Папулярная офісная праграма Microsoft Excel можа быць прычынай сур’ёзных памылак у даследаваннях і навуковых працах генетыкаў, паведамляе BBC. Навукоўцы сцвярджаюць, што праграма аўтаматычна канвертуе назвы некаторых генаў у даты. Напрыклад, ген SEPT2 (Septin 2) пераўтвараецца ў дату «September 2».

У сваю чаргу прадстаўнікі Microsoft адзначылі, што праблема ўзнікае праз няслушныя карыстальніцкія налады. Excel прапаноўвае вялікую колькасць магчымасцяў для правільнага паказу дадзеных, але карыстальнікі часцей за ўсё пакідаюць налады «па змоўчванні».

Навукоўцы, якія звярнулі ўвагу на праблему, паведамілі, што праблема ўзнікае не толькі ў праграме Microsoft Excel, але і ў іншых аналагах (напрыклад, Apache OpenOffice Calc).

Аўстралійскі інстытут Baker IDI прааналізаваў 3597 навуковых работ па генетыцы. Навукоўцы выявілі памылковыя канвертацыі назваў генаў у даты ў 704 работах, што складае каля 20% ад агульнай колькасці.

Эван Бірні, дырэктар Еўрапейскага інстытута біяінфарматыкі, не абвінавачвае Excel: «Мяне расчароўвае тое, што навукоўцы ў сваіх работах спадзяюццца на Excel». Ён адзначыў, што праграму можна выкарыстоўваць толькі для «лёгкага навуковага аналізу» і не болей за тое.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?