Увайшоў у законную сілу прысуд у дачыненні да 47-гадовага жыхара Рэчыцкага раёна, які забіў качаргой пажылую маці.

За нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць, суд Рэчыцкага раёна прыгаварыў мужчыну да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас адбыцця пакарання зняволены пройдзе прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Абвінавачаны абскардзіў прысуд у абласным судзе, але калегія па крымінальных справах пакінула пакаранне без змены, паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.

1 лютага мужчына прыйшоў у бацькоўскі дом у вёсцы Каравацічы з пляшкай віна і выпіў яе разам з братам. Затым стаў патрабаваць грошай у 72-гадовай маці. Калі пачуў адмову, схапіў качаргу і пачаў збіваць пенсіянерку, наносячы ёй ўдары па галаве і па ўсім целе. Ад удараў качарга зламалася. Пацярпелая вяскоўка, баючыся за лёс сына, не стала звяртацца па меддапамогу. Збітая жанчына правяла два дні дома, пакуль сын не паклікаў на дапамогу суседку. Тая, убачыўшы, у якім стане знаходзіцца жанчына, выклікала хуткую дапамогу. Пакалечаную жанчыну забралі ў бальніцу, дзе яна памерла. Згодна з заключэннем судмедэксперта, у пенсіянеркі былі множныя пабоі, чэрапна-мазгавая траўма, яна страціла шмат крыві.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?