Урад Узбекістана апублікаваў афіцыйнае медыцынскае заключэнне аб смерці прэзідэнта Іслама Карымава, якога пахавалі ў суботу, 3 верасня.
АР
Як гаворыцца ў дакуменце, раніцай 27 жніўня Карымава даставілі ў клінічны шпіталь Міністэрства аховы здароўя ў непрытомным стане. Афіцыйна жыхарам краіны пра гэта паведамілі толькі на наступны дзень.
Тэрмінова быў сабраны кансіліум з найлепшых еўрапейскіх нейрахірургаў, кардыёлагаў і рэаніматолагаў, у выніку чаго лекары дыягнаставалі ў хворага масіўнае кровазліццё ў мозг (інсульт).
Артэрыяльны ціск быў 250/120 і неўзабаве сэрца Карымава спынілася, але праз 20 хвілінаў пацыента здолелі рэанімаваць. Тым не менш, прэзідэнт трапіў у «атанічную кому» і яго перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх.
Цягам наступных дзён назіраўся «устойлівы прыгнёт біяэлектрычнай актыўнасці галаўнога мозгу», усе органы пераставалі працаваць. 2 верасня у 20.15 у хворага спынілася сэрца і яго ўжо не змаглі рэанімаваць зноў. У 20.55 дактары зафіксавалі біялагічную смерць.
На наступны дзень ён быў пахаваны ў Самаркандзе.