09.06.2008 / 09:23

Вакол «Усходняга партнэрства» 4

Пра плян паглыбленага партнэрства Эўрасаюзу з краінамі Ўсходняе Эўропы піша Вадзім Александровіч.

Плян паглыбленага партнэрства Эўрасаюзу з краінамі Ўсходняе Эўропы быў прэзэнтаваны ў Брусэлі міністрамі замежных справаў Польшчы і Швэцыі — адпаведна Радкам Сікорскім і Карлам Більтам — 23 траўня.

Рэалізацыя гэтага пляну істотна зьменіць палітыку ЭС у дачыненьні да дзяржаваў, якія ў пэрспэктыве могуць у яго ўвайсьці — Украіны, Малдовы і, магчыма — пры пэўных зьменах ва ўнутранай ды замежнай палітыцы —Беларусі. Плян можа зацікавіць і закаўкаскія краіны.

Цяперашняя замежная палітыка Эўрасаюзу ня робіць адрозьненьняў між усходнімі ды паўднёвымі суседзямі. Прынцыпам зьяўляецца аднолькава непрадузятае стаўленьне да ўсіх з гледзішча пэрспэктываў іх далучэньня. Але цынікі ад паліталёгіі сьцьвярджаюць — наяўнасьць значных прыродных рэсурсаў у Альжыры і Лібіі (чые сыстэмы цяжка назваць празрыста‑дэмакратычнымі), падштурхнула Парыж, а потым і Брусэль, у бок шпаркага паглыбленьня стасункаў з паўночнаафрыканскім рэгіёнам.

Ініцыятывай «Усходняе партнэрства» Польшча ды Швэцыя акурат і маюць ахвоту зьмяніць гэтае становішча. Са словаў Р.Сікорскага, Польшча робіць адрозьненьне між паўднёвым і ўсходнім кірункамі замежнае палітыкі ЭС: «На поўдзень ад межаў ЭС разьмешчаныя дзяржавы — суседзі Эўропы, а на ўсход — эўрапейскія дзяржавы. Беларусь, Украіна і Малдова цалкам знаходзяцца на эўрапейскім кантынэнце, і яны маюць поўнае права стаць чальцамі ЭС».

Чэскі віцэ‑прэм’ер Аляксандар Вондра выступіў з падтрымкай пазыцыі Польшчы і Швэцыі. У 2009‑м Чэская Рэспубліка старшынюе ў ЭС, і, паводле Вондры, Прага мае намер гэта скарыстаць, каб збалянсаваць усходні ды паўднёвы напрамкі замежнае палітыкі ЭС: «Цяперашні год — міжземнаморскі. Таму хай наступны будзе «ўсходнім».

Кажучы пра «міжземнаморскі год», чэскі віцэ‑прэм’ер меў на ўвазе Міжземнаморскі саюз, што мае быць утвораны на пачатку ліпеня. Міждзяржаўны альянс аб’яднае раманскамоўныя эўрапейскія краіны з краінамі Магрыбу, а таксама Турэччынай, Ізраілем ды Лібанам. Мяркуецца стварэньне адзінай эканамічнай прасторы, супрацоўніцтва ў галінах бясьпекі, экалёгіі, міграцыі, барацьбы з кантрабандай і гандлем людзьмі. З 1 ліпеня ў ЭС старшынюе ініцыятар стварэньня Міжземнаморскага саюзу — Францыя.

Ужо практычна вызначана, што 8 з 12 млрд эўра, што вылучаюцца ЭС на замежную палітыку ў 2007—2013 г., пойдуць на пашырэньне сувязяў з краінамі Паўночнае Афрыкі. Гэта непазьбежна «высьсе сокі» з астатніх праграмаў, што ладзяцца ў рамках Эўрапейскае палітыкі добрасуседзтва, што наводзіць на думку пра існаваньне кулюарнага канфлікту інтарэсаў у ЭС.

Не хаваюць гэтага і краіны «Вышаградзкай чацьверкі», якія дэлегавалі Польшчу, каб апублікаваць ініцыятыву «Ўсходняга партнэрства». Большасьць новых чальцоў ЭС з асьцярогай успрымаюць утварэньне Міжземнаморскага саюзу, які прыкметна ўзмацніў бы ўплыў Парыжу ў ЭС.

Краіны Цэнтральнай Эўропы лічаць, што гэтаму трэба супрацьпаставіць іншы блёк, які нацэльваў бы замежную палітыку Эўрасаюзу на ўсходніх суседзяў, у першую чаргу на Ўкраіну, Беларусь, а таксама на Грузію. Калі б Польшча выступіла супольна з краінамі «Чацьверкі», гэта рабіла б ініцыятыву рэгіянальна абмежаванай. Трэба было знайсьці супольніка зь ліку «ядра ЭС». У гэтай ролі выступае Швэцыя, што мае адмысловыя стасункі з шэрагам усходнеэўрапейскіх дзяржаваў, у прыватнасьці — з балтыйскім рэгіёнам.

28 траўня ў Польшчы з кароткім візытам знаходзіўся прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі. У сваім выступе перад дэпутатамі сэнату й Сэйму Польшчы ён выказаў падтрымку супольнай польска‑швэдзкай інцыятывы.

Камісар Эўракамісіі ў замежных сувязях Бэніта Фэрэра‑Вальднэр заклапочаная тым, што прапанаваны Швэцыяй і Польшчай плян можа перашкодзіць рэалізацыі праекту «Чарнаморская сынэргія», які разам з ЭС рэалізуюць Расея ды Турэччына. Аднак цалкам магчыма, што праект «Усходняе партнэрства» будзе падтрыманы, але зь вельмі нязначным фінансаваньнем. Зазначым, што ён быў апублікаваны ў той самы дзень, калі Літва зьняла вэта зь перамоваў паміж Расеяй ды ЭС наконт новай партнэрскай дамовы.

Гэтыя перамовы, што доўга адкладаліся, заплянаваныя на канец чэрвеня ў Ханты‑Мансійску. На парадку дня пытаньні, якія выклікалі ў Варшавы і Вільні заклапочанасьць, — ад скаргаў на парушэньні ў гандлі і сабатаж паставак нафты на Мажэйкаўскі нафтаперапрацоўчы завод да агрэсіўных крокаў Масквы адносна Тбілісі.

На гэтым фоне Брусэлю не зашкодзіць запасны «дамоклаў меч» для Крамлю, які надта асьцярожна ставіцца да ўсякіх праяваў заходняе актывізацыі на тэрыторыі краінаў СНД. Нядаўнія паездкі дзьвюх прадстаўнічых дэлегацыяў беларускай апазыцыі ў ЭС, сустрэчы з уплывовымі дзеячамі Эўрасаюзу і Польшчы ўпісваюцца ў палітканструкцыю мяккага падцісканьня Расеі. Пагатоў апошняя перажывае цяжкаваты этап унутранага пераразьмеркаваньня ўладных паўнамоцтваў паміж новым і старым прэзыдэнтамі.

Бо цяпер усталёўваецца балянс інтарэсаў ЭС і РФ у пытаньні дапушчэньня энэргетычных канцэрнаў Расеі ў энэргасэктары ЭС і наадварот.

Вадзім Александровіч

0
КотКа / Адказаць
09.06.2008 / 13:19
Ці шаноўны спадар аўтар настолькі добра знаёмы з Міністрам замежных спраў Польшчы, што дазваляе сабе назваць яго "Радкам", а не Радаславам Сікорскім?
0
Вадзім Александровіч / Адказаць
09.06.2008 / 19:17
Цалкам падзяляю Вашае абурэньне, КотКа .... Рэч палягае ў тым, што ў зыходным матар\'яле about Eastern Parnership, які я дасылаў у рэдакцыю НН, было напісана (як у кірылкавым, гэтак ў лацінкавым варыянтах) гэтак, як Вам падалося слушным (дый чэскі міністар Александр не ператварыўся ў беларуса Аляксандра: ____________________________________________________________________ Plan pahłyblenaha partnerstva Eŭraźviazu z krainami Uschodniaje Eŭropy byŭ reprezentavany 23 traŭnia ŭ Bruxeli achvicyjnymi pradstaŭnikami Varšavy i Stokholma Radosławom Sikorskim dy Karłom Biltam. Tym samym Polšča ŭzmacniła plan \"Uschodniaje partnerstva\" Švedyjaj. //// Napiaredadni apošniaje narady ministraŭ zamiežnych spravaŭ krajoŭ Eŭraźviazu ŭ Bruxeli hałava polskaha źniešniepalityčnaha viedamstva Radosław Sikorski zaciemiŭ – pahłybleńniu suviaziaŭ z hetkimi krainami jak Małdova dy Ŭkraina zaminaje toje, što sam ministar akreśliŭ jak \"stomlenaść ad pašyreńni\" usiaredzinie samoha EZ. /// Česki vice-premjer Alexandr Vondra vystupiŭ u padtrymku pazycyi Polščy j Švedyi. ____________________________________________________ Плян паглыбленага партнэрства Эўразьвязу з краінамі Усходняе Эўропы быў рэпрэзэнтаваны 23 траўня ў Бруксэлі ахвіцыйнымі прадстаўнікамі Варшавы і Стокгольма Радославом Сікорскім ды Карлам Білтам. Тым самым Польшча ўзмацніла плян \"Усходняе партнэрства\" Швэдыяй. //// Напярэдадні апошняе нарады міністраў замежных справаў краёў Эўразьвязу ў Бруксэлі галава польскага зьнешнепалітычнага ведамства Радослаў Сікорскі зацеміў – паглыбленьню сувязяў з гэткімі краінамі як Малдова ды Ўкраіна замінае тое, што сам міністар акрэсьліў як \"стомленасьць ад пашырэньні\" усярэдзіне самога ЭЗ./// Чэскі віцэ-прэм'ер Александр Вондра выступіў у падтрымку пазыцыі Польшчы й Швэдыі. ________________________________________________________________________ Але спадары- карэктары НН чамусьці ўзялі за ўзор форму напісаньня імя міністра замежных справаў РП ад ня самых ... ээ.. культуральных, ці што, польскіх СМІ. Як Вы маглі зацеміць з прыведзеных вышэй кавалкаў, дык карэктарам НН недаспадобы сталіся н\'ат словы кшталту \"Зьвяз\". Не кажучы ўжо пра Бруксэль (адчуваеце блізіню да нашага слова \"брук\"?) ды Швэдыя (karystaju terminam Švedyja (švedyjski) instead of Švecyja (švecki) — bo śleduju tradycyi, jakuju zakłała Ciotka (heta logična — bo ŭ ŠveCyi mieškajuć šveCy, a nia šveDy).... Відаць па-ўсім, \"лукашэнкаўка\" у НН не за Драздамі:) Хаця спадар галоўрэд Андрусь пры размове гэнаму пастуляту сёньня запярэчыў ... Дай Усявышні...
0
LLL / Адказаць
10.06.2008 / 08:34
КотКу Ва ўсіх англамоўных крыніцах і ў шэрагу польскіх Сікорскі сам сябе называе (і яго называюць) менавіта РАДЭК -- як, напрыклад, Клінтана называлі Білам (а ня Ўільямам) або Блэра -- Тоні (а не Энтані). Ну й Цётка -- не адзіны аўтарытэт у нарматыўнай мове... Назва ШВЭДЫЯ папросту не прыжылася ані ў беларускай, ані ў польскай, ані ў украінскай, ані ў балгарскай, ані ў расейскай мове (там усюды ШвэДы, але ШвэЦыя). Якое выйсьце? Выдайце з дзясятак кніжак па-беларуску, дзе будзе ШВЭДЫЯ -- можа, тады й прыжывецца (а можа, і не...). Мове, сябра, ня пішуць законаў...
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру