Студэнты педагагічных спецыяльнасцяў з першага курса павінны займацца грамадскай працай і валанцёрствам. Такое меркаванне выказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта (БДПУ) імя М.Танка Аляксандр Жук пасля прывітальнага слова да студэнтаў ВНУ з нагоды Дня ведаў.

«Наш лозунг у гэтым годзе — «Беражы кожную хвіліну». Жыццё хуткабежнае, таму трэба быць мабільным і дынамічным. Працэсу навучання гэта тычыцца так: студэнты з першага курса павінны актыўна займацца грамадскімі і валанцёрскімі справамі, каб стаць сучаснымі педагогамі — не толькі прафесіяналамі, але і творчымі, і крэатыўнымі; удасканальвацца і абнаўляць падыходы ў дзейнасці», — сказаў Аляксандр Жук і дадаў, што паток інфармацыі сёння велізарны, гэта «шматведанне» з дапамогай тэхналогій хавае за сабой недахоп фундаментальнасці ведаў.

Рэктар таксама адзначыў, што на прыкладзе ўніверсітэта хацеў бы паказаць неабходнасць практыкі з першага курса. У якасці эксперыменту ў БДПУ ўвялі так званую валанцёрскую педпрактыку для студэнтаў 1-га курса, падчас якой студэнты могуць назіраць і ўключацца ў навучальны працэс устаноў адукацыі.

«Валанцёрства дапаможа зразумець студэнтам, ці жадаюць яны працаваць педагогам, ужо з першага курса», — сказаў Аляксандр Жук. На другім курсе уведзены «Дзень у школе». Яго сутнасць заключаецца ў тым, што студэнты-другакурснікі ўсіх факультэтаў адзін дзень у тыдзень павінны праводзіць ва ўстанове адукацыі: будучыя выхавальнікі — у дзіцячым садзе, настаўнікі — у школе, сацыяльныя педагогі — у адпаведных установах сацыяльнай сферы.

Што тычыцца цяперашняй уступнай кампаніі, рэктар адзначыў, што ў цэлым па многіх спецыяльнасцях дзённай і завочнай формаў навучання прахадныя балы ў ВНУ значна выраслі ў параўнанні з 2015 годам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?