31.08.2016 / 15:23

Стала вядома, колькі зарабляюць у КДБ 42

Парламенцкія выбары найчасцей цікавыя не столькі сваімі вынікамі, якія ў асноўным прадказальныя, а біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў у дэпутаты. Гэта рэдкая магчымасць зазірнуць за таямніцу, колькі афіцыйна зарабляюць дзяржаўныя чыноўнікі і сілавікі, бо ўсе прэтэндэнты мусяць публікаваць дэкларацыю аб даходах гадавой даўніны.

Сёлета кандыдатамі зарэгістраваныя адразу двое чалавек месцам працы якіх з’яўляецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ).

Па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31 балатуецца начальнік Інстытута нацыянальнай бяспекі Іван Корж.

У свой час Корж узначальваў Гомельскае і Гродзенскае аддзяленні КДБ. Гомельскі этап працы Каржа запомніўся шматлікімі спробамі вярбоўкі апазіцыянераў. Ні да, ні пасля ў прэсу не праточвалася столькі падобнай інфармацыі.

Калі ў Гомельскай вобласці разгарэлася «паляўнічая справа» супраць міліцыянтаў, то былі праведзеныя ператрусы ў журналістак: Калінкінай, Коктыш, Радзінай, Халіп. Ператрусы праводзіліся ў справе «абразы Івана Каржа».

У Гродзенскай вобласці Іван Корж таксама адзначыўся. У час яго кіраўніцтва быў арыштаваны журналіст Андрэй Пачобут за абразу гонару Аляксандра Лукашэнкі. Таксама менавіта Гродзенскае ўпраўленне КДБ ініцыявала працэс, у якім экстрэмісцкім быў прызнаны альбом «Прэс-фота».

Цяпер Каржа адпраўляюць у парламент. Даходы Івана Каржа летась склалі 338 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што ў сярэднім у месяц ён меў 28 мільёнаў.

Супернікам Івана Каржа па акрузе будзе пенсіянер міліцыі, сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчы.

Яшчэ адзін кадэбіст вылучаецца ў дэпутаты па Мінскай вобласці. У Бярэзінскай акрузе №61 кандыдатам зарэгістраваны намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Пятро Атрошчанка.

Ягоны даход летась склаў звыш 288 мільёнаў рублёў, гэта значыць у сярэднім у месяц ён меў 24 мільёны рублёў.

Канкурэнты Атрошчанкі мелі летась не больш за 49 мільёнаў рублёў, гэта значыць у сярэднім у месяц каля 4 мільёнаў рублёў.

Зміцер Панкавец

0
Ляксей / Адказаць
31.08.2016 / 15:29
Вось каго на духу не пераношу -- дык гэта КГБэшнікаў і сэксотаў
0
Inhvar / Адказаць
31.08.2016 / 15:39
Скажыце людзi добрыя,i што гэтыя кадэбiсты зрабiлi каб iм па столькі плацiць? Ахоўвалi рэжым?
0
Дзiмок / Адказаць
31.08.2016 / 15:39
Нужно больше золота
Паказаць усе каментары/ 42 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру