Як паведамілі БелаПАН у аддзеле гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у Брэсцкай вобласці забаронена купацца ў вадаёмах Мышанка і Свяцілава Баранавічаў, у сажалцы Палонка і сажалцы вёскі Сталовічы Баранавіцкага раёна, у вадаёме вёскі Булькава, у возеры вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна і ў зоне адпачынку гарадскога парку Жабінкі.
Асноўнай прычынай забароны з’яўляецца перавышэнне ўтрымання ў вадзе лактозастаноўчай кішачнай палачкі, якая можа выклікаць кішачныя расстройствы. Згодна з устаноўленымі нарматывамі, вада ў вадаёме не павінна ўтрымліваць узбуджальнікаў захворванняў, жыццяздольных яйцаў гельмінтаў. На паверхні вадаёма не павінна быць плёнак, плямаў мінеральнага масла і вялікай колькасці іншых прымешак.
У купальны сезон супрацоўнікі санітарна‑эпідэміялагічнай службы раз на тыдзень праводзяць бактэрыялагічнае даследаванне вадаёмаў. Пры атрыманні двух запар нездавальняльных вынікаў аналізаў вады з аднаго пункта тэрытарыяльныя органы дзяржнагляду выносяць пастанову аб забароне купання. Забарона здымаецца, калі будуць двойчы атрыманы здавальняльныя па бактэрыялагічных паказчыках вынікі аналізаў.
Мінулым летам колькасць вадаёмаў, закрытых для купання, дасягала 57.