Зайшоў у крамку з посудам і ледзь не засьмяяўся ад нечаканасьці: побач з туркамі, кафэтэрыямі, дзьве талеркі з малюнкамі — адная з Каложай, зь беларускім надпісам, другая таксама, можна сказаць, але не зусім. На ёй чатыры выявы — той жа Каложы, праваслаўнага сабору ў псэўдарускім стылі, катэдральнага касьцёлу і чагосьці яшчэ, здаецца, каралеўскага палацу. А пасярэдзіне «рэклямна‑турыстычны»надпіс — «30 лет Ленинскому району«.

Вам ужо захацелася купіць гэную талерку? Эклектыка, безгустоўшчына? Рэчаіснасьць?! Іхняя справа, але бадай жа рэч для ўнутранага карыстаньня — для членаў выканкаму, ды апынулася ў продажы з разьлікам, напрыклад, на ўсебеларускі інтэрфэст, які адбудзецца ў Ленінскім раёне неўзабаве. Да слова, я пацікавіўся ў дзяўчат: ці купляюць талерку? Бяруць, адказваюць. Магчыма, тыя ж чыноўнікі.

Слоў няма: падобныя сувэніры, паштоўкі — рэч распаўсюджаная. Горад Кракаў, напрыклад, і некалькіх помнікаў. Альбо Масква і — тое ж самае. Але ж якраз і пішуць, што гэта — Масква, а не цьмутараканскі раён гораду. Бо і гарадзенская ж талерка паказвае помнікі архітэктуры ўсёй Горадні, паколькі па‑за «Ленінскім раёнам» іх няма, апроч хіба Францішканскага касьцёлу за Нёманам.

Мне запярэчаць: існавалі ж цэлыя сэрвізы з маўзалеем, «Ленін у маўзалеі», яны са Сталіным на лавачцы і гэтак далей. Сёньня аздабляюць музэйныя вітрыны, маўляў. Згодны, яны адлюстроўвалі тагачасную эпоху. А сёньня эпоха крыху іншая, хаця ў Беларусі яна — працяг той самай, не паспрачаешся. Аднак самі члены выканкаму не пажадалі (!) на сваёй талерцы ўбачыць вялізную ленінскую статую, якая — сутнасьць назвы іхняга раёну. Не пажадалі! Хаця рабіў яе не саматужны аматар, а суцэльны ляўрэат спадар Азгур. Атрымліваецца, чыноўнікі адчулі, што разам з храмамі статуй Ільліча сёньня нібыта не зусім танчыць, хоць і ганарова ды высока стаіць на сваім ранейшым месцы пасярэдзіне ўласнага — ленінскага раёну.

Сакрэтаў сёньня асаблівых няма, усім вядомы зьмест цыдулак, якія дасылаў Ільліч у ЧК, у вольным пераказе — «Даражэньні Фэлікс Эдмундавіч! Папоў — расстрэльваць, не цырымоніцца зь імі, цэрквы не шкадаваць! Гэта архіважна, баценька, у цяперашні пераломны момант. Тут: хто каго! З камуністычным прывітаньнем…»

Зрэшты, нельга не дапусьціць, што славэтную талерачку тыражанулі для насельніцтва ды прыезных, а вось нумараваныя сэрвізы маглі зрабіць толькі для абраных, для заслужаных, для пасьвечаных: там і статуя ленінская, там і партрэт з факсіміле, і першага зьезду РСДРП хатка, і газэта «Искра», якую па нашай чыгунцы цераз Нёман перакідалі калісьці часам зь Лейпцыгу ў расейскую глыбінку… Смачна зьесьці, мабыць, з такой эксклюзыўнай талеркі славутую сяўружыну з хрэнам, якую гэтак любіў правадыр, пра якую пісаў у сваіх творах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?