Дырэкцыя Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» зведвае сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці і ў тэрміновым парадку шукае спонсараў, паведаміла кіраўнік Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» і дырэктар кінафестывалю Анжаліка Крашэўская.

Паводле яе слоў, каб забяспечыць паўнавартасную арганізацыю чарговага, 23-га, кінафестывалю, не хапае 300 тысяч рублёў (каля 150 тысяч долараў). Крашэўская не ўпэўненая, ці зможа фестываль адбыцца сёлета нават ва ўрэзаным фармаце ў тым выпадку, калі дырэкцыя не знойдзе неабходную суму грошай.

Цяжкасці з фінансаваннем кінафестывалю ўзнікаюць ледзь не штогод, падкрэсліла кіраўнік «АРТ Карпарэйшн». Аднак у мінулыя гады дырэкцыі заўсёды ўдавалася адшукаць неабходныя 60% пазабюджэтных сродкаў для правядзення «Лістапада», астатнія 40% бюджэту выдзялялі заснавальнікі гэтага кінафоруму — Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

«Акрамя таго, нам кожны год дапамагалі: хтосьці спансаваў дастаўку гасцей, хтосьці — пракат кінастужак. Калі б не гэтая дапамога, мы павінны былі б знаходзіць не 60%, а ўсе 80% пазабюджэтных сродкаў», — сказала яна.

Сёлета фінансавая сітуацыя ў краіне прымусіла ранейшых спонсараў перагледзець пытанне аб дапамозе кінафестывалю. Дырэкцыі «Лістапада» ужо адмовілі 65 беларускіх кампаній і арганізацый, а звяртацца да міжнародных фондаў і замежных калег, на думку Крашэўскай, бесперспектыўна.

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — самы вядомы ў Беларусі кінафорум — праводзіцца з 1994 года. Фестываль заснаваны Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам пры садзеянні Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарам фестывалю традыцыйна выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Фестываль досыць высока каціруецца ў асяроддзі кінематаграфістаў, штогод залучаючы ўсё новых і новых удзельнікаў з усяго свету. У розныя гады гасцямі «Лістапада» станавіліся польскі рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Кшыштаф Занусі, французская сцэнарыстка і рэжысёр Клер Дэні, вядомы сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца, украінская актрыса, сцэнарыст і рэжысёр Кіра Муратава, італьянская актрыса Арнэла Муці, расійскія кінарэжысёры Андрэй Звягінцаў і Аляксандр Сакураў, а таксама многія іншыя.

Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсараў акрэдытавала «Лістапад» як спецыялізаваны конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?