У міжнародным аўтадарожным пункце пропуску «Брэст» 1 верасня пачала функцыянаваць сістэма электроннай чаргі транспарту.

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, у адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 31 снежня 2015 г. № 1130 ўвесь транспарт, якi перасякае мяжу ў пункце пропуску «Брэст», будзе праходзіць праз сістэму электроннай чаргі.

Фармаванне чарговасці ўезду транспарту ў пункт пропуску будзе заснавана на нескладаным механізме. Пры ўездзе ў зону чакання кожны аўтамабіль праходзіць працэдуру рэгістрацыі. Пры гэтым сістэма ўлічвае, ці стаіць аўтамабіль па забраніраваным часе, ці па жывой чарзе. Сістэма электроннай чаргі ў парадку чарговасці паведаміць, калі трэба выехаць з зоны чакання для далейшага праезду ў пункт пропуску. Дадзеная інфармацыя адлюстроўваецца на электронным табло.

З 1 верасня любы грамадзянін зможа самастойна забраніраваць час уезду ў пункт пропуску з зоны чакання. Дадзеная паслуга — платная. Памер платы за браніраванне часу ўезду ў пункт пропуску «Брэст» у перадвыхадныя, выхадныя, перадсвяточныя дні, дзяржаўныя святы або святочныя дні, якiя ўстаноўленыя i аб'яўленыя ў адпаведнасці з заканадаўствам непрацоўнымі, складзе 1 базавую велічыню (21 BYN), у астатнія дні — 0,8 базавай велічыні (16,8 BYN).

Для электроннага браніравання неабходна прайсці працэдуру рэгістрацыі на сайце belarusborder.by. Сістэма рэгіструе грамадзяніна, які перасякае мяжу, не пазней, чым за тры гадзіны да меркаванага часу перасячэння мяжы.

Браніраванне часу ўезду ў пункт пропуску на адзін і той жа транспартны сродак некалькі разаў не дапускаецца. Дадаць яшчэ адно папярэдняе анлайн-браніраванне для гэтага ж транспарту можна толькі пасля перасячэння ім мяжы або адмены наяўнай броні.

Аўтамабіль з бронню заязджае ў сэрвісную зону чакання па асобным канале і таксама атрымлівае свой нумар рэгістрацыі. У забраніраваны час транспартны сродак выязджае з зоны чакання. Варта ўлічваць, што інтэрвал забраніраванага часу складае адну гадзіну.

Больш ранні прыезд у зону чакання ў надзеі хутчэй заехаць у пункт пропуску нерацыянальны. Кіроўца пакіне стаянку толькі тады, калі загарыцца яго нумар чаргі на электронным табло.

Дзяржпамежкамітэт звяртае ўвагу на тое, што паслугай браніравання вызначаецца толькі час ўезду ў пункт пропуску. Пагранічны, мытны і іншыя віды кантролю кожны перасякаючы мяжу праходзіць ва ўстаноўленым парадку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?