Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Баранавічах 1 верасня вынесла прысуд 52-гадоваму непрацуючаму мясцоваму жыхару, які забіў пенсіянера і расчляніў яго цела.

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Надзея Некрашэвіч, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, злачынства было ўчынена ў Баранавічах у ноч з 16 на 17 сакавіка ў кватэры 67-гадовага мужчыны. Ён быў грамадзянінам ЗША і жыў з 2012 года ў Баранавічах, маючы дазвол на жыхарства ў Беларусі.

Абвінавачваны, знаходзячыся ў кватэры пенсіянера, з якім раней пазнаёміўся ў казіно, задушыў яго. Потым перанёс цела ў ванную і расчляніў. Затым вывез на асабістым аўтамабілі на пустку. У ходзе следства і на судовым пасяджэнні абвінавачваны сцвярджаў, што прычынай забойства сталі негатыўныя выказванні амерыканца пра кіраўніка беларускай дзяржавы і народ краіны.

Мужчына выкраў маёмасць сваёй ахвяры на агульную суму каля 40 млн недэнамінаваных рублёў. Таксама забраў дазвол на жыхарства ў Беларусі, які належыць пенсіянеру, а потым яго спаліў.

18 сакавіка ў праваахоўныя органы звярнулася жонка пенсіянера з заявай аб невядомым знікненні мужа. Яна жыве ў Баранавічах з іх непаўналетнім сынам у іншай кватэры.

У гэты дзень жанчына прыходзіла ў кватэру да мужа, занепакоеная тым, што ён не адказвае на званкі.

22 сакавіка 52-гадовага мужчыну затрымалі па падазрэнні ў забойстве, была выяўлена і канфіскавана выкрадзеная маёмасць.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала яго вінаватым у забойстве (ч. 1 арт. 139 КК), крадзяжы (ч. 1 арт. 205 КК), крадзяжы дакумента (арт. 378 КК).

Па сукупнасці злачынстваў абвінавачванаму прызначана 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

З яго спагнана па 7 тысяч дэнамінаваных рублёў у якасці матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды на карысць жонкі і сына забітага мужчыны. Аўтамабіль «Опель-Вектра», на якім абвінавачваны вывез расчлянёнае цела і выкрадзеную маёмасць, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Раней мужчына судзімы не быў. Прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Як адзначыла Некрашэвіч, пракуратурай вобласці пасля вывучэння судовага рашэння будзе разгледжана пытанне аб прынясенні апеляцыйнага пратэсту на кваліфікацыю дзеянняў фігуранта крымінальнай справы і, як следства, мяккасць пакарання.

Абвінавачанне прапаноўвала прызнаць мужчыну вінаватым: у забойстве, звязаным з разбоем (п. 12 ч. 2 арт. 139 КК), разбоі з крадзяжом маёмасці ў буйным памеры (ч. 3 арт. 207 КК), у крадзяжы і знішчэнні асабістага дакумента загінулага ( арт. 378 КК) і канчаткова прызначыць 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?