03.09.2016 / 14:45

Музеі Тэгерана з Аляксеем Ластоўскім ФОТЫ 7

Тэгеран цяжка абмінуць, калі патрапляеш у Іран. Але гэтак жа цяжка атрымліваць задавальненне ад яго наведвання. Горад-монстр, які набух мільёнамі жыхароў, кварталамі хібараў, шалёным трафікам і забойчым смогам.

Тэгеран. Фота: img-fotki.yandex.ru

У другой палове ХХ стагоддзя больш багатыя жыхары іранскай сталіцы пачалі масава перасоўвацца на поўнач горада (дзе былі пабудаваныя і два новыя шахскія палацы).

Як вынік, горад дзеліцца на дзве дакладна вызначаныя зоны — Поўнач, з прыгожымі віламі і вольным паветрам, і Поўдзень, перапоўнены бясконцымі трушчобамі.

Фота: awaytravel.ru

Нейтральная прастора — гістарычны цэнтр, дзе з аднаго боку знаходзяцца ўрадавыя будынкі, Меджліс (парламент) і міністэрствы, галоўныя нацыянальныя музеі, турыстычныя гатэлі — але разам з тым і прыкметы Поўдня: смог, невялічкія танныя крамы, натоўпы людзей і пякельны дарожны рух.

Тэгеран толькі ад 1795 года стаў сталіцай Персідскай дзяржавы, ён цесна і моцна звязаны менавіта з мадэрнай гісторыяй дзяржавы, гэта сучасны горад, дзе не знойдзеш старажытных мячэцей і палацаў, якіх шмат раскідана па Іране.

У сусветную гісторыю ён хутчэй увайшоў як месца сустрэчы трох сусветных лідараў падчас Другой сусветнай вайны («Тэгеран-43»),

але сам выбар месца якраз добра ілюструе скалечаную гісторыю краіны ў ХХ стагоддзі. Іран тады быў падзелены на савецкую і англійскую зону кантролю, а мясцовага шаха праз сімпатыі да Гітлера папросту прымусілі адрачыся ад трона. Лёсы сусвету вырашаліся ў месцы, якое поўнасцю было пад знешнім вайсковым і палітычным кантролем, цалкам падпарадкаваным волі магутных дзяржаў.

Фота: alp.org.ua

Другі раз у сусветную гісторыю Тэгеран увайшоў якраз праз Ісламскую рэвалюцыю, праз кансерватыўны пераварот, калі разам з вяртаннем фундаменталісцкіх каштоўнасцей парадаксальным чынам вярнулася аўтаномія краіны, якая нарэшце радыкальна разарвала сеціва неакаланіяльнай залежнасці. Паўстала Ісламская Рэспубліка Іран, своеасаблівы контрпраект для заходняй сучаснасці.

Сляды ісламскай рэвалюцыі лёгка заўважныя і па гарадскім ландшафце — мноства вуліц названыя імёнамі пакутнікаў, хто загінуў падчас расстрэлаў пратэстных дэманстрацый ці ў шахскай вязніцы. Шмат вуліц названыя і ў гонар шахідаў, якія загінулі падчас крывавай і працяглай іранска-іракскай вайны.

Але мая справа — турыстычная, паглядзець на цікавосткі.

Аэрапорт побач з Тэгеранам. Фота: avia2.ru

Самалёт ноччу падлятае да Тэгерана, дзяўчаты і жанчыны ў салоне паступова пачынаюць пераапранацца, хаваць пад хусткамі свае твары, нас чакае ісламская краіна.

На дзіва, у аэрапорце мытніца не праяўляе ніякай цікавасці, правяраюць выключна мясцовых, хоць побач праходзіць пара бялявых турыстаў з заплечнікамі памерамі з невялікі домік.

Новы міжнародны аэрапорт знаходзіцца далёка ад цэнтра горада, хоць цяпер сюды даводзяць лінію метро, побач будуецца і мемарыял аяталы Хамейні, які мусіць стаць ледзь не галоўным сакральным месцам краіны. Але пакуль метро няма, трэба ехаць на таксі, добра што з фіксаванымі тарыфамі, і не даводзіцца напружвацца ў спробах зразумець, ці не абдурваюць цябе ліхія кіроўцы.

Я забраніраваў гатэль у самым цэнтры, дзе побач галоўныя цікавосткі Тэгерана, тут знаходзіцца квартал недарагіх трохзоркавых гатэляў.

Фота: travel.rambler.ru

Калі хочацца большага камфорту, то трэба перабірацца на поўнач горада

На шчасце, засялялі ў 5 гадзін раніцы без нейкіх праблем, падзівіўся на душ, які арганічна злучаны з туалетам, і — лёг спаць. Ноч у самалёце не даецца без высілкаў.

Раніцай, паснедаўшы, можна выпраўляцца на прыгоды.

Першае ж уражанне на вуліцы — цяжкае атручанае паветра, ад якога хочацца зноў схавацца назад у гатэль.

Фота: travel.rambler.ru

Вуліцы напоўненыя аўтамабілямі і мапедамі, якія не заўважаюць пешаходаў і не падпарадкоўваюцца ніякім правілам. Першая спроба перайсці вуліцу заняла хвілін дзесяць, трэба было маральна падрыхтаваць сябе да адчайнай спробы размінуцца з бясконцым транспартным патокам, для якога ты ўяўляеш толькі бязглуздую мурашку, якую можна спакойна пераехаць.

Фота: wikimedia.org

Вуліцы напоўненыя людзьмі, калі набліжаешся да Вялікага Базара. Урадавы квартал больш спакойны, амаль на кожным будынку вісяць вялізныя партрэты двух аятол, якія сурова паглядаюць на мінакоў, ці не парушаюць тыя ісламскі парадак. Амаль на кожным урадавым будынку вісіць і суровая абвестка пра забарону фатаграфавання, краіна жыве як у няспыннай аблозе ворагаў і шпіёнаў.

Галестанскі палац

Мой шлях ляжыць да Галестанскага палаца, знакамітай рэзідэнцыі персідскіх шахаў.

Лёсы палаца цесна звязаныя з дынастыяй Каджараў, якія і зрабілі Тэгеран сталіцай сваёй дзяржавы. Персідскія шахі тады былі ў захапленні ад Еўропы, лічылі яе крыніцай сілы і прыкладам да пераймання, таму і палацавы комплекс з прыгожым садам шмат у чым паўтарае еўрапейскія ўзоры.

Якраз у гэты дзень праходзіў Міжнародны дзень музеяў, і выявілася, што ў Іране ён таксама адзначаецца, ва ўсе музеі ўваход робіцца бясплатным.

Галестанскі палац. Фота: static.tonkosti.ru

Я на ўсялякі выпадак пацікавіўся на гэты конт у ахоўніка, ён толькі засмучана паківаў і паклікаў для тлумачэння маладога хлопца, які праходзіў міма. Хлопец скарыстаўся гэтай магчымасцю, каб яшчэ і зрабіць са мною панарамнае сэлфі.

Я адчуў сябе зоркай, адразу стала зразумела, што з замежнымі турыстамі тут ёсць цяжкасці.

Агулам тут любяць фатаграфавацца, мясцовыя дзяўчаткі прыхінаюцца да дэкараваных сцен, крыху прыадкрываюць хусткі і робяць спакушальныя фотаздымкі.

Галестанскі палац. Фота: s4.fotokto.ru

У палацах жа пераважаюць пакоі з безліччу люстраў, якія няўмольна нагадваюць Версаль. Найперш патрапляеш у Мармуровую залу, дзе стаіць велізарны трон з алебастру, які выкарыстоўваўся персідскімі шахамі для ўрачыстых нагод. Апошні раз — у 1925 годзе, калі малады афіцэр з казацкага палка вырашыў выкарыстаць прапанову брытанскіх дыпламатаў і абвясціць сябе пачынальнікам новай дынастыі. Рэза-шах пасля каранацыі вырашыў пакінуць палац зненавідных яму папярэднікаў, і Галестан паступова перастаў быць цэнтрам улады. Іншыя ж палацавыя будынкі ператварыліся ў музеі: можна вывучаць, якія каштоўныя падарункі прэзэнтавалі персідскім шахам іх еўрапейскія калегі, ёсць сціплая калекцыя іранскага жывапісу ХІХ стагоддзя, цікавыя і старыя фотаздымкі — напрыклад, атрад узброеных башыбузукаў урачыста сядзіць на грабніцы Кіра ў Пасаргадзе. Самым апошнім папаўненнем стаў невялікі этнаграфічны музей, які адкрыўся зусім нядаўна, з традыцыйнымі строямі і прадуктамі рамеснікаў.

Алебастравы трон у палацы Галестан

Нейкай асаблівай усходняй экзотыкі ў Галестанскім палацы не адчуваецца, тут вельмі моцна пераплеценыя еўрапейскія і персідскія матывы, разумееш, што аўтэнтыку трэба шукаць недзека ў іншым месцы.

Паколькі гэта дзень музеяў, то і кірунак узяты на своеасаблівы музейны квартал (дзе знаходзяцца найбольш важныя музеі, МЗС, банк з музейнай калекцыяй манет, армянская царква і сінагога), тым больш, што ён непадалёк.

Тут я загарэўся ідэяй патрапіць у турму Эбрат, якую адкрылі для наведвання, але трэба было пачакаць гадзіну да пачатку наступнай магчымасці для зведвання, і гэтую паўзу вырашыў адвесці пад бібліятэку Малек, усё ў тым жа музейным квартале. Гэта адна з найвялікшых кніжных калекцый у Іране, у прыгожым будынку, пабудаваным багатым мецэнатам на пачатку ХХ стагоддзя, дзе пакоі на першым паверсе адведзеныя пад розныя выставы — старадрукаў, каліграфіі, мап і манет.

Персідскі глобус

Калі з каліграфіяй і так было зразумела, што звычайнаму еўрапейскаму чалавеку гэта мастацтва абсалютна недасяжнае для разумення, то мяне моцна здзівілі старыя персідскія (арабскія) мапы, зробленыя па абсалютна іншых геаграфічных канонах, цалкам цяпер страчаных.

На вышэйшых паверхах — чытальныя залы, натуральна, асобныя для мужчын і для жанчын.

Бібліятэка Малек

Але ўжо можна было рухацца і ў Эбрат. Гэта калісьці была турма, якая выкарыстоўвалася для сваіх мэтаў сакрэтнай службай САВАК, што пераследавала праціўнікаў шаха ў 1950—70-я гады.

Турма Эбрат. Фота: ic.pics.livejournal.com

Вельмі добра атмасферу страху і тэрору спецслужбаў апісаў наш знакаміты зямляк Рышард Капусцінскі ў сваім «Падзішаху». Часы тады былі змрочнымі, камуністы, курды, ісламісты — усе люта ненавідзелі апошняга шаха Пехлеві, тэракты і забойствы страсалі краіну. САВАК (аналаг нашага КГБ) адкрыта ўжываў катаванні і смяротныя пакаранні, у гэтай турме загінула шмат людзей (пра лічбы заўжды будуць спрачацца).

Натуральна, цяпер узгадваюць толькі ісламскіх рэвалюцыянераў, паколькі тых жа курдаў і камуністаў давялося душыць і новай уладзе пасля звяржэння шаха.

Саму турму нармальныя заходнія турысты агулам абыходзяць за кіламетр, экскурсія там — не для слабанервовых.

Праз цёмныя калідоры ў выніку выходзіш у круглы двор, на рашотках вісяць распятыя трупы (дакладней, васковыя імітацыі). Для большай нагляднасці па камерах таксама адноўленыя найбольш яркія сцэны катавання.

Турма Эбрат. Фота: ic.pics.livejournal.com

Экскурсіі па турме праводзяць былыя вязні, распавядаюць яны з эмацыйным надрывам, амаль што крычаць. Яшчэ і відэа са сцэнамі катаванняў паказваюць, каб не засталося ніякіх сумневаў, чым займаліся шахскія памагатыя ў гэтай турме.

Зусім іншая атмасфера, чым у Галестанскім палацы, паўсюль насупленыя і напружаныя твары, жанчыны ўсе ў закрытых хіджабах.

Турма Эбрат

З палёгкай выходзіш, далей — Нацыянальны музей Ірана. Назва гучная, а па сутнасці гэта — археалагічны музей, мне нагадала Арменію, дзе таксама гістарычны музей практычна зводзіцца да археалагічнай калекцыі. Але гэта азначае, што тут месцяцца найлепшыя знаходкі з раскопак на мясцінах Персідскай імперыі! Калекцыя ашаламляе!

Вялізныя барэльефы з Персеполіса, пліты з надпісамі клінапісам, капітэлі з бычынымі галовамі — для фанатаў старажытнай гісторыі месца падобнае да выраю Адразу згадваецца падручнік па гісторыі антычнага свету — вось яны, ілюстрацыі, усё можна агледзець і ледзьве не абмацаць.

Адзінае месца ў Тэгеране, дзе былі заўважаныя групкі замежных турыстаў.

Нацыянальны музей Ірана

Мяне цягнула ўсё ж далей, у наступны музей, сучаснага мастацтва. Гэта адзін з найбольш закрытых і кантраверсійных музеяў у Іране. Аснова яго калекцыі — творы, набытыя імператрыцай Фарай Пехлеві, якая вельмі актыўна збірала контркультурных мастакоў 1960—70-х гадоў, ды і ў мадэрністаў ахвотна інвеставала.

Тады грошы цяклі ў Іран ракою, нафта прадавалася задорага, а малавядомыя мастакі з радасцю сплаўлялі свае творы экзатычным пакупнікам. Цяпер жа ацаніць вартасць калекцыі вельмі складана. Па прыблізных падліках яна каштуе каля 2,5 мільярдаў даляраў. Пасля рэвалюцыі музей быў нацыяналізаваны, і на доўгі час закрыты для публічнага зведвання. Толькі апошнімі гадамі ён паступова прыадкрываецца і пачынае экспанаваць свае багацці (і тое, часткова). І тут здарыўся аблом. Пасля вымушанага, але неабходнага адпачынку на абед на таксоўцы я дабраўся да музея, але ўжо крыху не прасачыў за часам, заставалася з паўгадзіны да закрыцця. І не пусцілі! Вось гэта быў сапраўдны ўдар ніжэй пояса, самае маё балючае расчараванне за ўсю паездку.

З гора давялося ісці ў суседні Музей дываноў, я разумею, што Іран імі славіцца, гэта вельмі крута, цікавы канструктывісцкі будынак 1970-х гадоў, але ўжо настрой быў сапсаваны.

Музей дываноў. Фота: static.tonkosti.ru

Музей дываноў. Фота: static.tonkosti.ru

Праўда, калекцыя сама па сабе вартая, шмат і складаных кампазіцый, ёсць і з паўаголенымі жанчынамі (нечакана),

ёсць і «паланэзы», зробленыя на замову для каралёў Рэчы Паспалітай.

Нетрадыцыйны персідскі дыван

На гэтым музейная праграма першага дня завяршылася, яшчэ прайшоўся па парку, дзе заўважыў, як тэгеранцы ахвотна займаюцца рознымі відамі спорту, зазірнуў у квартал кнігарняў і ўрэшце на метро паехаў да гатэля.

Наступны дзень у Тэгеране быў адведзены пад дзве шахскія рэзідэнцыі на поўначы горада. Зноў выратоўвае метро, паколькі тэрыторыя горада агромністая. Найперш — палац Н’яваран, дзе пражыў са сваёй сям’ёю апошнія 10 год свайго кіравання шах Пехлеві.

Абсалютна іншыя ўражанні ад гэтага куточку Тэгерана, побач высокія горы, свежае паветра, шмат дрэваў, райскае месца ў параўнанні з цэнтрам сталіцы. Разумееш выбар іранскага манарха. Гэта таксама палацавы комплекс з чатырох асноўных будынкаў, адзін з якіх быў зачынены на рэстаўрацыю.

Інтэр'ер палаца Н'яваран

Першым на шляху трапляецца музей, дзе месціцца яшчэ адна прыватная мастацкая калекцыя імператрыцы, можна знайсці Уорхала і Міро, але вока найперш чапляецца за літаграфіі з віцебскімі краявідамі Марка Шагала.

Побач — круглы павільён, дзе жыў прынц Рэза. Але найбольшую цікавасць, безумоўна, выклікае галоўны палац. Зноў жа, канструктывізм 1960-х, пераважаюць простыя лініі, усё функцыянальна і амаль аскетычна. Разам з тым — роспісы на столях, раскошная мэбля і вялізныя дываны на падлозе.

Можна зазірнуць у асабістыя пакоі шаха, імператрыцы (з вялізным гардэробам шыкоўных убораў), дзіцячыя пакоі.

Шахскі гардэроб у палацы Н'яваран

Асобная прыбудова адведзеная пад бібліятэку, што мяне найбольш зацікавіла, для турыстаў дэманструецца «Русалачка» з даравальным надпісам Уолта Дыснэя, але я найперш кінуўся вывучаць даступныя палічкі, сярод мноства кніг на фарсі прысутнічала і французскамоўная іраністыка, у тым ліку кнігі вядомага традыцыяналіста Анры Карбэна, кнігі па шыіцкай эзатэрыцы якога я чытаў якраз перад наведваннем Ірана.

Непадалёк (праўда, за гэтую дыстанцыю таксісты здзіраюць яўна завышаныя цэны) іншы палацавы комплекс — Садабад. Ён займае вялікую тэрыторыю (104 гектары), нават ходзяць маршруткі з аднаго канца парка ў іншы, тут з дзясятак будынкаў, дзе цяпер зробленыя музеі, усе не стаў наведваць, бо шкада было часу, вырашыў сканцэнтравацца на найбольш цікавым.

Палацавы комплекс Садабад

На горцы ўзвышаецца Зялёны Палац, куды я накіраваўся. Па дарозе зазірнуў толькі ў гараж, дзе можна было палюбавацца на шыкоўныя «мерсэдэсы», якія чамусьці былі ў фаворы шаха Пехлеві і яго атачэння.

Сам палац скарыстоўвалі пераважна для прыватных прыёмаў, знаходзілася там і спальня Рэза-шаха — таксама ўся ў люстрах (падазраю, уплыў Галестанскага палаца), але ложак дастаўлены пазней, сам шах спаў на падлозе, напэўна, па вайсковай звычцы маладосці.

«Мерсэдэс-600» шаха Рэза Пехлеві

У доле парка — Белы Палац, узведзены ў 1930-я гады як летняя рэзідэнцыя.

Побач з палацам быў узведзены гіганцкі помнік Рэза-шаху, ад якога засталіся толькі боты (агулам, помнікамі двух шахаў з дынастыі Пехлеві забудавалі ўвесь Іран, падчас ісламскай рэвалюцыі нават былі адмысловыя брыгады, асноўным заняткам якіх было бурыць гэтыя помнікі). Інтэр’ер палаца напоўнены экстравагантнай мэбляй, паляўнічымі трафеямі і вялізнымі дыванамі. У падвале — невялічкі мастацкі музей, дзе зноў жа сустракаеш літаграфіі Шагала.

Белы Палац

Пры жаданні і вольным часе можна выправіцца ў маршрут па навакольных гарах, але з часам былі цяжкасці.

Фінальным тэгеранскім пунктам стала вежа Азадзі, сімвал Тэгерана, узведзеная ў 1971 годзе ў гонар 2500-гадовага юбілею Персідскай імперыі.

У ёй спалучаюцца як прыёмы сучаснай архітэктуры (1960-х), так і традыцыйныя персідскія матывы, неардынарны і ўнікальны помнік. На жаль, усе ваколіцы вежы былі перакапаныя, вяліся рамонтныя працы, і дабрацца да яе не ўдалося, хоць можна прачытаць, што сама вежы ў нармальным рэжыме адкрытая для наведвання.

Вежа Азадзі. Фота: travel.rambler.ru

На гэтым з Тэгеранам давялося развітвацца.

Горад сам па сабе няўтульны, цяжкі для ўспрыняцця, але для аматараў гісторыі там яўна чым ёсць пажывіцца. Хоць па Тэгеране найбольш адчувальнай і празрыстай становіцца іранская гісторыя ХХ стагоддзя, але каб пагрузіцца ў даўнейшую мінуўшчыну, трэба адпраўляцца ў падарожжа далей па краіне.

Аляксей Ластоўскі, фота аўтара

0
Юры з-пад Дворышча / Адказаць
03.09.2016 / 15:21
Начэкініўся, пэўна, пэрсідскімі шмурдамі :)
0
Раман / Адказаць
03.09.2016 / 15:43
Дзякуй, вельмi цiкава.
0
ОгО / Адказаць
03.09.2016 / 18:34
Цiкавы артыкул, дзякуй!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру