У Віцебску была затрыманая група злачынцаў, якія вымагалі грошы ў мясцовых таксістаў. Інфармацыю пра гэта падалі ў прэс-службе УУС Віцебскага аблвыканкама.

Яшчэ ў пачатку 2014 года стала паступаць інфармацыя пра тое, што некалькі жыхароў горада Віцебска займаюцца вымагальніцтвам грашовых сродкаў.

Каб праверыць атрыманыя дадзеныя, быў праведзены комплекс мерапрыемстваў, у выніку якіх высветлілася, што ў крымінальную групоўку ўваходзіла чацвёра мясцовых жыхараў. Лідарам групы з'яўляўся мужчына 1983 года нараджэння, які раней меў судзімасць. Зламыснікі прымушалі таксістаў, якія працуюць каля начнога клуба, плаціць пэўныя сумы грошай за «заступніцтва». Калі кіроўцы адмаўляліся плаціць, то ім паступалі пагрозы аб фізічнай расправе ці пашкоджанні транспартнага сродку.

З чэрвеня па жнівень 2016 года супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ўсіх зламыснікаў, якія цяпер знаходзяцца пад вартай. У дачыненні да іх была распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 208 КК РБ. Максімальнае пакаранне, якое можа пагражаць вымагальнікам — пазбаўленне волі тэрмінам да дзесяці гадоў.

Праваахоўнікі просяць усіх грамадзян, якія што-небудзь ведаюць пра махінацыі дадзенай групоўкі, паведаміць па тэлефонах: 8 (0212) 36-50-44, 37-48-76, 102. Таксама можна звярнуцца па адрасе: г. Віцебск, вул. Касманаўтаў, д.3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?