Расейская газэта піша, што беларускія ўлады гатовыя прыняць прапанову Алега Дзерыпаскі пра інтэграцыю Менскага аўтазаводу і расейскага «Ўралу» пры ўмове стварэньня сумеснага прадпрыемства на парытэтных пачатках.

КоммерсантЪ» паведамляе, што бакі мяркуюць стварыць СП пад назовам Міжнародны фінансава‑прамысловы саюз (МФПС). Пасьля акцыянаваньня МАЗу беларускі бок укладзе ў СП 100% уласных акцыяў, а канцэрн «Рускія машыны», што зьяўляецца ўласьнікам «Уралу» — 100% акцый апошняга. У аб’яднанай кампаніі партнэры атрымаюць 40% і 35% акцыяў адпаведна, а рэшту прапануюць міжнароднаму інвэстбанку, які вылучыць сродкі на разьвіцьцё заводаў.

Паводле расейскага выданьня, інфармацыя на абодвух заводах пакуль не камэнтуецца. МФПС, на думку аналітыка «Банка Москвы» Міхаіла Ляміна, ацэньваецца ў $3,5‑3,7 млрд, зь якіх каля $1,5 млрд прыйдзецца на МАЗ і $1‑1,1 млрд на «Урал», а рэшта будзе ўнёскам інвэстбанку.

Нагадаем, што размовы пра магчымы продаж МАЗу актывізаваліся ў траўні, калі ў Менск наведваўся кіраўнік холдынгу «Базавы элемэнт» і ААТ «Рускія машыны» Алег Дзерыпаска. У часе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам вялося пра магчымую каапэрацыю вытворчасьці. У сувязі з тым візытам, недзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра магчымы продаж Менскага аўтазаводу расейскаму алігарху.

Эканамічны экспэрт Аляксандар Алесін выказаў меркаваньне, што Дзерыпаску могуць аддаць 50% акцыяў МАЗу. Пазьней, напярэдадні саміту кіраўнікоў урадаў СНД у Менску, «крыніца ў расейскім урадзе» распаўсюдзіла інфармацыю, што Расея гатовая абмеркаваць новы льготны крэдыт для Беларусі на аплату газу, але ўзамен прапануе падзяліцца з расейскімі інвэстарамі чарговай порцыяй прывабных актываў, на гэты раз — прадпрыемствамі машынабудаваньня.

30 траўня прэм’ер‑міністар Беларусі Сяргей Сідорскі аспрэчыў размовы пра продаж актываў МАЗу. Па яго словах, гаворка вядзецца пра «ўваходжаньне прадпрыемства ў карпаратыўную структуру кампаніі «Рускія машыны», каб актывы МАЗа актыўна працавалі на дзяржаву».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?