Таму у сучаснай Беларусі і любяць хакей, дзе кожны гуляе пад сваім нумарам, дзе кожнага можна ў любую хвіліну замяніць, дзе ёсьць капітан, трэнэр з памочнікамі, начальнік каманды. І канечне — гулец нумар адзін.

У першую нядзелю лета на сайце tut.by ў разьдзеле «топ‑навіны» сышліся дзьве падзеі. Адна зь іх тычылася спорту ўскосна, другая — беспасярэдне. Рэдактар, які выстаўляў гэтыя навіны, напэўна, не заўважыў іранічнага падтэксту, які ўзьнік у выніку іх спалучэньня. Першая і галоўная навіна, паводле негалоснай табэлі аб рангах у РБ, тычылася адкрыцьця ў Бабруйску новага лядовага палацу ў прысутнасьці кіраўніка дзяржавы. Другая навіна — ямайскі бягун усталяваў новы сусьветны рэкорд.

Бяжы, Усэйн, бяжы

На спаборніцтвах Гран‑пры Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (IAAF) у Нью‑Ёрку Ўсэйн Болт зь Ямайкі прабег 100 мэтраў за 9,72 сэкунды і тым самым палепшыў на 0,02 с леташняе дасягненьне свайго суайчыньніка Асафы Паўэла.

Міжвольную ўсьмешку выклікае той факт, што гэтым спартоўцам, каб праславіць сваю краіну, не спатрэбіліся ні лядовыя палацы з маразільнымі ўстаноўкамі, ні дарагая хакейная амуніцыя. А толькі майка, трусы, ну, і, вядома, спартовы абутак якой‑небудзь раскручанай фірмы, кшталту Nike. Хоць першы ў гісторыі двухразовы алімпійскі чэмпіён Абэбэ Бікіла, як вядома, бегаў доўгія дыстанцыі басанож.

Зразумела, бегаць уздоўж мора пад пальмамі — гэта ня тое самае, што бегчы па ўзбочыне, скажам, Магілёўскай шашы з флікерамі на куртцы, у аўтамабільным смуродзе. Аднак лёгкая атлетыка, хоць і называецца «каралевай спорту», насамрэч — дама вольная і дэмакратычная. У тым і палягае папулярнасьць бегу, што чэмпіёнамі ў гэтай галіне могуць стаць і станавіліся спартоўцы самых розных краінаў і нацыянальнасьцяў. Сярод іх, напрыклад, этыёп Бікіла і фін Паава Нурмі, якому за заслугі перад нацыяй паставілі помнік у Хэльсынкі. Ці, напрыклад, ягоны сучасьнік, алімпійскі чэмпіён 1948—1952 гг. чэх Эміль Затопэк. (Заслугі не дапамаглі яму пасьля савецкай інтэрвэнцыі ў 1968 г., калі за падтрымку «Праскай вясны» камуністы зьнялі былога чэмпіёна з усіх займаных пасадаў).

Што ж тычыцца Ямайкі, дык адна толькі назва гэтай выспы Антыльскага архіпэлягу ў Атлянтыцы адгукаецца ў сэрцы шмат каго з жыхароў Эўропы, асабліва ў нашых паўночных шыротах. Акрамя ямайскага рому, краіна з насельніцтвам крыху больш за 2 млн чалавек дала чалавецтву музычны стыль рэгі; і дрэды — традыцыйную прычоску ямайскіх растафары. А імя клясыка рэгі Боба Марлі (таго самага Боба Марлея, пра якога сьпявае N.R.M. у сваім гіце «Тры чарапахі») выклікае, як правіла, на твары чалавека шчасьлівую ўсьмешку.

Семдзесят два гады і траціна сэкунды

Вяртаючыся да тэмы лёгкай атлетыкі, трэба сказаць, што рэкорды ў бегу на дыстанцыі сто мэтраў заўсёды прыцягвалі да сябе вялікую ўвагу і выклікалі ўсеагульнае захапленьне. Бо спартовыя дасягненьні тут стаяць на мяжы чалавечых магчымасьцяў. І кожны новы рэкорд — гэта яскравая падзея.

Найлепшае дасягненьне легендарнага Джэсі Оўэнза, які на алімпіядзе ў Бэрліне ў 1936 г. атрымаў золата на дыстанцыях 100 і 200 мэтраў (а яшчэ выйграў скокі ў даўжыню!) на стомэтроўцы — 10,2 сэкунды.

Толькі ў 1960 г. палепшыць гэты вынік змог немец Армін Гары, які прабег дыстанцыю за 10 сэкундаў роўна. На Алімпіядзе Токіё’64 дасягненьне паўтарыў самы малады ў гісторыі лёгкай атлетыкі рэкардсмэн Боб Хэйес. Будучай зорцы амэрыканскага футболу споўніўся тады ўсяго 21 год.

У 1968 г. такі самы вынік паўтарыў і беларус Уладзіслаў Сапея. А потым — алімпійскі чэмпіён Мюнхэну ўкраінец Валер Барзоў. Дарэчы, 10,00 дагэтуль застаецца афіцыйным рэкордам і Беларусі, і Ўкраіны. А рэкорд Расеі — 10,1.

Першым адолець псыхалягічны рубеж у 10 сэкундаў удалося амэрыканцу Джыму Хайнсу ў 1968 г. у высакагорным Мэхіка — 9,95. Спатрэбілася пятнаццаць гадоў, пакуль Кальвін Сьміт (ЗША) прабег сто мэтраў за 9,93. Яшчэ празь пяць гадоў, на Алімпіядзе ў Сэуле (1988) першае месца ўзяў канадзец Бэн Джонсан з фантастычным вынікам 9,79. Амэрыканец Карл Льюіс, які паказаў 9,92, быў тады другім. Але Джонсана і ягоны вынік пазьней дыскваліфікавалі за допінг. А ў жніўні 1991 г. Карл Льюіс пабіў уласны рэкорд, паказаўшы ў Токіё вынік 9,86 сэкунды. З таго часу рэкардсмэны з усяго сьвету прасунуліся наперад «усяго толькі» на 12 сотых сэкунды.

Амаль заўсёды героі лёгкаатлетычных спаборніцтваў станавіліся героямі ў сваіх краінах — ня ў тым сэнсе, што ім прысвойвалі званьне Герояў сацыялістычнай працы, як гэта было ў часы СССР, а ў сэнсе нефармальным. Іх любілі і любяць у народзе, нават калі былыя куміры завяршаюць сваю кар’еру ў спорце. Дагэтуль у Літве кожнае дзіця ведае, хто такі Сабоніс або Марчулёніс, а ва Ўкраіне — хто такія Валеры Барзоў ці Сяргей Бубка. Але так бывае не заўсёды.

Багіні лёгкай атлетыкі

Вядома, і ў Беларусі ўсе радаваліся, калі Юлія Несьцярэнка выйграла на Алімпійскіх гульнях у Афінах золата на дыстанцыі 100 мэтраў. Як перад тым радаваліся за Яніну Карольчык, чэмпіёнку сыднэйскай алімпіяды ў штурханьні ядра, сапраўдную беларускую прыгажуню. Але пасьля таго, як яе дыскваліфікавалі на два гады за ўжываньне допінгу, пра Карольчык амаль перасталі пісаць у газэтах, яна зьнікла з рэклямных плякатаў і з экранаў тэлебачаньня. Даволі доўгі час не пісалі і пра Юлію Несьцярэнку, якая не паказвала пасьля Алімпіяды ў Афінах высокіх вынікаў. І толькі нядаўна зьявіліся паведамленьні ў прэсе, што яна набірае былую форму і актыўна рыхтуецца да выступу на сёлетняй Алімпіядзе ў Пэкіне.

Чаму так адбываецца? Хіба мы меней за іншых любім нашых спартовых герояў?

Што б ні казалі, але спорт чымсьці вельмі блізкі да мастацтва. Бо і там, і там пануе дух спаборніцтва. Там і там для перамогі патрэбныя ня толькі ўпартасьць, але яшчэ і талент, розум, прыгажосьць. Рэкорды гэдээраўскіх плыўчых у свой час нікога не пераконвалі, бо яны вонкава ўжо мала нагадвалі жанчын. А вось немка Катарына Віт засталася ў памяці аматараў фігурнага катаньня дзякуючы сваёй зьнешнасьці ды абаяльнай усьмешцы.

Бясконца шкада алімпійскую чэмпіёнку Мэрыян Джонз. І ня толькі таму, што за ўжываньне допінгу яе пазбавілі ўсіх алімпійскіх мэдалёў, якія яна была вымушана публічна вяртаць, заліваючыся сьлязьмі, і прасіць прабачэньня. Шкада чалавека, які перажывае асабістую трагедыю, крушэньне ўсяго жыцьця, расплачваючыся за памылкі мінулага. А яшчэ шкада, што з спорту пайшла сапраўдная багіня лёгкай атлетыкі. Яе гарманічнай постацьцю, плаўным бегам, рухамі атлеткі можна было любавацца, як шэдэўрам жывапісу ці кінафільмам.

Сапраўдны спартовец, як і мастак, заваёўвае перамогу дзякуючы, найперш, самому сабе, а ня трэнэру, а тым больш натоўпу чыноўнікаў ад спорту. Часьцей бывае наадварот — як гэта здарылася зь Юліяй Несьцярэнкай, якая патрапіла на мінулую Алімпіяду амаль што цудам.

Каляалімпійскія гульні

Кожны мастак, любая неардынарная асоба выбіваецца з сыстэмы, пабудаванай на ўсеагульнай шэрасьці ды слухмянасьці. Таму, відаць, у сучаснай Беларусі так любяць камандную гульню — хакей, дзе кожны гуляе пад сваім нумарам, дзе кожнага можна ў любую хвіліну замяніць, дзе ёсьць капітан, трэнэр з памочнікамі, начальнік каманды. І канечне — гулец нумар адзін, празь якога перакрываюць доступ мацяркам зь дзецьмі ў дзіцячы парк, калі ён трэніруецца на крытым катку. Альбо ўзяць біятлён…

Бясспрэчна, і хакей, і біятлён — відовішчныя віды спорту. Але нестае беларусам у гэтых відах усё ж яскравага індывідуальнага майстэрства. Такога, як у Мірнага альбо Цылінскай. А бяз гэтага і камандная гульня неяк не атрымліваецца.

На жаль, прыгажосьць сёньня пакідае спорт. І ня толькі камандны. Допінг стаў сапраўдным бічом, расплатай за камэрцыялізацыю, пагоню за вынікам. Без камэрцыі і без палітыкі сучасны спорт, вядома, існаваць ня можа. Гэта не фізкультура. Але ж палітыка ўперамешку з карупцыяй могуць канчаткова пахаваць алімпійскія ідэалы. Выбар Пэкіну ў якасьці сталіцы алімпіяды 2008 г. быў зроблены нягледзячы на існаваньне тыбэцкай праблемы, ігнараваць якую немагчыма. Не прыхільнікі Далай Ламы ці праваабаронцы ператварылі эстафэту алімпійскай паходні ў злосную пародыю, а тыя, хто лабіяваў інтарэсы афіцыйнага Пэкіну, хто дагэтуль робіць выгляд, быццам з правамі чалавека ў Кітаі ўсё ў парадку. Некалі нават вайна ў Аўганістане не ацьвярозіла чыноўнікаў МАКу, якія хацелі дагадзіць Крамлю, хоць адразу стала ясна, што ўварваньне прывядзе да байкоту Алімпіяды ў Маскве, а потым, у адказ, і да байкоту алімпіяды ў Лос‑Анджэлесе.

А хіба цяпер ніхто ня бачыць рэальных пагрозаў зрыву зімовай алімпіяды ў Сочы? Праўда, невядома, якая з пагрозаў большая — канфлікт паміж Абхазіяй (Расеяй) і Грузіяй ці пагалоўная карупцыя расейскіх чыноўнікаў, здольных раскрасьці ўсе сродкі, вылучаныя дзяржавай на будаўніцтва алімпійскіх аб’ектаў. Няўжо сябры МАКу ў Гватэмале проста расчуліліся ад словаў экс‑прэзыдэнта Пуціна?

У выніку ўсіх гэтых каляалімпійскіх гульняў найбольш церпяць спартоўцы, для якіх алімпіяда — гэта, магчыма, галоўны і адзіны шанец выцягнуць шчасьлівы білет, вяршыня спартовай кар’еры, да якой трэба ісьці часам доўгія гады. А значыць, церпяць і гледачы.

Апошняя надзея — на ямайскіх бегуноў. Ну, і на Юлію Несьцярэнку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?