02.09.2016 / 20:42

Пяць фактаў пра Іслама Карымава, які кіраваў Узбекістанам 26 гадоў 13

2 верасня Узбекістан абвясціў пра смерць Іслама Карымава, які кіраваў краінай 26 гадоў. Бі-бі-сі яшчэ ў панядзелак, пасля таго як стала вядома пра інсульт, сабрала пяць самых яркіх фактаў з яго жыцця і працы. 

Карымаў — адзін з нямногіх лідараў, што кіраваў з савецкіх часоў

У 1989 годзе партыйны правадыр Узбекістана Рафік Нішанаў быў пераведзены ў Маскву, Карымаў стаў яго пераемнікам і ўзначаліў рэспубліку.

Іслам Карымаў першым з кіраўнікоў савецкіх рэспублік прымерыў на сябе тытул прэзідэнта. Прэзідэнтам Узбекістана ён быў абраны на сесіі Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР 24 сакавіка 1990 года.

Хоць канстытуцыя Узбекістана не дазваляе аднаму чалавеку быць кіраўніком краіны больш за два тэрміны запар, Карымаў нязменна заставаўся ля стырна ўсе гэтыя гады.

Гэта стала магчымым дзякуючы некалькім рэферэндумам, у выніку якіх падаўжаўся тэрмін знаходжання прэзідэнта ва ўладзе. Пасля кожнага рэферэндуму ўлады аб'яўлялі, што адлік пачынаецца з чыстага ліста, і Карымаў кожны раз абіраўся.

Паводле яго загаду ў Андыжане былі забітыя дзясяткі пратэстоўцаў

У праваабарончых колах Іслам Карымаў лічыцца адным з самых жорсткіх дыктатараў сучаснасці. «Рэпарцёры без межаў» у сваіх ацэнках нават называлі яго «сцярвятнікам», разам з прэзідэнтам Зімбабвэ Робертам Мугабэ і лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам.

Самай крывавай трагедыяй за гады кіравання Карымава стаў разгон дэманстрацыі ў горадзе Андыжан 13 мая 2005 года. Бяззбройны натоўп быў акружаны ўрадавымі войскамі, і салдаты адкрылі агонь. Па афіцыйных дадзеных, загінулі 187 чалавек.

Тысячы людзей выйшлі тады на цэнтральную плошчу Андыжана з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў жыцця і прадастаўлення грамадзянскіх свабодаў.

Тады Карымаў сцвярджаў, што ў Андыжане адбылася спроба ісламісцкага паўстання, але што загаду страляць ніхто не аддаваў.

Па гэты дзень у замежнай прэсе з'яўляюцца паведамленні пра сістэматычнае парушэнне правоў чалавека ва Узбекістане, аб жорсткім спыненні апазіцыйных настрояў і аб катаваннях палітычных зняволеных.

Без пераемніка. У Карымава няма сына і складаныя адносіны з дочкамі

Сыноў у Іслама Карымава няма.

Самым вядомым членам сям'і Іслама Карымава застаецца яго старэйшая дачка Гульнара.

Калісьці яна была ў ліку найбольш уплывовых людзей Цэнтральнай Азіі. Яна займалася бізнэсам, спявала, выступала ў якасці мадэльера адзення, ездзіла са сваімі калекцыямі на тыдні высокай моды ў Нью-Ёрк, сябравала з расійскімі і ўзбекістанскімі алігархамі, і ўплывала на палітыку свайго бацькі.

Але ў 2013 годзе і ўплыву і яе імперыі прыйшоў канец.

Супраць яе на Захадзе прагучалі абвінавачванні ў адмыванні грошай. У самім Узбекістане Гульнара апынулася пад хатнім арыштам.

Пра іншых чальцоў прэзідэнцкай сям'і вядома мала. Яго малодшая дачка Лола ўзначальвае дабрачынны Фонд «Ты не самотны», які дапамагае дзецям з парокамі сэрца. Аб жонцы Карымава Таццяне практычна нічога невядома.

Эканоміка Узбекістана трымаецца на бавоўне і мігрантах, што дасылаюць дадому грошы

Пры Карымаве спынілі працу многія буйныя савецкія прадпрыемствы, у апошнія гады газ і электрычнасць падаюцца з перабоямі, нацыянальная валюта — сум — застаецца нестабільнай.

Пры гэтым Узбекістан багаты на прыродныя рэсурсы, экспартуе нафту і газ, а таксама ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў бавоўны. Па разведаных запасах золата краіна знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце, а па ўзроўні здабычы — на дзявятым.

Паводле ацэнак экспертаў, клімат для вядзення бізнесу ў краіне вельмі неспрыяльны. У штогод публікаваных міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International рэйтынгах карупцыі ў свеце Узбекістан стабільна займае месца ў раёне 150 радка.

У сувязі з эканамічнымі цяжкасцямі не менш за 10% працаздольнага насельніцтва працуюць за мяжой. 58% з іх адпраўляюцца на заробкі ў Расію, а астатнія ў Казахстан, ААЭ, Турцыю, Паўднёвую Карэю і краіны Еўропы.

Узбекістан заўсёды лавіраваў паміж Расіяй і Захадам і меў няпростыя адносіны з суседзямі

Найважнейшым палітычным і эканамічным партнёрам Узбекістана застаецца Расія.

У снежні 2014 года Расія і Узбекістан падпісалі пагадненне аб урэгуляванні ўзаемных фінансавых абавязацельстваў, на падставе якога Масква спісала Ташкенту парадку 95% доўгу (больш як 860 млн даляраў).

Расія — асноўны гандлёвы партнёр Узбекістана: на яе прыходзіцца 27,5% міжнароднага гандлю краіны.

Самыя складаныя адносіны ва узбекскіх уладаў — з Таджыкістанам. У апошнія гады іх нават называюць своеасаблівай халоднай вайной.

Узбекістан выступае супраць практычна ўсіх водна-энергетычных ініцыятыў Душанбэ і будаўніцтва буйных ГЭС у Таджыкістане і Кыргызстане.

Ташкент выказвае боязь, што дадатковыя станцыі выклічуць сур'ёзныя экалагічныя праблемы ў рэгіёне і прывядуць да недахопу вады для спажывання і арашэння ва Узбекістане, Казахстане і Туркменістане.

На многіх участках мяжа паміж Узбекістанам і Таджыкістанам замініравана, што стварае сур'ёзныя цяжкасці мясцоваму насельніцтву.

Найважнейшым палітычным і эканамічным партнёрам Узбекістана застаецца Расія.

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
29.08.2016 / 23:40
Адносіны паміж Узбекістанам і Таджыкістанам азмрочваюць не толькі водныя праблемы, але і этнічныя. Сталін аддаў Узбекістану населеныя таджыкамі цэнтры іх культуры Бухару і Самарканд. Не забывайма, што таджыкі ў моўных адносінах -- персы, што гэта іншая калі не цывілізацыя, дык культура, што на іх супольнай з персамі мове створаны шэдэўры сусветнай літаратуры. І вось, цягам усяго савецкага часу ва Узбекістане практыкавалася дыскрымінацыя і цюркізацыя таджыкаў. Гэта не магло не накласці адбітак на міждзяржаўныя адносіны, асабліва цяпер, калі Рахмон абвяшчае свой народ арыйцамі, вяртае многае з нацыянальных традыцый (асабліва мне падабаецца, што ён ужо не Рахмонаў, а Рахмон, і ягоныя суграмадзяне пазбавіліся русацкіх -аў у сваіх прозвішчах, а ў суседніх цюркскіх краінах гэта яшчэ застаецца).
0
Inhvar / Адказаць
29.08.2016 / 23:42
Вельмi падобна на сытуацыю у РБ.
0
Дыверсант / Адказаць
30.08.2016 / 10:05
не "сум", а "сом".
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру