У мяне бульба расце па прынцыпе «Адзін мех пасеяў — адзін выкапаў, ніводная не прапала». То бок, вельмі пагана.

А толькі пасеяць — мала. Яшчэ трэба палоць, збіраць і травіць жукоў. А потым усё адно зарасце хмызняком — то касіць і капаць. Я прыкінуў, што сёлета ўраджаю не будзе і вырашыў не капаць.

Пазваніла маці.

— Як гэта не капаць?

— Тупа не капаць.

— Пасеяў і — не капаць?

— Не капаць.

— Цююю… Я прыеду і пакапаю.

— Едзь і капай, калі табе няма чаго рабіць.

Прыехала. 100 км. Выкапала два мяхі чарвівай бульбы.

— Во, — кажа.

Калі можна падзяліць беларусаў на катэгорыі, я б гэта рабіў не па моўнай прыкмеце, не па палітычнай і не па тэрытарыяльнай. Я б падзяліў беларусаў на тых, хто любіць стаяць ракам на бульбяным полі, і тых, хто здаўся.

Я знаходжуся на мяжы. Восенню здаюся. Кажу:

— Усё, ніколі! Ніводнай! Нідзе!

Вясной прыходзіць думка: «Ну, вядро ж трэба пасеяць, каб малодзенькая на стале была». Затым — другая думка: «Дзе вядро, там і два». Пасля — трэцяя думка: «А мо сёлета вырасце?». І — самая паскудная — чацвёртая: «Ай, а што сеяць, як не бульбу? Няхай трава расце? От тут шчэ месца е. І тут. І тама. Бульбачка — мая прэлесць. Трэба сваё мець. Няма бульбы — то нічога няма». Усё, капец. Пасля чацвёртай думкі — то ўжо прапашчы чалавек.

Бульба — гэта наркотык.

Скажыце мне, дзе сустракаюцца ананімныя мазахісты. Я запішуся на курсы. Я хачу пра гэта падумаць цяпер, покуль у мазгі не трапіў крухмал.

— Мяне завуць Андрусік Іванавіч. Мне 33. Я ведаю, што бульбу прасцей купіць, але вясной не змагу спыніцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?