4 верасня ў Падляшскай оперы Беластока адбудзецца прэм’ера юбілейнай версіі «Народнага альбома». У інтэрнэце з’явілася першае відэа з рэпетыцый, на якім можна пабачыць аноўлены склад праекта і ўпершыню пачуць урыўкі аноўленых аранжыраванняў.

Юбілейная версія «Народнага альбома» ствараецца з ініцыятывы тэлеканала «Белсат» пры непасрэдным удзеле аўтараў праекта: Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава. У ёй таксама бяруць удзел іншыя вакалісты і музыкі арыгінальнага складу: Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч.

Да іх далучыліся гітарыст Сяргей Канановіч (экс-«Крамбамбуля»), музыкі гурта Apple Tea, струнны квартэт Aquarelle, духавая секцыя пад кіраўніцтвам Пафнуція Кузюкяна (экс-«Ляпіс Трубяцкі») і трыа бэк-вакалістак.

— Я вельмі задаволены, бо праект зараз узбагаціўся фарбамі, на якія раней проста не хапала магчымасцяў: габой, труба, струнныя, клавішныя і шыкоўныя бэк-вакалісткі, — кажа Лявон Вольскі. — Дзякуючы гэтаму зараз з’явіўся такі цікавы кантраст паміж песнямі, якія выконваюць адзін-два чалавекі, і тымі, дзе грае ўвесь ансамбль — атрымліваецца вельмі дынамічна.

Значнае палепшанне чакаецца і па візуальнай частцы праекта, за якую адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і Міхал Анемпадыстаў.

Прэм’ера тэлевізійнай версіі праекта мае адбыцца на тэлеканале «Белсат» і афіцыйным канале YouTube напрыканцы верасня. Квіткі на мерапрыемства можна было атрымаць за слушныя адказы на пытанні пра «Народны альбом» — беларуская квота з 300 квіткоў разыйшлася за 2 гадзіны. Пры гэтым 63% гледачоў не замаўлялі бясплатную візавую падтрымку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0