Паводле кіраўніка аддзяленьня пасольства Швэцыі, нядаўні эканамічны сэмінар у Стакгольме з удзелам прадстаўнікоў Беларусі наведала вялікая колькасьць швэдзкіх бізнэсоўцаў.

Летась імпарт беларускіх тавараў у Швэцыю склаў каля 165 млн даляраў ЗША (1 млрд швэдзкіх кронаў), паведаміў кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан. У Беларусь швэдзкіх тавараў было завезена на $72 млн. Беларусьсю усё больш цікавіццца швэдзкі бізнэс, што засьведчыў нядаўні эканамічны сэмінар у Стакгольме з удзелам беларусаў. Па словах С. Эрыксана, на сустрэчу прыйшло нечакана больш, чым чакалі, швэдзкіх бізнэсоўцаў.

На беларускім рынку прысутнічае прадукцыя вядомых у сьвеце швэдзкіх карпарацыяў — IKEA, Volvo, Eriksson. Сп. Эрыксан адзначыў таксама, што швэдзкі капітал прысутнічае ў беларускай эканоміцы пры пасярэдніцтве кампаніяў іншых эўрапейскіх краінаў. Усяго, па выніках мінулага году ў Беларусі дзейнічала 12 кампаніяў з удзелам швэдзкага капіталу. Пэрспэктыўным падаецца разьвіцьцё эканамічных стасункаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, а таксама абмен вопытам у сфэры выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, падкрэсьліў кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі.

Нагадаем, што з 21 траўня ў Беларусі адзначаюцца Дні культуры Швэцыі. У рамках фэстывалю адбудзецца прагляд сучаснага швэдзкага кіно, фотавыставы, канцэрты і літаратурныя вечарыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?