Фота vk.me

Фота vk.me

Пачынаючы ад «Параноі», Віктар Марціновіч зьмяшчае арэну дзеяньня на апошнім з колаў пекла, каб адтуль, бы з калодзежа, героям было бачна галоўнае — Млечны Шлях, Арыён і Месяц, каб свабода вымяралася «пашчыпваннем марозу ў носе», а шчасьце — «магчымасьцю ісці ў любы бок, на свой густ».

Відаць, адмоўны досьвед, пакуты і страты маюць больш значэньня ня толькі для таго, каб выбудоўваць прыцягальную сюжэтную стратэгію, але ўвогуле для разьвіцьця асобы, для таго, каб нешта важнае зразумець і нешта па-сапраўднаму адчуць.

Аўтар хоча зацягнуць нас у прыдуманы ім апакаліпсіс — да жаху пазнавальны — і нагадвае нам, што жыцьцё — гэта не развагі і не слаёныя пірожныя з масляным крэмам ва ўтульнае кавярні на праспэкце. Калі яно паварочваецца да цябе сваім цёмным бокам, то ператвараецца ў поўны пераадоленьняў і выпрабаваньняў Шлях.

Дзеяньне «Возера Радасьці» адбываецца ў чатырох зусім па-рознаму літаратурна афарбаваных лакацыях: крывадушны Мінск з прыкрай мачахай, з «усебаковым» факультэтам журналістыкі і гратэскным БТ; казачныя Малмыгі з бібліятэкай і музэем — рэчамі ў сабе, з цудоўным дрэвам жаданьняў і жыхарамі, якія існуюць у асаблівым паганска-савецкім часе; сьцюдзёная беспрытульная Масква з індустрыяй выпрацоўкі душэўнага цяпла, якая, як ня дзіўна, аказваецца да Ясі самай прыязнай; а таксама інтэлектуальна-чысьценькая Вільня, што ня згодная бясплатна ратаваць чалавека, які памірае, і адштурхоўвае нашую гераіню.

«Мінскі» эпізод на Беларускім тэлебачаньні са сваім «простым» этэрам у запісе працягвае саркастычны матыў, распачаты ў «Мове». Падобным рэпартажным блокбастэраўскім чынам с захопам людзей скончыцца адна з сюжэтных лініяў. Прыцягальная студэнцкай рамантыкай віленская гісторыя нібыта ўвасабляе сабой другую, жаночую, частку віленскіх старонак «Сьцюдзёнага выраю». Але мне больш за ўсё блізкія мытарствы Ясі ў Малмыгах, якія пераклікаюцца з распачатым у «Сфагнуме» эзатэрычным матывам, і дадаюць яшчэ адзін важкі каменьчык у мур новай беларускай міталёгіі. У тэксце ёсьць даўжэзная цытата з нейкага прафэсара Курапаташкіна, які, спасылаючыся на Яна Баршчэўскага, дасьледуе культ Сьпячай Князёўны, Царыцы Нябеснай і Зямной.

Літаратурны археоляг Марціновіч кожны раз знаходзіць кранальную гісторыю-пэрліну і з дапамогай гіпэртэксту ды «штучна навуковага» падыходу робіць свае знаходкі праўдападобнымі, ствараючы ўражаньне, што ўсё сур’ёзна і насамрэч. Шчыра кажучы, хочацца верыць у створаны міт і не расчароўвацца ў ім ніколі, маўляў, Let it Be.

Дзякуючы сваёй дзвюхмоўнасьці і кранальнаму сюжэту, кніга мае шанец пераадолець вузкае чытацкае кола тактоўных сталічных інтэлектуалаў, і тады можа скласьціся так, што падчас вандроўкі аўтара ў якія-небудзь малмыгі, дзяўчыны закідаюць яго гнілымі памідорамі, абурыўшыся з той нагоды, што ў рамане ўсе вобразы жывых рэальных жанчын вымаляваныя з нейкай пагардай.

На думку аўтара, архэтыпнай мачыхі-монстра ў якасьці адмоўнага гратэскнага персанажа ў кнізе недастаткова. Малмыжскія знаёмыя Ясі — безнадзейна адсталыя і камічныя аматаркі жоўтага часопіса «Жыцьцё». Бібліятэкарка Аліса, якая марыла адкрыць салон прыгажосьці ў Магілёве, зацяжарыла ад вясковага «крэпенькага агурка»і засталася ў Малмыгах, відаць, назаўсёды. (Мы даведваемся, што з Малмыгаў многія хочуць уцячы, але далёка ня кожнаму гэта ўдаецца). Суседка Валька ня бачыць сабе лепшага лёсу, чым выйсьці замуж за якога-небудзь старшыню райвыканкама. Самай інтэлектуальнай гераіняй Малмыгаў аказваецца «паўнаватая жанчына, якая сорак гадоў таму магла быць выдатнiцай, дваццаць гадоў таму — чыноўнiцай, а цяпер, стамiлася выконваць ролi i ператварылася ў тую, кiм хацела стаць заўжды — проста ў бабулю». Ні ў чым не вінаватай кіраўніцы італьянскай рэстарацыі аўтар прыпісвае псарыяз і статус «нэрвовай бляндынкі». Ён не пакідае ніякага шанцу на «ўратаваньне» калегам Яніны па клюбным цэху ў Маскве — гратэскныя гераіні адваротнага боку маскоўскага гламуру вырачаныя на перакручанае няшчырае існаваньне. Нават галоўная гераіня, якую аўтар настойліва называе каратканогай, упэўненая ў сваёй непрывабнасьці. (Забаўна, што расейскія выдаўцы і рэцэнзенты параўноўваюць Ясю са Скарлет А’Хара. Мне яна больш нагадвае андэрсаўскую дзяўчынку з запалкамі).

Мужчынскія ролі ў рамане выпісаныя больш калярытна і зь веданьнем справы. Некаторым раздадзеныя шматслоўныя высокалітаратурныя рэплікі. Маскоўскі мадэльер Рустэм, які захапляецца комінамі, і ўніверсітэцкі прафэсар Даніэль Бруль, які глыбока перажывае свае раманы, размаўляюць як па пісаным.

Цікава, як складаецца гісторыя з псіхалягічнага пункту гледжаньня. Як дзіцячая траўма кінутай дачкі адлюстроўваецца на досьведзе ўсяго ейнага жыцьця. У дзяўчыны няма ні сям’і, ні сяброў, ні каханых. Яе жыцьцё — гэта дарога, і таму ўсе, з кім яна ўзаемадзейнічае — хутчэй спадарожнікі, якія пакідаюць Ясі кроплю свайго жыцьцёвага досьведу і надзею на тое, што Царыца Нябесная і Зямная, якая шкадуе ўсіх, каго няма каму шкадаваць, і Возера Радасьці існуюць. Вера ў гэтую казку дае ёй магчымасьць рабіць наступны крок па балючым і поўным непераадольных цяжкасьцяў, абсурдным і варожым жыцьці.

Калі прыгледзецца, шлях Ясі да радасьці не такі ўжо і змрочны. У ім нямала жорсткіх падзеяў і пабояў лёсу, якія гераіня, якая прызвычаілася не чакаць ад жыцьця нічога добрага, мужна трывае, парыруючы кароткімі і нечакана вострымі, пазбаўленымі ўсялякай рамантыкі рэплікамі — унутраны маналёг дзяўчыны моцна адрозьніваецца ад таго, што яна прамаўляе. Але ўзамен яна атрымлівае досьвед вандроўніка, сустрэчы з «філёзафамі» і «бадхісатвамі» розных вымярэньняў. І, калі прыгледзецца, жыцьцё Ясі хоць і ня простае, але даволі яскравае і насычанае. Чаго не скажаш пра тых таварышаў, у якіх усё нібыта нармалёва і больш-менш уладкавана. Яны не выклікаюць нічога апроч пачуцьця суму і нават агіды. Іх лёс прэсны і вызначаны, яны змушаюць нас пазяхаць і хутчэй перагортваць старонкі.

І ўсё ж мы ўвесь час спадзяемся на цуд. Магчыма, эміграцыя? Магчыма, каханьне? Ці ратаваньне мацярынствам, асабістае перараджэньне падчас нараджэньня дзіцяці ад каханага чалавека, ад адзінай сьветлай гісторыі, больш падобнай да летуценьня, у гэтай глыбока трагічнай і беспрасьветнай біяграфіі… Але ізноў не. Усё супраць таго, каб Ясі было проста добра. Яна застаецца іншаплянэтніцай, месяцовай дзяўчынкай да канца.

Але, хто ведае, мабыць, дзякуючы гэтай гіпертрафаванай катастрофе, шмат хто з нас адчуе катарсіс. Пэўна, Яся і зараз блукае недзе сярод нас, нібыта цень. Пазнайце яе і падарыце крыху цяпла сваёй усьмешкі.

P.S. Напiсаўшы ўсё гэта, я iзноў бяруся за кнiгу, гартаю, прыгадваючы цiкавыя падрабязнасьцi, трапляючы на безьлiч сiнхранiзацыяў i адкрыцьцяў, разумеючы, што пра галоўнае я не напiсала, што самае цiкавае не пазначыла i не падкрэслiла. Немагчыма распавесьцi гiсторыю гэтай кнiгi на дзвюх старонках, i гэта добра, таму што аўтар напiсаў трыста i паклапацiўся пра пераклад, каб як мага больш людзей даведалiся пра тое, што

жыцьцё — гэта не слаёны торцiк у кавярнi на праспекце, жыцьцё — гэта падарожжа да Возера Радасьцi, у iснаваньне якога нам усiм хацелася б верыць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?