцовага Дома культуры, якія прадэманстравалі танцы і праспявалі любімыя беларускія песні Ігната Буйніцкага, што былі ў рэпертуары яго тэатральнай трупы.

Адзінае засмучэнне — перыядычна, раз на 2-3 гады, прыязджаючы ў Празарокі, бачыш, як шыкоўнае і вядомае некалі мястэчка паступова ператвараецца ў непрыкметны аграгарадок.

Паспільвалі векавыя ясені і клёны. Неяк стала пуста і няўтульна. А самае галоўнае, пазносілі шмат цікавых местачковых будынкаў. Гадоў дзесяць таму я прайшоўся ад касцёла па Цэнтральнай вуліцы — кіламетры паўтара — аж да чыгуначнага прыпынку «Палевачы». То ўся вуліца ўяўляла тэатральную сцэнічную пляцоўку часоў Ігната Буйніцкага. Цяпер тут стаяць тыповыя, з белай цэглы, «аграгарадковыя» дамкі. І стала «красіва»!

Дарэчы, у Празароках — 6 вуліцаў і ніводнай савецкай назвы:

Літоўская, Полацкая, Аптэчная, Цэнтральная, Вакзальная, Садовая.

Ускладанне кветак да помніка Ігнату Буйніцкаму.

Урачыстае адкрыццё свята ў празароцкім Доме культуры. Пачынае яго «сам» Ігнат Буйніцкі.

Пан Быкоўскі і паненкі.

«П’яны» Крыніцкі з Альжбэтай прарываюцца на сцэну.

Віталь Воранаў (Глыбокае) узяўся за адраджэнне дударскіх традыцый на Глыбоччыне. Дудар быў і ў трупе Буйніцкага.

Танцы з рэпертуару трупы Ігната Буйніцкага.

Вельмі высокага ўзроўню выступы артыстаў са сталіцы раёна — Глыбокага.

«Дукат» — дзяржаўная крама.

«Талер» — прыватная крама.

Бацяны на крыжы франтона касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (1909).

Амаль нічога не засталося ад старых Празарок часоў Ігната Буйніцкага! Адзінкавыя будынкі. Гэты дом цікавы тым, што складаецца з трох частак: жылой, крамы і склада. Належаў мясцоваму яўрэю-«капіталісту».

Праз Празарокі праходзіць легендарны Альгердаў Шлях — старая дарога з Вільні на Полацк. Захаваўся адрэзак брукаванкі ад Празарок да Зябак. Ніякага руху аўтатранспарту няма, хіба толькі падчас сяўбы і жніва. Раварысты-вандроўнікі Бягомль—Полацк.

Петрапаўлаўская царква (1909) стаіць збоч Альгердава Шляху. Чынны ўдзел у будове царквы ўзяў каталік Ігнат Буйніцкі.

Уладзімір Скрабатун

0
Alien / Адказаць
22.08.2016 / 20:25
У 1910 годзе "Наша ніва" даволі падрабязна асвятляла гастрольны тур "тэатра Ігната Буйніцкага" па гарадах і мястэчках Беларусі. Менавіта пасля вандроўкі ў Полацк з'явіліся адзначаныя ў загалоўку словы, падпісаныя карэспандэнтам Власт: «Вокляскам канца не было: грымела гудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі… Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, a калісь, калі прабудзецца сьвядомасьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх». http://novychas.by/asoba/backa-belaruskaha-teatra
0
Уладзімір Скрабатун / Адказаць
22.08.2016 / 20:57
Alien / адказаць ================== Власт, калі не падводзіць памяць, і ёсць "нік" Вацлава Ластоўскага. Зрэшты, вялікі дзякуй за цытату! Яна мне прыдасца для іншай (газетнай) публікацыі.
0
Казік / Адказаць
22.08.2016 / 21:06
Добры матэрыял. Дзякуй карэспандэнту.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру