01.09.2016 / 22:04

Кандыдат ад БНФ Ілля Дабратвор па-руску заклікаў да мяккай беларусізацыі 10

Ілля Дабратвор выступіў са сваімі тэлезваротам па СТВ як кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Сеніцкай акрузе Мінскай вобласці.

Фота Іллі Дабратвора з сацыяльных сетак

Дабратвор пачаў з таго, што любіць сваю краіну і сям'ю.

— Гэта ўжо нямала. Для таго, каб нам з вамі жылося лепш, кожны з нас павінен пачаць з сябе.

Дабратвор паабяцаў уважліва разглядаць і выконваць усе законныя патрабаванні сваіх выбаршчыкаў.

— Я наняты вамі на працу, я такі ж, як вы, я — адзін з вас.

Пасля палітык выступіў супраць кантрактнай сістэмы, якую назваў «сучасным выглядам рабства».

На думку Дабратвора, еўрапейскаму выбару Беларусі няма альтэрнатывы.

— Я - бацька пяцярых дзяцей, падтрымка інстытута сям'і — мая першачарговая задача.

Беларускую мову і культуру прадстаўнік БНФ назваў падмуркам, на якім будуецца ўся краіна. Выступаў ён, аднак, па-руску.

— Сам я размаўляю па-беларуску і мару, што вельмі хутка ў нас у краіне беларускую мову можна будзе чуць паўсюль. Пры гэтым я супраць гвалтоўнай і брутальнай беларусізацыі. Мы з вамі досыць разумныя, каб па ўласнай ініцыятыве адрадзіць нашу культуру.

Згодна са словамі Дабратвора, ён як індывідуальны прадпрымальнік ведае праблемы бізнэсу. Сярод іх ён назваў бюракратыю.

— Заводы закрываюцца або працуюць у страту, краіна апускаецца ў застой і апатыю. Эканамічныя рэформы непазбежныя. Не трэба дапамагаць бізнэсу, проста не перашкаджайце нам працаваць.

Кандыдат ад БНФ выступіў за баяздольную, прафесійную армію: «Абарона радзімы павінна стаць не толькі прэстыжнай, але і выгаднай».

Дабратвор падтрымаў ідэю прыватнай уласнасці на зямлю, заявіў аб неабходнасці рэфармаваць сістэму аховы здароўя і адукацыі.

— Мае дзеці ходзяць у звычайны садок, у звычайную школу. Таму я ведаю, што такое наша бясплатная адукацыя і колькі яна каштуе рэальна бацькам.

Палітык заклікаў да «кантролю над міліцыяй», каб вырашыць праблему «садыстаў у пагонах».

— Я малады і поўны сіл, а мае канкурэнты старыя i абцяжараныя адмоўным досведам.

Вытрымкі з выступаў яго канкурэнтаў — лідараў праўладных партый Мікалая Улаховіча і Васіля Задняпранага — можна прачытаць тут.

0
Джон Жарптушкін / Адказаць
01.09.2016 / 22:10
Ліхадзей - вось правільны антонім, бо злодзей па-расейску "вор".
0
Уладзімір Рыгоравіч. / Адказаць
01.09.2016 / 22:52
Ізноў лірыка ні аб чым. Беларуская мова ў Беларусі патрэбная каб гаспадарамі краіны былі людзі, а не гасцямі на чамаданах і хапугамі. Стратная краіна пры іншай мове. І становішча будзе усё больш і больш пагаршацца з таго, што ўсе госьцікі. Тое самае было б і са Злучанымі Штатамі Амерыкі, калі б яны зваліся напрыклад Індзейскім Краем. Нахалера таму нашчадку ірландцаў або афрыканцаў патрыёціць у тым крае індзейцаў? Таксама б госцікам быў, як рускамоўныя і штучна рускамоўныя на Беларусі. Не палітык гэта, прабачце. Хто заўгодна ён, але не беларускі палітык. Астатнія тым больш безумоўна, але гэта не той выпадак калі на безрыб'і і рак рыба. У справе рэальнай палітыкі штучнасць толькі пашкодзіць. Лепш ужо знакамітае ленінска-маўдзэдунаўскае "Чым горш, тым лепш".
0
Вех / Адказаць
01.09.2016 / 23:34
А чым гэты малады парвэню, што лезе на "выбары", лепшы ад тых двух пердуноў?
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру