АЭС «Krško»

Славенія часова спыніла адзіную ў краіне атамную электрастанцыю «Кршка» («Krško») ў сувязі з уцечкай у сыстэме ахалоджваньня, паведамляе Франс‑прэс. Эўрапейская камісія ў Брусэлі выпусьціла экстранае папярэджаньне пра магчымую радыяцыйную пагрозу.

«Уцечка холадагенту адбылася ў сыстэме першага контуру атамнай электрастанцыі «Кршка» на паўднёвым захадзе Славеніі, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве мясцовых уладаў. — Цяпер на АЭС праходзяць падрыхтоўчыя работы для бясьпечнай працэдуры закрыцьця».

Як заявіла прэсавая сакратарка афіцыйнага прадстаўніка Славеніі ў ЭЗ Майя Касьянсік, інцыдэнт не ўяўляе небясьпекі для супрацоўнікаў АЭС і жыхароў ваколіцаў. Паводле ейных слоў, гаворка ідзе толькі пра ўцечку ахаладжальнага, але не радыеактыўнага рэчыва.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла прасавая сакратарка АЭС «Кршка» Іда Новак, па словах якой аварыя на станцыі не нанесьла шкоды вакольнаму асяродзьдзю. Цяпер на АЭС працуюць экспэрты, якія павінны зрабіць аналіз паломкі й распрацаваць схему для ейнай ліквідацыі.

«Пакуль мы ня можам прадказаць, колькі нам спатрэбіцца часу й як доўга мы будзем зачынены, — патлумачыла яна. — Для пачатку мы павінны дакладна выявіць месца ўцечкі й зразумець, як даць ёй рады».

Тым часам адміністрацыя ЭЗ аб’явіла пра запуск сыстэмы тэрміновага радыялягічнага інфармацыйнага абмену, якая дазваляе перадаваць дадзеныя ўсім 27 краінам‑сябрам зьвязу адначасова.

Яна была створана ў 1987 годзе пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з мэтай раньняга апавяшчэньня й абмену дадзенымі ў выпадку радыяцыйнай або атамнай пагрозы. Усе дзяржавы‑сябры Эўрапейскага зьвязу мусяць «з пэўнай частатой» паведамляць камісіі, якія робяцца захады, і якія вынікі радыяцыйных замераў.

Паводле слоў прэсавага сакратара эўракамісара па энэргетыцы Фэрана Тарадэльяса, сыстэма прымяняецца ўвесь час, аднак на ягонай памяці гэта першы выпадак у Брусэлі, калі інцыдэнт атрымаў шырокую агалоску.

У прыватнасьці, сваю незадаволенасьць на адрас Славеніі ўжо выказаў аўстрыйскі міністар па пытаньнях вакольнага асяродзьдзя Джозэф Прол. Ён сьцьвярджае, што славенскія ўлады папярэдзілі ягоных падначаленых не пра ўцечку на АЭС, а толькі пра тое, што на станцыі ўведзены ўзмоцненыя меры бясьпекі ў сувязі з выяўленьнем праблем у сыстэме ахалоджваньня.

«Гэты факт ставіць пад пытаньне надзейнасьць сыстэм аварыйнай трывогі ў Славеніі», — заявіў міністар.

Нямецкі сакратар па пытаньнях вакольнага асяродзьдзя Міхаэль Мюлер аб’явіў пра тое, што фэдэральны ўрад зьвярнуўся да адпаведных структур з просьбай ацаніць сытуацыю. Праўда, пазьней прэс‑сакратар Мюлера Міхаэль Шроэрэн дадаў, што сытуацыя пад кантролем і ў дадзены момант няма ніякіх сьведчаньняў, каб прызнаць інцыдэнт чымсьці сур’ёзным.

Аднак сябра міжнароднай арганізацыі Greenpeace International Ян Бэранэк выразіў сур’ёзныя сумневы ў тым, што сытуацыя, якую сябры ЭЗ прызнаюць гэткай нязначнай, сапраўды не ўяўляе ніякай пагрозы.

«Мы спадзяемся, што ў дачыненьні да гэтага інцыдэнту будзе атрымана незалежная выснова экспэртаў, якая дазволіць упэўніцца ў тым, што ў часе ўцечкі не было ніякіх пабочных выкідаў, — патлумачыў ён. — Аднак гэты інцыдэнт мусіць паслужыць прыкладам для тых, хто, выкарыстоўваючы атамную энэргію, ставіць пад пагрозу жыцьцё сваёй краіны. Тыя, хто зьбіраецца будаваць новыя АЭС, павінны задумацца над гэтым і адмовіцца ад ядравых тэхналёгій».

АЭС у Кршцы , разьмешчаная на ўсход ад сталіцы Славеніі Любляны, была запушчана ў 1983 годзе, запрацавала зноў у лістападзе 2007 году пасьля рамонту. У выніку работ цягам месяца была ўмацаваная ізаляцыя рэактара й замененыя 53 з 121 паліўнага элемэнта. Апроч таго, было пастаўлена новае абсталяваньне, якое павысіла ўзровень бясьпекі.

Станцыя забясьпечвае каля 20% электраспажываньня ў Славеніі й прыкладна 15% у Харватыі, якая таксама ёсьць уласьнікам прадпрыемства. Мяркуецца, што да 2017 году на АЭС у Кршцы будзе запушчаны другі рэактар.

Дзьмітрый Крывашэеў, «БДГ»

Фота — Nuklearna Elektrarna Krško

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0