Група паляўнічых знайшла на поўдні Ісландыі меч вікінгаў, выраблены больш за тысячу гадоў таму.

Фотa: Arni Bjorn Valdimarsson

Каманда з пяці чалавек адправілася паляваць на гусей. Паляванне аказалася няўдалым — яны не падстрэлілі аніводнай птушкі, затое знайшлі старадаўні меч — меркавана, яго вымыла падчас нядаўняй паводкі.

Адзін з паляўнічых апублікаваў фатаграфію мяча на сваёй старонцы ў фэйсбуку і неўзабаве атрымаў званок з Агенцтва па культурнай спадчыне Ісландыі. У панядзелак артэфакт быў перададзены спецыялістам.

Дырэктар агенцтва Крысцін Сігурдардоцір кажа, што да гэтага часу ў Ісландыі былі знойдзеныя толькі 20 мячоў тысячагадовага ўзросту, што робіць знаходку асабліва значнай.

«Ён там проста ляжаў на зямлі, ва ўсіх на вачах, чакаў, калі яго падбяруць», — распавёў адзін з паляўнічых.

Паводле ацэнкі спецыялістаў, меч датуецца найпазней X стагоддзем. Імаверна, ён знаходзіўся ў паганскім пахаванні вікінгаў.

Дакладнае месца знаходкі не выдаецца — археолагі збіраюцца арганізаваць там раскопкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0