24.08.2016 / 22:07

Кандыдат ад БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі дамогся публікацыі ў «Вячэрнім Брэсце» сваёй перадвыбарнай праграмы

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі дамогся публікацыі ў рэгіянальнай газеце «Вячэрні Брэст» сваёй перадвыбарнай праграмы.

Як паведаміў Маслоўскі, яна без якіх-небудзь змяненняў надрукаваная ў нумары газеты, які выйшаў 24 жніўня.

Раней «Вячэрнi Брэст» адмовіўся публікаваць яго перадвыбарную праграму. Падставай стаў заклік да выбаршчыкаў не падтрымліваць кандыдатаў ад улады.

У прыватнасці, у праграме кандыдата гаворыцца: «Не падтрымлівайце на выбарах урачоў, ваенных і іншых добрых людзей — яны кандыдаты ад улады. Усе яны добрыя людзі, пакуль на сваім месцы, але ўсе яны залежныя ад начальства і ператвараюцца ў «дрэнных» дэпутатаў! Гэтыя «добрыя» людзі галасуюць за тое, што ім скажуць. Менавіта з іх маўклівай згоды павысілі пенсійны ўзрост, пазбавілі стажу тых, хто служыў у арміі, быў у дэкрэтным адпачынку, вучыўся ва ўніверсітэце і г.д. Менавіта яны падтрымалі падатак на беспрацоўных і нічога не зрабілі для стварэння новых працоўных месцаў».

З адказу, падпісанага выканаўцай абавязкаў рэдактара газеты, вынікала, што гэта «можа быць расцэнена як абраза ў адрас людзей розных прафесій». Кандыдату было прапанавана змяніць фармулёўку.

«Пісьмовую адмову мы атрымалі 16 жніўня. На наступны дзень я звярнуўся з вуснай скаргай у акруговую выбарчую камісію, дзе зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, — сказаў Маслоўскі. — Праз два дні мне патэлефанавалі і запэўнілі, што праграма будзе апублікаваная так, як я яе напісаў».

На думку Маслоўскага, газета перастрахавалася.

«У СМІ, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца дзяржструктуры, уладу не крытыкуюць. Але я лічу, такая крытыка павінна быць нормай, каб улада ведала меркаванне сваіх апанентаў, а галоўнае, адэкватна на яго рэагавала», — заявіў палітык.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ў Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру