Апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў праінфармавалі Мінгарвыканкам аб намеры правесці 12 верасня на Кастрычніцкай плошчы масавую акцыю. 6 верасня яны прынеслі ў Мінгарвыканкам адпаведны дакумент.

У ім гаворыцца, што згодна з артыкулам 55 Канстытуцыі Беларусі і падпісанымі краінай міжнароднымі дамовамі Статкевіч і Някляеў маюць намер правесці масавую акцыю з мэтай патрабаваць «сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе кіруючы рэжым». Пачатак акцыі запланаваны на 18.00. Мінгарвыканкаму прапануецца выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне акцыі.

У каментарыі БелаПАН Статкевіч падкрэсліў, што гэты дакумент не з'яўляецца заяўкай на дазвол акцыі. «Гэта апавяшчэнне аб намеры яе правесці. Акцыя будзе, яны не могуць мне яе забараніць, я не прашу дазволу», — заявіў былы палітвязень.

11 верасня ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Датэрміновае галасаванне пачалося 6 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0