26.08.2016 / 19:39

На месца Вадзіма Гігіна ў «Беларускую думку» прыйшоў палкоўнік Аляксандр Самовіч 35

У пачатку лютага сёлета галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін быў прызначаны дэканам філасофскага факультэта БДУ. Паўгода часопіс існаваў без галоўнага рэдактара. Толькі напрыканцы лета «Беларускую думку» ўзначаліў Аляксандр Самовіч.

Фота з ok.ru.

Аляксандру Самовічу 44 гады, ён нарадзіўся і жыве ў Мінску. Скончыў Мінскае сувораўскае вучылішча, Гуманітарную акадэмію Узброеных сілаў у Маскве, а таксама Беларускую вайсковую акадэмію. Доктар гістарычных навук. Звяртае ўвагу, што абараняўся Самовіч у Расіі, а не ў Беларусі. Тэма ягонай дысертацыі: «Дзейнасць Расійскай дзяржавы ў адносінах да замежных ваеннапалонных (XIX — пачатак XX ст.)».

З вучобай у Самовіча была дастаткова пакручастая гісторыя. Ён вучыўся ў ваенна-марскім вучылішчы, але пасля трох курсаў напісаў рапарт аб пераводзе ў Львоўскі вайсковы інстытут на факультэт культурна-асветніцкай работы. Аднак не давучыўся і там, сканчваў вучобу ў Гуманітарнай акадэміі ў Маскве.

Аляксандр Самовіч (злева) і Барыс Ельцын. Фота з ok.ru.

Пасля сканчэння вучобы Самовіч стаў першым афіцэрам у аддзеле геральдыкі і вайсковай сімволікі пры Генеральным штабе Расійскай Федэрацыі. Фактычна галоўным вайсковым геральдыстам Расіі. І гэта ў свае 24 гады! Ёсць здымак, дзе малады старлей Самовіч дакладвае прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну аб распрацоўцы вайскова-геральдычных знакаў.

Менавіта па эскізах Аляксандра Самовіча была створаная форма для расійскага Прэзідэнцкага палка.

Пасля вяртання ў Беларусь на працу ў Мінскае сувораўскае вучылішча Самовічу дапамог уладкавацца тагачасны кіраўнік КДК Анатоль Тозік.

У Беларусі Самовіч працягнуў працу па стварэнні геральдычных сімвалаў для Узброеных сілаў, а таксама іншых сілавых ведамстваў. Варта адзначыць, што ў асноўным яны беларускамоўныя.

Самовіч працаваў сакратаром-намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Армія». Працуе выкладчыкам у Вайсковай акадэміі, а таксама ў БДУ. З’яўляецца членам геральдычнай рады пры прэзідэнце. Быў дырэктарам Нацыянальнага архіва Беларусі.

У лістападзе 2013 года палкоўнік Самовіч быў узнагароджаны Лукашэнкам медалём «За бездакорную службу» І ступені.

Як гісторык, Самовіч займаецца тэмамі Першай сусветнай вайны, войны Расійскай імперыі ў ХІХ стагоддзі, ваеннапалонных.

Фота з ok.ru.

Таксама Самовіч з’яўляецца калекцыянерам, у яго прыватных зборах звыш 1000 фотаздымкаў дарэвалюцыйнай пары. У інтэрв’ю «Камсамолцы» Самовіч са скрухай адзначаў, што пасля прыходу бальшавікоў вялікая колькасць фатаграфій беларусаў апынулася ў Маскве, як «рэчдокі».

У свой час таксама Самовіч запомніўся тым, калі са скрухай адзначаў, што ордэн Францішка Скарыны, «любімы і паважаны ў народзе, асабліва сярод інтэлігенцыі», ў своеасаблівых дзяржаўных ранжырах займае апошняе месца сярод беларускіх узнагарод.

«Дзяўчынка з Палесся». Карціна Алеся Самовіча.

Апроч усяго гэтага Аляксандр Самовіч з’яўляецца членам Саюза беларускіх дызайнераў. Спрабуе сябе як мастак. Адметна, што свае карціны ён падпісвае «Алесь Самовіч».

«Беларуская думка» — грамадска-палітычны і навукова-папулярны часопіс Адміністрацыі прэзідэнта. У 2007 годзе ўвайшоў у склад БелТА.

Зміцер Панкавец

0
Кадравік Палікарпыч / Адказаць
26.08.2016 / 19:57
З выкладзеных фактаў ясна адно: чалавек адукаваны, таленавіты і паспяховы. Яго сувораўскае і маскоўска-расійскае мінулае прымушае, аднак, сумнявацца, у якой ступені гэты чалавек беларус. Ну час пакажа.
0
Марамой / Адказаць
26.08.2016 / 20:05
Здаецца мне, што гэта сасланЫ казачок.
0
Адидас Бульба / Адказаць
26.08.2016 / 20:07
можа, з назвы часопiса пара прыбраць першыя 4 лiтары?
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру