Калі мы ўжываем выразы «Беларусь», «беларуская гісторыя», «беларуская мова», нам здаецца, што яны існавалі адвеку.

Нашы людзі і правых, і левых поглядаў схільныя меркаваць, што «Беларусь была, ёсць і будзе». Тым большым шокам для іх можа быць адкрыццё, што сам тэрмін «Белая Русь» (на лацінскай мове) упершыню ў гісторыі з’яўляецца ў лацінамоўным трактаце «Descriptiones terrarum» (датуецца 1260—1261), які быў выяўлены ў канцы 1970-х гадоў у бібліятэчных сховішчах універсітэту «Trinity College» (Дублін, Ірландыя). З гэтага вынікае, што як ні круці, генеалогія «Беларусі» налічвае толькі няпоўныя 800 гадоў.

Яшчэ цікавей з «беларускай мовай». Сам тэрмін (арыг. «белоруский язык») першы раз фіксуецца ў трактаце беларуска-ўкраінскага кніжніка Стэфана Зізанія толькі ў 1597 годзе.

Гэта не значыць, што беларуская мова з’явілася толькі 400 гадоў таму. Канец XVI стагоддзя — гэта час нараджэння адпаведнага навуковага паняцця, якому было наканавана замацавацца па вякі.

Што праўда, новая акцыя часопіса Arche не скіраваная ў так далёкія часы. Яна асвятляе важныя для нацыянальнай ідэнтычнасці сюжэты з недалёкага XX стагоддзя.

Яе задача паказаць, як фармаваліся іншыя важныя падставы мыслення пра Беларусь у нацыянальных катэгорыях — уяўленні пра беларускую гісторыю, нацыянальную веру, а таксама як беларуская літаратура доўгі час служыла найважнейшым каналам пашырэння нацыянальнай свядомасці.

Гэта было тады, калі пра дасягненне нацыянальнай незалежнасці нават не мроілася, а беларуская мова была цалкам выключана з асноўных публічных сфераў — арміі, адукацыі, дзяржаўнай адміністрацыі, і г.д.

Увазе чытачоў прапануецца пяць выданняў, якія заклалі асновы нашых ведаў пра паасобныя вымярэнні акадэмічных ведаў пра Беларусь.

Як вядома, першы беларускамоўны нарыс па беларускай гісторыі быў выдадзены ў Вільні ў 1910 пад назвай «Кароткая гісторыя Беларусі» і належаў пяру Вацлава Ластоўскага. Гэта была кампіляцыя, заснаваная збольшага на працах расійскіх і польскіх гісторыкаў, якая, тым не менш, зрабіла пэўны ўнёсак у пашырэнне нацыянальнай свядомасці.

Акадэмічная навука па вывучэнні беларускай гісторыі з’явілася толькі ў 1920-х у савецкай Беларусі дзякуючы заснаванню Інстытуту беларускай культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так сталася, што за сваю дзейнасць менскія гісторыкі 1920-х масава заплацілі сваімі жыццямі. Згодна з падлікамі Андрэя Катлярчука, з прыкладна 50 навукоўцаў у ходзе крывавага сталінскага тэрору ацалелі лічаныя адзінкі.

У рамках нашага распродажу можна набыць 2 тэматычныя зборнікі, складзеныя з прац беларускай гістарычнай навукі 1920-х:

Гэта зборнік «Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагоддзе». Частка 1. Мова і нацыя» (аб’ём 430 старонак) прысвечаны адносiнам расiйскага ўраду да беларускае мовы ў XIX ст., лёсам архіваў былога ВКЛ у Расійскай імперыі, беларусізмам у творах польскіх рамантыкаў першай паловы XIX ст., ідэалогіі беларускага адраджэння, панам і сялянам у першай палове XIX ст., а таксама ў часе паўстання 1863 года, лёс габрэйскай супольнасці, і г.д.

Змест

 

 

Другі зборнік мае назву «Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагоддзе». Частка 2. Паўстанні і рэвалюцыі» (732 старонкі). Ён складаецца з якасна падрыхтаваных да публікацыі даследаванняў беларускіх гісторыкаў 1920-х гадоў на тэму «паўстаньня і рэвалюцыі». У цэнтры ўвагі — паўстаньне 1830—1831 гг. у Беларусі, асоба і чын Кастуся Каліноўскага, 1863 год у Беларусі, падзеі рэвалюцыі 1905—1907 г. у краіне. Аснову зборніка складаюць дзве незаслужана забытыя манаграфіі — «1863 год на Беларусі. Нарыс падзей» Усевалада Ігнатоўскага (298 старонак) і «1863 год у Горы-Горках быўшай Магілёўскай губерні. (Падзеі паўстаньня)» Сяргей Цытовіча (178 старонак. Таксама ў выпуску: «Кастусь Каліноўскі (к 60-годдзю яго смерці). Біяграфічна-гістарычны нарыс» Івана Цвікевіча, «Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве i Польшчы ў 1830—1831 гг.» Лявона Бабровіча і Івана Шпілеўскага, ды іншае. Змест

Наступнае выданне, якое прапануецца ўвазе чытачоў, складаецца з двух тамоў. Гэта амаль поўны збор твораў творы аднаго з заснавальнікаў акадэмічнай навукі пра беларускую літаратуру Адама Бабарэкі (прызнаны лепшым кніжным выданнем 2011 года паводле версіі газеты «Наша Ніва»).

Першы том (940 старонак) складаецца з крытычных артыкулаў, якія даюць шырокую панараму літаратурнага працэсу ў Беларусі пачатку XX ст. — «Лірыка Міхася Чарота», «З жыцьцёпісу Янкі Купалы», «Творчасьць Ул. Дубоўкі як форма нацыянальнай сьвядомасьці пралетарскага характару», «Коласаўская праўда жыцьця»

Змест

 

Другі том Збору твораў (726 старонак) прэзентуе прозу, паэзію, філязофію, публіцыстыку, запісныя кніжкі, дзённікі і лісты гэтаага выбітнага навукоўца.

Змест

 

Вялізны том Антона Адамовіча «Да гісторыі беларускае літаратуры» (аж на 1464 старонкі) адказвае на пытанне, як і чаму беларускай літаратуры доўгі час даводзілася быць асноўным сродкам пашырэння беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. У том увайшлі аўтарскія манаграфіі «Максім Гарэцкі (Спроба монографіі аб творчасці)» (1927—1928, 178 старонак), «Якуб Колас у супраціве саветызацыі» (1955, 64 старонкі), «Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры (1917—1957)» (1958, 290 старонак), «Так пяяў Салавей. Мэмуарна—камэнтатыўныя ды крытычна—тлумачальныя нататкі пра жыцьцё й творы Алеся Салаўя «(180 старонак), а таксама артыкулы «Да мюнхенскага выдання паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа», «Да нью—ёркскага выданьня «Твораў» Уладзіміра Жылкі, «Да мюнхенскага выдання «Тутэйшых» Янкі Купалы», «Да мюнхенскага выдання «Запісак Самсона Самасуя» А. Мрыя», інш.

Змест

 

 

Апошняе выданне, якое прапануецца ў рамках акцыі — Збор твораў Адама Станкевіча «З Богам да Беларусі» (1098 старонак).

Том складаецца з кніг і артыкулаў «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», «Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі» і т.д.

Змест

 

Акцыя працягнецца да 14-га верасня. Падрабязней пра тое, як атрымаць кнігі, можна прачытаць на сайце часопіса Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0