Увагу журналістаў «Нашай Нівы» прыцягнула публікацыя ў газеце «Советская Белоруссія» ад 30 жніўня — там, на пятай старонцы, упершыню апублікавалі зварот кандыдата ў парламентарыі. 

Кандыдатаў 500 з гакам, а ў прэзідэнцкую газету пакуль трапіў толькі адзін.

Палову пятай старонкі аддалі праграме 25-гадовага кандыдата па Белавежскай акрузе (Брэсцкая вобласць) Міхалу Кашчэва.

Ён малады доктар, кажа пра сябе, што не «абмяжоўваецца догмамі палітычных рухаў» і «трымаецца разумнага развіцця эканомікі без радыкальных ломак».

Наўрад ці ён можа скласці канкурэнцыю кандыдатцы, якая, па версіі «Нашай Нівы», будзе вызначаная пераможцам па гэтай акрузе — гаворка пра Жанну Стаціўку, намесніцу старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама.

Але чаму тады першым з усіх кандыдатаў у газеце Адміністрацыі прэзідэнта з'явіўся гэты Міхаіл Кашчэва?

Мы запыталіся пра гэта ў намесніка Паўла Якубовіча, Сяргея Гардзіенкі.

«Мы надрукавалі праграму толькі аднаго кандыдата, бо толькі ён да нас з гэтай просьбай звярнуўся», — патлумачыў «Нашай Ніве» намеснік рэдактара «СБ».

«Кожны можа з гэтым звярнуцца. Гэта можна бясплатна зрабіць, можна за грошы. Ён заплаціў, заключыў дамову, разлічыўся праз выбарчы фонд. Усё афіцыйна, так, як гэта робіцца з любой рэкламай», — патлумачыў таксама Сяргей Гардзіенка.

Як нам стала вядома, у дамове гаворка ідзе пра суму ў 1007 новых рублёў — каля 10 мільёнаў на старыя грошы.

Чаму ж іншым кандыдатам не цікава размяшчаць свае праграмы ў цэнтральнай беларускай газеце?

«Не магу адказаць за 500 чалавек, — выказаў здагадку Гардзіенка. — Выглядае, у іх свае думкі наконт гэтага».

Таксама намеснік рэдактара патлумачыў, чаму газета пры асвятленні пікетаў ці сустрэч з выбарцамі не падкрэслівае асобы кандыдатаў і абмяжоўваецца выразамі на манер «адзін з прэтэндэнтаў» і г.д.

«У нас простае ўнутранае правіла — мы не ўступаем ні на якім баку, мы стараемся пісаць пра выбарчы працэс у тым выглядзе, як можна казаць пра яго. Любая згадка любога прозвішча цягне папрокі ў тым, што не ўзгадалі іншых. Вырашылі для сябе, што публікуем так, каб нікога не крыўдзіць і не раздражняць», — сказаў таксама Гардзіенка.

Разам з гэтым ён дадаў, што «тэарэтычна» любы з кандыдатаў можа звярнуцца ў «Советскую Белоруссію» з просьбай надрукаваць ягоную праграму за грошы.

«Далей рэдактар можа глянуць, што там будзе напісана, вырашыць — прымаць ці не прымаць», — падсумаваў Гардзіенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?