На ўчастку адказнасці Смаргонскай памежнай групы ў мінулыя выхадныя дні памежнікі спынілі незаконны маршрут трох груп нелегальных мігрантаў. 

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, раніцай 2 верасня па інфармацыі мясцовага насельніцтва ў Астравецкім раёне смаргонскія пагранічнікі выявілі прыкметы незаконнага перасячэння мяжы. Інфармацыя аператыўна была перададзена супрацоўнікам Ігналінскага памежатрада Літвы, якія праз гадзіну паведамілі пра затрыманне ў дадзеным раёне 10 в'етнамцаў і расіяніна.

Ноччу 4 верасня ў суседнім Пастаўскім раёне кіроўца аўтамабіля Ford Transit праігнараваў каманду памежнага нарада аб прыпынку і паспрабаваў з'ехаць, але быў затрыманы. У іншамарцы выяўлены 10 грамадзян В'етнама, 2 — Расіі і 2 — Беларусі.

Сёння ў ранішнія гадзіны да кропкі прызначэння не даехалі 8 выхадцаў з Паўднёва-Усходняй Азіі. Па памежжы яны рухаліся на двух аўтамабілях «Kia» і «Opel», якімі кіравалі грамадзяне Расіі і Арменіі.

Распачатыя адміністрацыйныя працэсы па арт. 23.29 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы), 23.30 (парушэнне памежнага рэжыму), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Вядзецца далейшае разбіральніцтва, па выніках якога будзе дадзена прававая ацэнка.

З пачатку года супрацоўнікі беларускай памежнай службы прыцягнулі да адказнасці за парушэнне дзяржаўнай граніцы 25 грамадзян В'етнама. Ім вынесеныя папярэджанні з дэпартацыяй або наклададзеныя штрафы у памеры да пяцідзесяці базавых велічынь з дэпартацыяй або без яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0