Успаміны Дануты Бічэль пра Васіля Быкава і Аляксея Карпюка — гранічна шчырыя, выклічуць спрэчкі і роздумы.

Два празаікі, Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў, былі пасланыя ўплываць на мой літаратурны лёс.

Ці апынулася я між двух агнёў? Не. Полымі гэтыя несьлі стваральнае цяпло, былі «празорамі» ў маіх лябірынтах. Гэта Васіль аднойчы ў цемры, каб я ня ўскочыла ў лужыну, паклікаў:

— Хадзі на мой голас…

Я пайшла. Доўга ішла я на ягоны голас, пакуль ён ня ўцёк у Менск ад сваёй сям’і і ад нас усіх. Але ў Горадні застаўся Аляксей Карпюк, неспакойны і надзейны сябра, магутнае дрэва, на якое заўсёды можна было абаперціся, як сказала нядаўна яго жонка, добры чорны хлеб, як любіла казаць Ларыса Геніюш…

Спачатку яны ўрываліся ў маё жыцьцё невядома адкуль. Зь першага курсу вучобы ў пэдагагічным інстытуце я наведвала літаратурнае аб’яднаньне, якім кіраваў выкладчык старажытнарускай літаратуры Нікіцін, які сам пісаў вершы. Беларускую літаратуру выкладаў Аляксей Пяткевіч, які выступаў у пэрыядычным друку з рэцэнзіямі. А вусна апавядаў ён пра літаратуру нават яшчэ цікавей, чым пісаў. Маладых паэтаў запрашалі на вечарах дэклямаваць вершы са сцэны. На перапынках паміж заняткамі дзяўчаты сустракаліся на калідоры і размаўлялі пра паэзію, чыталі адна другой свае новыя вершы.

Васіль разам з памяцьцю пра голад выкінуў з галавы родную мову і пасьля нанова яе вывучаў.

Новы год на першым курсе я сустракала ў сям’і Аўгіньні Кавалюк, у дзявоцтве Сідаровіч. З размоваў паміж сабой мы ведалі, што ў рэдакцыі газэт «Гродзенская праўда» зьбіраецца літаб’яднаньне, якім кіруе Васіль Быкаў. Але Быкаў не заўсёды прыходзіў на паседжаньні, часьцей вёў іх Валянцін Чэкін. Людзей на сустрэчах было шмат, усе ўзбуджаныя, крыклівыя, пераважна расейскамоўныя.

Але ўрэшце я ўбачыла Быкава. Ён прыйшоў, і ўсе яго віталі, як літаратурную зорку. Ён тады толькі пачынаў друкавацца, але німб славы ўжо зьзяў над яго сьціплай галавой…

Відаць, кіраваць літаратурным аб’яднаньнем яго прымусіў рэдактар. Быкаў раз у месяц чытаў агляды маладой літаратуры, якія друкаваліся ў газэце. Магчыма, ён ня ставіўся да гэтай працы ўсур’ёз, але ацэнкі сьціплых здабыткаў мясцовай літаратуры былі ў аглядах аб’ектыўныя.

Мы пачалі зрэдку заходзіць да Васіля Быкава ў рэдакцыю, мелі прычыну: прыносілі новыя вершы ў літаратурную старонку, якую Быкаў укладаў. Але хацелася зь ім паразмаўляць у неафіцыйнай атмасфэры, паглядзець на яго зблізку, пачуць яго голас, які зьвяртаецца менавіта да цябе…

Але ў адным кабінэце з Быкавым было некалькі супрацоўнікаў, і нязьменна насупраць знаходзілася яго будучая другая жонка Ірына, якая аберагала яго здароўе, казала, што ён стомлены, таму што ноччу піша. Усе мае сяброўкі былі таемна закаханыя ў Васіля, летуцелі ў дзявочых мроях пра яго чыстыя шэрыя вочы. «Неба адбілася ў яго вачах», — напісала пра Быкава Аня Путрамэнт, рэдактарка польскага жаночага часопіса Pszyjaciolka, наша зямлячка… Яе тата быў у Дакудаве за солтыса, а мой тата хадзіў да Путрамэнтаў у Банева, дзе ў іх быў маёнтак. Мне тата апавядаў і пра бацьку, і пра пісьменьніка Ежага, які ў тыя часы быў студэнтам Віленскага ўнівэрсытэту, і пра Аню… А калі ў Гданьску пачаліся вядомыя падзеі, Аня прыехала ў Горадню, запрасіла мяне прагуляцца і расказала ўсё, што ў іх адбываецца, як яна гэта разумела… А пра нас усіх, хто ў Горадні тады жыў і займаўся літаратурай, Аня зьмясьціла прыгожае эсэ ў сваім часопісе.

Аляксей Карпюк знайшоў мяне ў першыя месяцы майго жыцьця ў Горадні. Ён ведаў усіх. Ён запрашаў маладых літаратараў дадому, заходзіў у інстытут, знаёміў са сваімі разумнымі сябрамі, якія ведалі толк у жыцьці і ў паэзіі. Запрашаў на свае літаратурныя сустрэчы і даваў слова, як цяпер кажуць сьпявачкі, каб разагрэць публіку.

Карпюк і Быкаў сябравалі заўсёды. На зьезды, пленумы, на тэлебачаньне ў Менск яны ехалі ў адным купэ. Не адразу яны пачалі апавядаць пра сябе анэкдоты, так каб адзін апавядаў, а другі побач слухаў і папраўляў ці дадаваў нейкую дэталь.

Вось як апавядаў Васіль Быкаў пра сяброўства Карпюка і Піліпа Пестрака. Пястрак любіў прыяжджаць у Горадню. Ён сам пра гэта казаў так: «У Горадню я езьдзіць люблю, таму што я тут сядзеў у турме». Маўляў, прыемнае прыемна ўзгадваць… Калі Пястрак прыяжджаў у Горадню, яны з Карпюком хадзілі ў рэстаран. Пястрак замаўляў пляшку гарэлкі. Карпюк замаўляў бутэльку мінэралкі і шмат кубачкаў гарбаты. Да рэстараннай салаткі Карпюк вымаў з партфэля колца хатняй каўбаскі. Так яны сябравалі. Але аднойчы Піліп Пястрак зайшоў да Алёшы дадому і спытаў: «Алёша, а дзе ў цябе стаіць мая кніга?» Алёша пачаў выкручвацца, што даў пачытаць знаёмым. Але Пястрак ня слухаў, ён пакрыўдзіўся і пайшоў…

Пакуль у Менску ў мяне не было сяброўкі Іры Крэнь, я спынялася ў гатэлі і звычайна вячэрала разам з Васілём і Аляксеем. Карпюк у кавярні доўга не сядзеў. А да Быкава звычайна прыходзіў Алесь Адамовіч. Яны пачыналі апавядаць адзін аднаму пра сваю наступную аповесьць, абмяркоўвалі сюжэты, розныя дэталі… Забываліся пра мяне, але я ня крыўдзілася, наадварот, цешылася, што яны дазваляюць мне слухаць. Пасьля Быкаў і мне апавядаў пра свае будучыя творы. Яму трэба было ўкласьці ўсё ў памяці, ён звычайна шмат разоў не перапісваў кнігу, затое перад напісаньнем ствараў падрабязны плян і глыбока абдумваў усе драбніцы. Відаць, найлепшай слухачкай была спадарыня Ірына, яна мела журналісцкі досьвед і на эмацыйным узроўні дапамагала яму знаходзіць тое, што ён шукаў.

Галоўную ролю ў адносінах паміж людзьмі мае месца, дзе яны жывуць…

Быкаў і Карпюк выбралі Горадню, як выбіраюць жанчыну, з‑за прыгажосьці тамтэйшага эўрапейскага барока. Гэты горад пасьля ўплываў на іх творчасьць, уцягваў іх у культурную традыцыю і даваў пачуцьцё прысутнасьці мінулага ў сучасным. Але кожны аўтар стварае свой горад, свой Нёман і далягляд, свой Край. Адзіная слушная рэальнасьць у кожным мастацтве — гэта ўяўленьне…

Дзяўчаты выбралі іх. Спадарыня Іна пакахала Алёшу, калі на пляжы ўбачыла ягоную сьпіну: упадзіну замест рабрынаў з правага боку. Іна перад тым напакутавалася ў дзіцячых дамах, яе бацьку расстралялі як ворага народу. Маці таксама сядзела ў турмах, пачынаючы з Заходняй Беларусі. Спадарыня Іна ўзгадвае, што Карпюк у гаспадарцы меў хоць нейкі вопыт, а яна ня мела ніякага. У бацькоўскай хаце ў Карпюкоў размаўлялі на звыклай для гэтага Краю трасянцы. Карпюк скончыў факультэт ангельскай мовы. А ў тыя часы ў пэдагагічным былі надта добрыя выкладчыкі.

Спадарыня Іна пакахала Алёшу, калі на пляжы ўбачыла ягоную сьпіну: упадзіну замест рабрынаў з правага боку.

У інстытуце яны былі ўсе знаёмыя між сабою: Алёша, Надзя Быкава, Ніна Кіркевіч, праз два гады да іх далучылася Іна, а Кіркевіч, які быў закаханы ў Надзю, быў старэйшым, ужо працаваў. Кіркевіч убачыў, што Быкаву Надзя таксама падабаецца — і адышоў у цень. Пра гэта мне апавядалі Надзя і Ніна, калі мы вечарамі сустракаліся і прагульваліся, калі Надзя захварэла.

Іна Анатольеўна апавядала пра Надзю як пра найлепшую настаўніцу, якую яна сустракала ў сваім жыцьці. Іна Анатольеўна была дырэктарам у школе, а Надзея Андрэеўна — завучам. Працаваць ім разам было добра. Надзя была ціхаю, зьнешне не эмацыйнаю, але вельмі дакладнаю, дасканала ведала літаратуру і ўмела перадаць свае веды вучням. Чытала новыя творы і рабіла канспэкт, каб нічога не згубілася ў памяці. Дома яна была добрай маці сваім сынам. Але выпякаць і варыць не заўсёды мела час.

Васіль Быкаў ня меў філялягічнай адукацыі, але вучыўся на скульптара — гэта значыць, ляпіць характары людзей. А ў войску вучыўся ваяваць, што таксама спатрэбілася ў працы празаіка.

Быкаў пісаў пра ваенныя дзеяньні савецкіх войскаў, яму падыходзіла літаратурная мова савецкай Беларусі. Усе кажуць, што ён дрэнна на пачатку размаўляў на мове, але я гэтага не заўважыла. Але чаму ў тым самым моўным рэгіёне Барадулін валодае такой квяцістаю мовай, а Васіль разам з памяцьцю пра голад выкінуў з галавы родную мову і пасьля нанова яе вывучаў?

Кожны пісьменьнік мае сябе ў эпіцэнтры падзеяў. Абодва былі цяжка параненыя ў ваенных дзеяньнях. У Карпюка пасьля раненьня засталося адно лёгкае і тое з асколкамі. Быкаў таксама нажыў астму. Абодвум найдаражэй у жыцьці каштавала роднае паветра.

Быкаў умеў трымацца як інтэлігент, нават як філёзаф. Умеў уважліва слухаць суразмоўцу. У яго быў добры позірк глыбокіх спакойных вачэй. Умеў пра сябе разважаць, як пра некага іншага збоку. Глыбока хаваў ад лю¬дзей перажываньні, не выстаўляў іх напаказ. Не абгаворваў людзей, а ўспрымаў іх такімі, якімі яны ёсьць. Ня меў звычкі рабіць заўвагі і папраўляць пачаткоўцаў, не любіў уплываць на лёсы іншых. Але не шкадаваў для людзей свайго часу. Меў шмат знаёмых. У пісьменьніцкай працы не капіяваў лёсы людзей, не перапісваў сюжэтаў зь людзкіх прыгодаў жыцьця. Браў для аповесьці падзею, якую перажыў сам, паказваў буйным плянам, ператвараў тую падзею ў прыпавесьць, знаходзіў і надаваў ёй агульначалавечы сэнс.

Увесь вольны ад пісьменьніцкай працы час ён вывучаў вайну. Неяк так выходзіла, што ён пісаў пра малы эпізод прыватнага жыцьця на вайне, а да гэтага мела дачыненьне ўсё чалавецтва. Яскравыя моўныя выразы ня мелі значэньня, бо калі чытаеш яго прозу, ты ў наркозе, у здранцвеньні, мовы не заўважаеш. Пад канец жыцьця перайшоў на мову беларускага постмадэрнізму. Гэта была не зусім быкаўская мова. Аляксей Карпюк, наадварот, у рамане «Карані» вярнуўся да мовы сваіх бацькоў і здолеў зацьвердзіць Нёман як моўную артэрыю Заходняй Беларусі. Магчыма, мы залішне шмат надаем увагі мове, узгадваючы такога вялікага майстра драматычных падзеяў, як Быкаў, але калі мы пазбаўленыя ўсяго, дык што нам застаецца, акрамя мовы і фантазіі?..

Быкаўскае ўзыходжаньне на вяршыню было ў яго выпадку надта стромым і хуткім. Але ўзыходзіў ён на пік, робячы кругі вакол аднаго гістарычнага здарэньня — вайны — паказваючы яе з розных пунктаў агляданьня. Хадзіла такая ацэнка: Быкаў правільна паказвае вайну. На самай справе Быкаў у сваёй творчасьці ствараў сваю вайну, якой у рэальнасьці не магло быць. У выпадку Карпюка было наадварот: ён ішоў марудней да свайго вялікага посьпеху, зь вялікімі выпрабаваньнямі і стратамі, таму самую цікавую кнігу напісаў у канцы жыцьця.

Быкаў не разьменьваўся на пошукі розных жанраў. Узяў жанр кароткай аповесьці, унівэрсальны жанр, які губляў у той час нацыянальныя адметнасьці. Гэта дапамагло Быкаву вырвацца ў сусьветную літаратуру. У аповесьці ня трэба блытацца з мноствам сюжэтаў, але можна паказваць рэальнасьць не ад свайго імя, нібы гэта ня мы апавядаем, а пра нас апавядаюць, нібы за нас гавораць нейкія галасы.

Цяпер можна сказаць, што кожная новая аповесьць у пэрыяд узыходжаньня на вяршыню была для Быкава цікавай прыгодай жыцьця: з боку крытыкі і прыхільнікаў ім усе захапляліся. А што партыя яго не прымала, дык ён жа і сам у яе не ўступаў. Як творца вялікага патэнцыялу Васіль Быкаў усё жыцьцё працаваў на свой талент і гэтым прыносіў славу Беларусі. Ён абраў прафэсію пісьменьніка, адсюль і выдаткі ў яго асабістым жыцьці. Ён пакінуў жонку і сыноў, таму што яны ў яго жыцьці не былі галоўнымі… «Калі ня здраджваю літаратуры, то ня здраджваю сабе самому, — а нішто іншае мяне не хвалюе», — Карлас Фуэнтас…

Карпюк таксама абраў літаратурную творчасьць з самага пачатку жыцьця пасьля вайны. Для яго пісьменьніцкая праца была цікавай прыгодай жыцьця і выпрабаваньнем свайго лёсу. Яму трэба было ўвесь час спраўдж¬ваць сябе на сьмеласьць. У аснове сюжэтаў яго твораў былі падзеі яго жыцьця. Але ў яго быў такі характар — ён імкнуўся абняць неабдымнае, захапіць усё, што толькі дасца, закруціць экстрэмальны сюжэт. Уцягнуць як мага болей герояў, каб было адначасна і сьмешна, і страшна, і цікава. Яго проза перарастала ў шырокую плынь, а шырыня заўсёды запавольвае рух.

І было ў Карпюка дзіўнае жаданьне даказваць, што жыцьцё настолькі цікавае, што кожная яго праява можа стаць фактам літаратуры.

Карпюк спрабаваў сваё літаратурнае шчасьце ў розных жанрах і тэмах. Бо ўсё цячэ, усё зьмяняецца. Карпюк імкнуўся ўзьбірацца на свой пік, аднак яму было цяжэй, але ён быў сьмелым і ўпартым, таму ўвесь час спрабаваў пераскочыць самога сябе — дарэчы, гэта яго любімы выраз. Карпюк хацеў знайсьці сваю пэрспэктыву, станцаваць свой танец, хацеў, і меў на гэта права, быць розным, вострым і лірычным, разумным і крыху дзіваком. Быў арыгінальным, лагодным, дзёрзкім і калючым адначасна.

Пісьменьніку нельга быць спакойным, апанаваным, абыякавым, сонным, нэўтральным — бо гэтыя недахопы нэрваў абавязкова праявяцца на паверхні творчасьці. Місія творцы — нагадваць сьвету, што ён недасканалы, што людзі жывуць дрэнна, неўладкавана, не дасягнулі таго, што ім патрэбна, чаго яны заслугоўваюць, «чаго вартыя». Чалавечай прыродзе неабходна імкнуцца да немагчымага, хоць бы ўсе спробы былі няўдалымі. Нашы героі ўвесь час памяталі пра тое, што жывуць у несвабодным сьвеце, які не натуральны для нармалёвага жыцьця. І памяталі пра тое, што ў сыстэме надта шмат спосабаў, ахвочых расправіцца зь іх талентам — абодва ўвесь час былі пад жорсткім наглядам і прэсінгам, у вечным неспакоі і змаганьні за сваё простае права жыць і пісаць.

У Быкава дынамізм узмацняўся жахам сьмерці, што заўсёды стаяла за плячыма ягоных герояў, якія заўсёды траплялі ў безвыходную сытуацыю. Страх скоўваў чытачоў Быкава. Карпюк шкадаваў сваіх чытачоў, ён надта любіў людзей, асабліва тых, каго ён ведаў, тых, якія былі ў той самай ягонай аўры. У Карпюка было шмат чытачоў‑пры¬хільнікаў у блізкай зоне яго жыцьця і сярод простага люду, яго асабліва любілі чытачкі, настаўніцы, студэнткі… У Быкава болей чытачоў было ў сьвеце, чым далей, тым болей. І выступаць Карпюку было лёгка, ён размаўляў на мове людзей, якія тут жылі, ён спускаўся да іх з п’едэсталу вялікага пісьменьніка, ён сьмяшыў іх, «гуляў» у пытаньні і адказы зь імі — людзі любілі гэткую гульню.

Хлопцы пасьля вайны працягвалі пісаць пра вайну, фіктыўна ваяваць далей… Гэтая літаратурная вайна сталася сэнсам іх жыцьця, у яе бязьлітасна ўцягваюцца жонкі і дзеці, якія прымаюць гэта як наканаваньне. Іх жыцьцё цалкам ужо ім не належыць, належыць разьвязанай іх бацькамі вайне ў вайне…

У Быкава мала было аўдыторый, у якіх ён меў посьпех, якія маглі яго зразумець, таму што ягоныя выступы былі падобныя да добрых лекцыяў у аўдыторыях ВНУ… Ён быў надта сур’ёзным, напружаным і не хацеў апускацца да ўзроўню тых простых людзей, якія прыходзілі на сустрэчы, не прачытаўшы ягоных кніг.

Карпюк быў у вечных клопатах за ўсё чалавецтва і за кожнага чалавечка. Меў патрэбу заступацца за пакрыўджаных. Пакрыўджанымі былі габрэі, татары, палякі і маладыя паэты. Ён хадзіў на прыёмы, лавіў вялікіх начальнікаў перад працай у калідорах, але паслухаць тваю бяду ён ня меў цярплівасьці, сутнасьць хапаў зьлёту, блытаў і сам жа потым крыўдзіўся, што гэта ты сама ўсё пераблытала.

У Быкава было шмат сяброў і аднадумцаў. І ён, і Карпюк былі «блуднымі» сынамі ў афіцыйнай БССР, але іх прымалі як роўных у магутнай сям’і літаратараў Саюзу. Яны містычна былі на перадавой і сапраўды былі наперадзе грамадзкай думкі, былі найлепшымі з найлепшых, найлепшымі сярод найлепшых. Быкаў не дзяліўся сваімі сябрамі з намі — ні тымі, якіх меў у Горадні, ні тымі, якія да яго прыяжджалі. Мы ж заставаліся на ўзроўні фальклёру правінцыі, да нас мала хто прыяжджаў. Затое Быкаў уздымаў на вышыню статус нашага гораду як літаратурнага цэнтру.

Карпюк дзяліўся і сябрамі. Калі да яго нехта цікавы прыяжджаў, ён зьбіраў гара¬дзенскіх аўтараў паразмаўляць пра літаратуру і падзеі ў сьвеце. Мяне Карпюк запрашаў дадому на вячэру, калі прыяжджаў у Горадню Янка Брыль. Спадарыня Іна ўмела частаваць сяброў.

Затое Быкаў запрашаў у рэстаран, калі прыяжджаў Андрэй Макаёнак. Андрэй прыехаў пасьля сэсіі Асамблеі ААН, апавядаў розныя дзівосы пра Амэрыку. Калі выбіралі ў чарговы раз старшыню Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў і на выбары прыехаў Янка Брыль, вячэралі ў «Беластоку», які тады быў там, дзе цяпер гандлёвы дом «Нёман». Запомніла я той вечар па адной фразе. Быкаў спытаў у Брыля, які вярнуўся з Індыі, ці такія ж індыйскія дзяўчаты ў жыцьці, як у фільмах. А Брыль сказаў: «Ведаеш, я сярод іх не адчуваў сябе мужчынам».

Быкаў апавядаў, як аднойчы ў гатэлі ў Менску ён цэлы вечар частаваў пісьменьніцкіх жонак гарбатай, апавядаў ім розныя гісторыі, бо яны хацелі ўбачыць Аляксея Карпюка, але Карпюк прыйшоў у гатэль толькі тады, калі жанчыны пайшлі дадому. Карпюк сказаў: «Нічога, што я не задаволіў іх цікавасьці. Няхай падумаюць і зьвернуць сваю ўвагу на сваіх мужыкоў ды болей іх шануюць». Калі мы стамляліся ў дарозе, у нас была цікавая тэма — апавядаць вясёлыя гісторыі ці проста абгаворваць пісьменьніц¬кіх жонак…

Да мяне мае сябры ставіліся з павагай як да калегі па пяру. Аберагалі мяне ад легкадумных паводзін. Калі я паехала на першы свой зьезд пісьменьнікаў, за мной у гатэль цягнуўся цэлы шлейф цікаўных кавалераў: сваіх, сталічных, дзяўчат яны ведалі, а я ж з правінцыі прыехала… У дзьвярах ліфта зьявіўся Васіль Быкаў, загарадзіў ім дарогу і зачыніў ліфт. І я пайшла ў нумар адпачываць ад эмоцый. Сам Васіль натхняў мяне тым, што размаўляў са мной, як роўны з роўнай, пра ўсё. Аляксей Карпюк ня меў часу пра ўсё спакойна размаўляць, але ён цікавіўся заўсёды станам маёй паэтычнай душы і нават маім побытам. Гэта Карпюк арганізаваў публікацыю маіх вершаў у часопісе «Дружба народаў» у перакладах Сяргея Гарадзецкага тады, калі я вучылася на другім курсе інстытуту.

Я амаль ня ўдзельнічала ў Днях, Тыднях літаратуры, якія арганізоўвалі ўлады. Я працавала ў школе, а замяняць настаўніцкія ўрокі — гэта заўсёды клопат: трэба мяняць амаль увесь расклад. А раз мой муж Эрык надта не любіў, каб я езьдзіла на такія дні‑тыдні, то ў мяне была прычына адмаўляцца.

Памятаю, як мы ехалі некуды на сустрэчу, Карпюк і Быкаў зайшлі па мяне, а Эрык у гэты час фарбаваў падлогу. О, як яны гэты факт ацанілі! Сказалі так: «Калі нашы жонкі пачынаюць рамонт, то мы ўцякаем куды‑небудзь далёка, каб гэтага вэрхалу ня бачыць і жонкам не перашкаджаць…»

Раптам я падумала: вось што было б, калі б саветы прайгралі вайну не ў маральным, а ў літаральным значэньні? Пра што пісалі б Карпюк і Быкаў? Як выглядалі б іх героі? Са мной то было б усё лепей, чым ёсьць. Я жыла б у вёсцы і мела б прыгожых дзетак — рыжых у рабаціньні. А да дзетак — сабачку, бусьліка і шпачка… Магчыма, і сябры мае мелі б тое самае…

Хлопцы пасьля вайны працягвалі пісаць пра вайну, фіктыўна ваяваць далей… Гэтая літаратурная вайна сталася сэнсам іх жыцьця, у яе бязьлітасна ўцягваюцца жонкі і дзеці, якія прымаюць гэта як наканаваньне. Іх жыцьцё цалкам ужо ім не належыць, належыць разьвязанай іх бацькамі вайне ў вайне… Нарэшце пісьменьнікі адыходзяць у вечнасьць. Жонкі, якія засталіся жыць, працягваюць іх вайну, адказваюць на пытаньні журналістаў, прыводзяць у парадак іх архівы, іх спадчыну. Пасьля працягваць будуць дзеці, унукі. Пісьменьніцкая праца вымагае шмат спакою на пісаньне, а гэта ўносіць элемэнт драматызму ў адносіны людзей. Таму найлепей, каб пісьменьнік ня меў сям’і і ніякіх абавязкаў. Паміраючы, каб не спраўляў клопатаў — што рабіць з гэтымі паперамі?! «Аўганец» Ваня Сяргейчык спаліў перад сьмерцю на лецішчы ўвесь свой набытак сам.

Я пішу пра маіх настаўнікаў эсэ, адно з апошніх для гэтай маёй кніжкі. На днях пачала і праз пару дзён скончу.

Але праўда такая, што пачала я пісаць тады, калі прыехала ў Горадню. Яны пра мяне ў кнігах ня ўзгадвалі. Але іх вопыт, іх перажываньні былі сьвятлом у тунэлі маіх думак, яны былі ўвасабленьнем вобразаў маіх думак, іх жыцьці былі крыніцай маіх вершаў ва ўзаемазьвязанай сыстэме з думкамі і дзеяньнямі.

Карпюк паміраў пакутна і мужна, спакойна завяршаў справы свайго жыцьця. Зьмяніўся, стаў ціхім, уважлівым, добрым. Тэлефанаваў мне і аддаваў у музэй стосікі лістоў з вайны, цыдулачкі ад студэнтак, пытаньні зь літаратурных сустрэчаў, ён усё гэта захаваў. Гэтымі перадачамі ён даваў зразумець, што захаваў да мяне шмат добрага пачуцьця…

Быкаў патэлефанаваў мне з Эўропы, не сказаў, зь якога гораду. Павіншаваў з днём нараджэньня. Я вельмі ўсьцешылася яго тэлефанаваньню. Гэта было 3 сьнежня 2003 г., за паўгоду да яго сьмерці.

Была ў мяне вялікая прыгода ў маім жыцьці — гэтыя два магутныя, такія розныя, чалавекі. Я іх любіла ўсім сэрцам, дзялілася гэтай любоўю з усім сьветам. І вельмі шмат яе заставалася мне.

Данута Бічэль


Данута Бічэль, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк

Данута Бічэль паэтка, грамадзкая дзяячка, сябра Беларускага ПЭН‑цэнтру. Жыве ў Горадні.

Кніга прозы Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас» выходзіць у сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», заснаванай Рухам «За Свабоду».

«Гэтая кніжка — яшчэ не разьвітаньне, не запавет, але падвядзеньне вынікаў, — піша аўтарка ва ўступе. — У маёй жыцьцёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі зьявамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш».

Аўтарка ўзгадвае айца Ўладзіслава Чарняўскага, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Анатоля Сыса, Янку Брыля, Уладзімера Караткевіча, Натальлю Арсеньневу…

Па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з «Гарадзенскай бібліятэкай», зьвяртайцеся: [email protected]

Хадзі на мой голас (эсэ, успаміны)/ Данута Бічэль — Уроцлаў: Wrocіawska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczyсskiego Sp. z o.o., 2008. — 328 с., іл. — (Гарадзенская бібліятэка; кн.2)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0