Другі фестываль гастранамічнай культуры «Тбілісоба Баржомі» з аншлагам прайшоў у Верхнім горадзе сталіцы ў суботу, 27 жніўня.
Па ўсёй тэрыторыі ўжо культавага для Мінска месца для гасцей былі падрыхтаваныя розныя конкурсы, майстар-класы па грузінскай кулінарыі, песні ды пляскі, фуд-корты з нацыянальнай грузінскай ежай.
Таптанне вінаграду. З натоўпу выкрыкваюць: «Давайце хутчэй, мы ж беларусы!»
Пасля таптання вінаграду дзяўчыны ўзнялі грузінскі сцяг. Людзі ацанілі гэта шквалам апладысментаў.
Арганізатары ўсталявалі спецыяльнае месца, дзе дзеці маглі пакарміць козачак.
На фестывалі панавала сяброўская атмасфера: грузіны прызнаваліся ў любові да беларусаў, беларусы адказвалі тым жа. А пасля разам рабілі сэлфі.
Грузін з Батумі вучыцца ў сталіцы на медыка. Кажа, што вельмі падабаюцца беларусы, а Мінск лічыць вельмі прыгожым горадам. Неаднаразова падзякаваў за такі братэрскі фестываль.
Фестываль сабраў сапраўды вялікую колькасць людзей. І гэта адбілася на чэргах. Негледзячы на тое, што на фестывалі прысутнічала каля дзясятка палатак з ежай, людзям давялося доўга чакаць перад тым, як пакаштаваць якую-небудзь грузінскую страву.
Затое хапала месцаў, дзе можна было паесці ці адпачыць пры жаданні.
Апафеозам фестывалю стаў выступ папулярнага ў Грузіі гурта Kahaberi & Khanums. Людзі спявалі грузінскія, украінскія і беларускія песні ўсе разам. Дарослыя ведалі словы і спявалі, а маладыя падхоплівалі рытм і танчылі.
Ці былі Вы на фестывалі? Якія засталіся ўражанні? Выказвайцеся ў каментарах!