Упершыню ў Гомелі пройдзе міжнародны форум ананімных алкаголікаў. Мерапрыемства, прысвечанае шасцігоддзю ўтварэння руху ў Гомелі, плануецца правесці 3—4 верасня. Яго ўдзельнікамі будуць людзі з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі і іншых дзяржаў. Такія сустрэчы дазваляюць атрымаць новыя веды і вопыт, вырашыць шматлікія праблемы, адчуць адзінства членаў руху, паведамілі арганізатары.

У Гомелі пярвічная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў» была зарэгістраваная ў снежні 2010 года. У горадзе праходзяць сходы дзвюх груп ананімных алкаголікаў, а таксама групы Ал-Анон (для членаў сем'яў алкаголікаў). На гэты момант у Беларусі ў гарадах, пасёлках і вёсках дзейнічаюць 80 груп АА, якія наведваюць больш за дзве тысячы чалавек. У свеце каля чатырох мільёнаў чалавек выздараўліваюць дзякуючы праграме АА, адзначаюць арганізатары форуму.

Ананімныя алкаголікі — гэта садружнасць, што аб'ядноўвае мужчын і жанчын, якія дзеляцца сваім вопытам, сіламі і надзеямі з мэтай дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагалізму, кажуць члены руху. Адзіная ўмова для членства ў АА — гэта жаданне кінуць піць. Члены АА не плацяць ні ўступных, ні членскіх узносаў. Групы самі сябе ўтрымліваюць на ўласныя добраахвотныя ахвяраванні. АА не звязана ні з якой-небудзь сектай, веравызнаннем, палітычным кірункам, арганізацыяй або установай, не ўступае ў палеміку па якіх бы там ні было пытаннях, не падтрымлівае і не выступае супраць чыіх бы там ні было інтарэсаў. Галоўная мэта АА — заставацца цвярозымі і дапамагчы іншым алкаголікам здабыць цвярозасць.

«На жаль, шырокая грамадскасць у Беларусі пакуль практычна не знаёмая з праграмай АА. Дастаткова часта з'яўляюцца памылковыя публікацыі аб АА або узнікаюць ілжывыя тлумачэнні прынцыпаў садружнасці, таму форумы і іншыя падобныя да іх сустрэчы праводзяцца не толькі для саміх алкаголікаў, але і для інфармавання грамадскасці, — кажа гомельскі ананімны алкаголік Ігар. — АА зацікаўлены ў далейшым распаўсюджванні сваіх ідэй. Улічваючы, што алкагалізм з'яўляецца глабальнай праблемай, гэта магло б унесці значны ўклад у выздараўленне грамадства. Дзякуючы праграме АА ўжо сёння сотні грамадзян Беларусі, многія з якіх лічыліся раней безнадзейна хворымі, маюць магчымасць жыць цвярозым паўнавартасным жыццём».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?