Суд Першамайскага раёна Мінска 25 жніўня аштрафаваў актывіста Паўла Вінаградава на 40 базавых велічынь (810 рублёў) па арт. 23.34 КоАП (парушэнне арганізацыі і правядзення вулічнага мерапрыемства).

Нагадаем, акцыю правяла 26 чэрвеня ў Мінску маладзёжная ініцыятыва «Zмена». На мосце перад уездам у горад з брэсцкай трасы была вывешаная гірлянда з 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а на прыпынках па вуліцы Уманская каля ГЦ «Глоба» і на прыпынку па вуліцы Раманаўская Слабада — сцягі і плакаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам «Дзякуй за нагляд». Такім чынам «Zмена» адрэагавала на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска ўстанавіў над Вінаградавым паўгадавы прэвентыўны нагляд.

Як паведаміў Вінаградаў, сёння яго павінны былі судзіць яшчэ і па арт. 23.5 КоАП (абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў), аднак у выніку пратакол адправілі на дапрацоўку. «Пасля суда мне патэлефанавалі з міліцыі, сказалі, што будуць перакваліфікаваць справу на арт. 17.1 КоАП (хуліганства). Цяпер я міліцыянераў абражаць не буду. Хутчэй за ўсё, буду выказваць непавагу да грамадства», — сказаў ён.

Прэвентыўны нагляд над Вінаградавым мінае 14 верасня.

Пасля падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года Вінаградаў быў арыштаваны і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. 14 верасня 2011 года маладзёжны актывіст выйшаў на свабоду згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні, але за ім устанавілі прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Затым прэвентыўны нагляд быў прадоўжаны яшчэ на паўгода ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці.

Прэвентыўны нагляд з Вінаградава быў зняты 2 лістапада 2015 года, пасля чаго актывіст быў пастаўлены на ўлік у Маскоўскім РУУС. Аднак 7 ліпеня гэтага года суд Маскоўскага раёна Мінска зноў устанавіў прэвентыўны нагляд у дачыненні да актывіста ў сувязі з наяўнасцю ў яго некалькіх адміністрацыйных пратаколаў за ўдзел у вулічных акцыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?