Міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да 14 удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця ў Мінску, якое адбылося 25 жніўня і было прысвечана 25-годдзю ўваходжання ў сілу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

«25 жніўня 2016 года ў сталічным парку імя Я.Купалы сабралася група грамадзян, якая калонай прайшла па тратуары да плошчы Незалежнасці. У дачыненні да 14 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных арт. 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні ГУУС Мінгарвыканкама.

Іініцыятарам акцыі выступіла міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Малады фронт». Акцыя пачалася з Купалаўскіх чытанняў у скверы імя Янкі Купалы ля помніка народнаму паэту. Затым каля 70 удзельнікаў акцыі прайшлі святочным шэсцем па праспекце Незалежнасці да аднайменнай плошчы.

Калі ўдзельнікі практычна разышліся, пяцёра невядомых маладых людзей у куртках з нацягнутымі на галовы капюшонамі закідалі удзельнікаў шэсця яйкамі і пабеглі ў бок вуліцы Мяснікова.

Нягледзячы на тое што ў пагоні за імі ўдзельнічала некалькі міліцыянераў, якой-небудзь інфармацыі аб іх затрыманні не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?