Цікавасць маладых беларусаў да нацыянальнай культурнай традыцыі звязана з засіллем масавай культуры. Такое меркаванне на круглым стале 6 верасня выказаў былы старшыня нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, а цяпер арт-кансультант Уладзімір Шчасны.

«Моладзі ўжо надакучылі «спяваючыя трусы», аднастайнае тэлебачанне і эстрадныя канцэрты, — сказаў ён. — Людзі вяртаюцца да каранёў. А якраз традыцыйная культура захавала ўсё самае лепшае, што ёсць у народзе. Калі яна захавалася за столькі часу, значыць, у ёй ёсць нешта вартае для розуму і душы. Акрамя таго, мы суверэнная дзяржава і павінны нейкім чынам адрознівацца ад нашых суседзяў, усведамляць гэтую розніцу».

Паводле слоў Шчаснага, раней на афіцыйным узроўні традыцыйная культура, фальклор узнаўляліся ў скажоным выглядзе. Фальклорам, сказаў ён, лічылася «надзець у вырабленыя ў Мінску нібыта нацыянальныя касцюмы настаўнікаў музычных школ і метадыстаў дамоў культуры і выставіць іх на раённым свяце з мікрафонамі і жудаснай апаратурай».

«Калі гэта вульгарныя касцюмы, макіяж, гукаўзмацняльная тэхніка, то ўсё гэта не на карысць… І, вядома, усё гэта адвярнула людзей ад такога «фальклору», асабліва моладзь. Зараз, калі мы адмаўляемся ад такога падыходу, моладзь вяртаецца да каранёў, да вышыванак і да іншага», — дадаў Шчасны.

Сёння ж у Беларусі «нарэшце зразумелі, што такое нематэрыяльная традыцыйная культура», а таксама «пачалі звяртаць увагу на яе захаванне», і самае галоўнае — перасталі перашкаджаць.

Для падтрымкі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, паводле слоў Шчаснага, неабходна заахвочваць яе носьбітаў. «У свой час была выказана ідэя выдаваць кожнаму носьбіту традыцыйнай нематэрыяльнай культуры сертыфікат — прыгожую паперу, якая б вісела ў куце. Каб дзеці і ўнукі бабулі ведалі, што яна займаецца не нейкім глупствам, а дзяржаўным справай — захоўвае нематэрыяльную культуру», — растлумачыў арт-кансультант.

Акрамя гэтага, ён лічыць важным, каб работнікі культуры, якія прыязджаюць працаваць у раёны краіны, не павучалі мясцовых, як займацца традыцыйнай культурай, а самі вывучалі мясцовыя традыцыі, вучыліся ў мясцовага насельніцтва і неяк падахвочвалі яго захоўваць сваю спадчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?