У ходзе распачатых 24 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска спрэчак па справе былога гендырэктара баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» Канстанціна Шараверы пракурор Раман Бізюк папрасіў прыгаварыць яго да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама канфіскаваць маёмасць.

Шаравера абвінавачваецца ў тым, што браў грошы клуба, неабгрунтавана павысіў сваю зарплату і арганізаваў за кошт клуба банкет у гонар свайго юбілею.

Судовы працэс распачаўся 14 снежня 2015 года. Пазней па хадайніцтве цяперашняга гендырэктара клуба Юрыя Шаколы пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме аж да сённяшняга дня, калі пачаліся спрэчкі.

Па матэрыялах крымінальнай справы, Шаравера браў грошы, якія прызначаліся супрацоўнікам. Афіцыйная і рэальная зарплата істотна адрозніваліся. Як толькі работнік атрымліваў банкаўскую картку, абвінавачаны адбіраў яе разам з пін-кодам. У банкамаце ён здымаў грошы і перадаваў падначаленаму толькі частку налічанай сумы, пра якую яны дамаўляліся раней ў вуснай форме. Акрамя таго, гульцы і трэнеры падпісвалі канфідэнцыйны дагавор да дагавора, аднак суму кантракта Шаравера дапісваў пазней, калі подпіс супрацоўніка ўжо стаяў у дакуменце. Форвард Аляксандр Лашкевіч, напрыклад, у сезоне 2012—2013 недаатрымаў ад клуба 290 млн. рублёў.

Частку заробку перадавалі з рук у рукі ў бухгалтэрыі. У гэтым выпадку рэшту, як адзначана ў абвінавачванні, Канстанцін Шаравера забіраў і выкарыстаў па сваім меркаванні. Гэта тычылася зарплаты як беларускіх гульцоў, так і легіянераў «Цмокаў». Таксама спісваліся сродкі, якія прызначаліся на кампенсацыю харчавання на зборах і трэніроўках. У матэрыялах справы маюцца звесткі больш чым пра 60 эпізодаў злачынных дзеянняў.

Адзначым, што ўласнікам клуба з'яўляецца Мінгарвыканкам, фінансаванне ідзе з бюджэту.

Сам Шаравера віну не прызнаў. У судзе ён патлумачыў, што атрыманыя грошы не прысвойваў, а выкарыстаў на развіццё клуба. Парушэнні бухгалтарскага ўліку патлумачыў недасканаласцю беларускага заканадаўства, асабліва па пытаннях супрацоўніцтва з легіянерамі.

«Тое, што абвінавачаны выкарыстаў грошы на патрэбы клуба, знайшло пацвярджэнне ў ходзе судовага следства, — заявіў пракурор. — Аднак не ў тым аб'ёме, гэта значыць значную частку ён усё ж такі прысвоіў. Да таго ж вышэйпаказаныя выдаткі не былі належным чынам аформленыя ў бухгалтэрыі. За выдаткаваныя грошы Шаравера не даў справаздачу. Гэта значыць, што крадзяжом гэта не з'яўляецца, але шкода клубу нанесеная».

Канстанцін Шаравера быў затрыманы 14 красавіка 2014 года. Незадоўга да гэтага ён адзначыў 60-годдзе. Па матэрыялах крымінальнай справы, банкет з нагоды юбілею праходзіў на базе клуба пад выглядам навучальнага семінара. Пракурор звярнуў увагу, што паколькі госці пілі алкаголь, гэта было забаўляльнае, а не адукацыйнае мерапрыемства. На юбілеі Шараверы, дарэчы, прысутнічаў памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту Максім Рыжанкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?