У рэспубліканскім пункце мытнага афармлення «Брэст-Цэнтральны» 3 верасня супрацоўнікі аддзела па барацьбе з кантрабандай Брэсцкай мытні выявілі партыю жывых змей, што незаконна перамяшчаліся цераз беларуска-польскую мяжу.
Фота Брэсцкай мытні
Як паведамілі ў прэс-групе мытні, пры даглядзе аднаго з вагонаў цягніка Масква — Парыж у супрацоўнікаў мытні выклікаў падазрэнне музычны сабвуфер.
Пры разборцы акустычнай сістэмы ў ёй былі знойдзеныя пластыкавыя кантэйнеры з 46 змеямі: розных памераў гадзюкі і пітоны.
Выяўлена, што жывы тавар спрабавала незаконна перамясціць праз мяжу грамадзянка Расіі, правадніца гэтага вагона.
Праводзіцца праверка. У дзеяннях правадніцы бачацца прыкметы правапарушэнняў па ч. 1 арт. 14.5 (недэклараванне тавараў) і ч. 2 арт. 14.1 (утойванне тавараў) КаАП.
Змеі пасля агляду спецыялістам гарадской ветэрынарнай клінікі былі канфіскаваныя Брэсцкай мытняй да рашэння суда і перададзеныя «на адказнае захоўванне» ў заапарк Мінска.