4‑5 чэрвеня ў Варшаве прайшла канфэрэнцыя «Зьмена пакаленьняў? Або беларускія адрознасьці ў мэтах, стратэгіі й каштоўнасьцях». Яе зладзілі Інстытут грамадзянскае прасторы і публічнай палітыкі Вышэйшай школы гандлю і права імя Лазарскага, Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД), а таксама часопіс ARCHE. Падобная сустрэча праходзіла ўжо ў другі раз, першая адбылася ўвосень 2006 году.

Зьмена адбываецца ў БНФ і судах

Ці адбываецца сёньня зьмена пакаленьняў у апазыцыі і ўладных структурах? Хто выйграе барацьбу за моладзь? Які стан найноўшай беларускай эміграцыі? Гэтым пытаньням і была прысьвечаная праца першай сэкцыі.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў канстатаваў, што сярод найбуйнейшых апазыцыйных партый краіны зьмена пакаленьняў назіраецца толькі ў Партыі БНФ. Сярэдні ўзрост кіраўніцтва арганізацыі складае 40,7 гадоў, у той самы час у АГП — 50,3, а ў камуністаў увогуле — 56,8.

Разам з тым, у партыях адбываецца практычна поўнае вымываньне сярэдняй праслойкі актывістаў (35‑45 гадоў), а разрыў пакаленьняў не прыводзіць да канфліктаў. Супярэчнасьці ж унутры апазыцыйных партыяў, лічыць палітоляг, выкліканыя барацьбой фракцыяў і асобных лідэраў.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч выступіў досыць з правакацыйным дакладам. У прыватнасьці, палітык зазначыў, што пры канцы 1980‑ых гадоў фігуры «талакоўцаў» і «тутэйшых» былі нашмат больш папулярныя за постаць Зянона Пазьняка, але яны ня мелі палітычных амбіцый.

«Прыход «талакоўцаў» да ўлады ў БНФ адбыўся толькі пасьля зьезду Зянона Пазьняка за мяжу. Міхалевіч кажа, што былыя «талакоўцы» пачалі разглядаць сваіх маладзейшых калегаў з так званага пакаленьня «Маладога Фронту» як патэнцыйных канкурэнтаў, якім прапаноўваліся месцы тэхнічных супрацоўнікаў. Пасьля гэтага адбылося выключэньне з Партыі Паўла Севярынца. Абраньне ж у намесьнікі старшыні самаго Міхалевіча і Аляксея Янукевіча было дэманстрацыяй наяўнасьці «уласнай» моладзі», — гаворыць Міхалевіч.

На думку палітыка, апошні зьезд Партыі БНФ яскрава паказаў наяўнасьць унутранага канфлікту паміж пакаленьнем «талакоўцаў» і пакаленьнем «Маладога Фронту».

Палітоляг Андрэй Казакевіч канстатаваў досыць хуткую зьмену пакаленьняў на кіраўнічых пасадах беларускіх судоў. Так скажам, сярэдні ўзрост судзьдзяў Гаспадарчага суду складае ўсяго 41 год. Атрымаць жа высокую пасаду ў судовай сфэры можна за 1—4 гады працы.

Кіраўнік Беларуска‑амэрыканскага задзіночаньня Вячка Станкевіч спыніўся на праблемах эміграцыі. Былы кіраўнік беларускай службы радыё «Свабода» зазначыў, што большасьць з новай хвалі эмігрантаў не зацікаўленыя беларускімі праблемамі і не ўключаюцца ў грамадзкае жыцьцё. Іх цікавіць толькі ўласныя кар’еры.

Барацьба за розумы і трэцяя сіла

Найбольш дыскусійным стаўся даклад аналітыка Яна Максімюка. Максімюк паставіў пытаньне рубам: Ці прайграе беларуская апазыцыя барацьбу за маладыя розумы? І адразу адказаў — так. Аналітык адзначае рост мэркантылізму сярод маладых. Гэтаму дапамагае БРСМ, які прапагандуе глямурны лад жыцьця. 74% маладых суайчыньнікаў аддаюць перавагу эканоміцы, а не незалежнасьці. Максімюк кажа, што Лукашэнка пабудаваў сыстэму, пры якой незалежнасьць краіны ў маладых беларусаў асацыюецца адначасова і з БССР, і з БНР.

Гэта ўсё памнажаецца на стабільнасьць у краіне і эканамічны рост. Моладзі дадзены магчымасьці досыць хутка будаваць кар’еры, а таксама нейкі спажывецкі мінімум. Таму, на думку Максімюка, нічога дзіўнага ў тым, што апазыцыя прайграе гэтую барацьбу няма.

Вельмі крытычным быў Павал Казанэцкі. Старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру адразу сказаў, расчараваўся ў супрацы зь беларусамі, а таксама згубіў інтарэс да кароткатэрміновых і палітычных праектаў і ня бачыць за Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі праўды, як было ва Ўкраіне ў часе Майдану.

«У іх няма такіх маральных аўтарытэтаў, якімі былі ў Польшчы часоў «Салідарнасьці» Караль Вайтыла і Лех Валэнса», — кажа П.Казанэцкі.

На ягоную думку, ўсё больш магутна вымалёўваецца трэцяя сіла, якая не ўспрымае ні апазыцыі, ні ўлады. Сярод яе ладную частку складаюць дзеці сёньняшняй намэнклятуры. Казанэцкі перакананы, што гадоў празь пяць яна можа ўзяць улады ў краіне ў свае рукі.

На гэта адразу адрэагаваў аналітык радыё «Свабода» Юры Дракахруст. Ён задаўся цалкам лягічным пытаньнем, ці можа такая сіла структурызавацца. Дракахруст нагадаў, што выпадкаў, калі пэўныя дзеячы казалі «Апазыцыя — дурні», і спрабавалі стварыць сваю трэцюю сілу, было мноства, але ніводзін зь не аказаўся пасьпяховым. Палітоляг кажа, што Плошчу страцілі ўсе дэмакратычныя лідэры — і Мілінкевіч, і Казулін. Разам з тым, ён нагадвае, што ва Ўкраіне таксама не паўстала партыя Майдану.

Сам Мілінкевіч, які таксама прысутнічаў на канфэрэнцыі, у сваім выступе сканцэнтраваўся на пагрозе страты незалежнасьці Беларусі. «Мы не адзіныя сцэнарысты падзей. Мне здаецца, што бліжэйшы да рэалізацыі сцэнар Расеі, а не ЗША ці апазыцыі», — сказаў ён.

Палітоляг Віталь Сіліцкі гаворыць, што беларускі рэжым сёньня пакінуў апазыцыю без пэрспэктываў прыйсьці да ўлады. Таксама палітоляг выказаўся адносна таго, чаму ў шэраг партый амаль цалкам прападае ўзрост ад 35 да 45 гадоў.

«У гэты пэрыяд мужчына найперш павінен забясьпечыць сям’ю. Прабачце, не да апазыцыі. Чаму людзі ідуць у БНФ? Гэта абсалютна не зразумела, бо тут ніякія рацыянальныя паняткі ня дзейнічаюць», — сказаў В.Сіліцкі.

Рэформы такі пачнуцца

Вядучы другой сэкцыі нямецкі гісторык Райнэр Лінднэр ва ўступным слове сказаў, што сьвет імкліва зьмяняецца.

«Іншай стала Расея з прыходам да ўлады Мядзьведзева, імкнуцца ўступіць у Эўрасаюз і НАТО Грузія з Украінай. Расея ня ёсьць вечным сябрам Беларусі. Таму Беларусь таксама мусіць мяняцца, з гэтай прычына яна і шукае саюзьнікаў па ўсім сьвеце», — сказаў Лінднэр.

Эканаміст Зьміцер Крук задаўся пытаньнем: а можа рэформы ўжо пачаліся? Ён адзначае, што пэўны прагрэс сапраўды ёсьць:

«У сфэры разьвіцьця фондавага рынку назіраецца даволі станоўчая дынаміка. Летась банкі атрымалі права на эмісію іпатэчных аблігацый, якія ў пэўнай ступені ажывілі фондавы рынак. На пачатку бягучага года была ўхвалена Праграма па разьвіцьці рынку каштоўных папераў. Гэтыя рэформы ёсьць сапраўдным крокам наперад для беларускай эканомікі. Больш за тое, яны адбываюцца ў ключавым сэгмэнце — фінансавым сэктары», — кажа З.Крук.

Разам з тым, абсяг гэтых рэформаў ня вельмі значны. Таму сёньня нельга гаварыць аб тым, што рэформы ўжо пачаліся. Хутчэй пачалася шырокая падрыхтоўка да правядзеньню рэформаў у бліжэйшыя тры гады.

Прафэсар унівэрсытэту Таронта Люкан Ўэй на прыкладзе казкі пра трох парсючкоў паспрабаваў адказаць на пытаньне, зь якога ж матэрыялу пабудаваны беларускі рэжым?

Аказалася, што з дрэва. Ён не саламяны, як быў у Кыргызстане ці Грузіі, але і не цагляны, як у Армэніі ці Зымбабвэ. На думку Ўэя, у рэжыму ёсьць, як моцныя, так і слабыя месцы. Уэй кажа, што здольнасьць рэжыму ціснуць на грамадзтва абмежаваная. Спрэчным падалося выказваньне канадзкага прафэсара, што беларускі КДБ «ня моцна ўвязаны ў сыстэму». І пры належных умовах зь ім можна нават камунікаваць.

Спажывецкая пастка

Сацыёляг Мікола Кацук у сваім выступе пра эвалюцыю каштоўнасьцяў маладых і сталых беларусаў спасылаўся на дадзеныя афіцыйных сацыялягічных дасьледаваньняў. Так, паводле гэтых дадзеных каштоўнасьць свабоды сярод беларусаў займае толькі пятнаццатае месца. Першыя пазыцыі займаюць — сям’я, дзеці, здароўе.

Паводле Кацука, каштоўнасьць свабоды ўласьціва ня толькі моладзі, але і людзям сярэдняга і старэйшага пакаленьняў прыкладна ў адной і той жа прапорцыі.

Іронію прысутных выклікала прыведзеная Кацуком лічба, атрыманая ўрадавымі сацыёлягамі, што апазыцыі давяраюць усяго толькі 4% насельніцтва Беларусі. Як потым іранічна заўважыў прафэсар Вардамацкі, пытаньне, напэўна, было сфармаванае наступным чынам: «Ці давяраеце Вы правадырам пастухоў мустангаў у Зымбабвэ». Як пытаньне задасі, такі адказ і атрымаеш.

Як падвёў выснову Мікола Кацук, у Беларусі найбольшае супрацьстаяньне каштоўнасьцяў назіраецца між палюсамі тых, для каго найбольшая каштоўнасьць — сям’я (тыя, хто давяраюць уладзе), і тых, для каго, — самапавага (тыя, хто не давяраюць), а не свабоды і несвабоды.

На думку Віталя Сіліцкага, беларускія ўлады воляй‑няволяй аказаліся закладнікамі пастаянна росту дабрабыту насельніцтва.

«Беларускія ўлады залезьлі ў доўгатэрміновую рэйтынгавую пастку. Зрабіўшы стаўку на павышэньне спажывецкіх стандартаў як сродак самалегітымізацыі, яны таксама разагрэлі сацыяльныя чаканьні, якія вызначаюцца сталым патрабаваньнем усё больш высокага жыцьцёвага ўзроўню. Магчыма, Лукашэнку ўдасца прывесьці сыстэму да новай раўнавагі, выпрацаваўшы як інстытуты, так і ідэалёгію лібэралізаванай (ці маркетызаванай) аўтакратыі. Зрабіць гэта не немагчыма, але досыць праблематычна. Пошук жа раўнавагі шляхам павароту да «закручваньні гаек» пагражае тым, што групы «сацыяльнага кантракту» (то бок, тыя, якія знаходзяцца ці будуць знаходзіцца ў раўнавазе з дзяржавай) могуць неўзабаве стаць групамі актораў пераменаў», — адзначае В.Сіліцкі.

Мілінкевіч і АДС

Палітоляг Юры Чавусаў паспрабаваў прааналізаваць стан, у якім на дадзены момант («міжваенны час») знаходзіцца апазыцыя. Як кажа Чавусаў, цяпер апазыцыя падзеленая фактычна на дзьве часткі. Ёсьць вялікая пэрсанальная вядомасьць Аляксандра Мілінкевіча, а таксама структурны цэнтар у выглядзе кааліцыі АДС.

Чавусаў зазначае, што 12 умоваў Эўрасаюзу фактычна цалкам замянілі апазыцыі стваральную праграму. «Ніхто ня кажа пра эканамічную плятформу, Малую Канстытуцыю, але амаль кожны апэлюе да патрабаваньняў Эўракамісіі», — кажа Чавусаў. Разам з тым, палітоляг мяркуе, што па кожнай з дванаццаці ўмоваў Эўрасаюзу зробленыя нейкія крокі наперад, па кожнаму ёсьць пэўныя зрухі.

«Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў АДС як кааліцыя палітычных партыяў застаецца фактычна адзінай структурай, якая мае хоць нейкія акрэсьленыя задачы у межах гэтай палітычнай кампаніі. Усе астатнія структуры зьвязваюць свой удзел альбо няўдзел у парлямэнцкіх выбарах не з магчымасьцю доступу да парлямэнцкай формы палітычнай барацьбы, а з пераразьмеркаваньнем сілаў унутры апазыцыі і атрыманьнем больш зручнай стартавай пляцоўкі напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў», — падсумоўвае Ю.Чавусаў.

Палітоляг не разглядае «Эўрапейскую кааліцыю» і БХД, як рэальныя палітычныя сілы.

Юрай Марусяк з браціслаўскага Таварыства Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы зазначыў, што амаль ўсе краіны Вышаградзкай групы (Чэхія, Славаччына, Польшча і Вугоршчына) займаюць падобную пазыцыю ў адносінах да Беларусі. Менавіта гэтыя краіны ці не найбольш у Эўропе зацікаўленыя ў дэмакратызацыі Беларусі.

Што рабіць зь візамі?

Кіраўніца брусэльскага офісу за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская гаварыла пра праблему шэнгенскіх візаў і іх цэнаў для беларусаў. На яе думку, такія захады Эўропы спрыяюць ізаляцыі ня толькі кіраўніцтва, але і насельніцтва краіны. Стужынская кажа, што пасьля адноснай зімовай лібэралізацыі рэжыму, зацікаўленасьць краінай істотна ўзрасла. Прынамсі, у брусэльскі офіс прыходзяць лісты ад эўрапейскіх бізнэсоўцаў, якія зацікаўленыя мець справу ў Беларусі. У прыватнасьці, цікавяцца банкаўскай сфэрай. Ёсьць таксама інтарэс і да беларускай культуры.

Віталь Сіліцкі працягвае, кажучы, што для замежных кампаніяй заўсёды гарыць зялёнае сьвятло, калі яны паказваюць, што зьбіраюцца ўмешвацца ў палітыку. Так, напрыклад, было з «Хайнікен», які набыў бабруйскі бровар «Сябар».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прапанаваў свой варыянт вырашэньня візавых праблем. Палітык кажа, што варта на кожным консульстве вывесіць абвесткі пра тое, што зьніжэньне цэнаў на візы будзе магчымае толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Замежныя ўдзельнікі канфэрэнцыі таксама пагаджаліся, што візавая праблема патрабуе іншага вырашэньня.

Нацыяналізм не дае спакою

Прадстаўніца Гамбургскага ўнівэрсытэту Імке Хансэн адразу задала танальнасьць трэцяй сэкцыі на канфэрэнцыі. Яна адзначыла, што апазыцыі бракуе разуменьня іншых краін. Хансэн кажа, што беларускія апазыцыянэры маюць збольшага яшчэ савецкую адукацыю, кепска ведаюць замежныя мовы. Але найбольшы грэх апазыцыянэраў гэта безнадзейны пэсымізм.

Прафэсар Эдмантанскага ўнівэрсытэту Дэвід Марплз спыніўся на выкарыстоўваньні беларускімі ўладамі Другой сусьветнай вайны ў сваіх прапагандысцкіх мэтах, фальсыфікацыі «лініі Сталіна», міфе пра партызанаў.

Супрацоўніца польскай Акадэміі навук Нэлі Бэкус раскрытыкавала нацыяналізм як паноўную ідэалёгію значнай часткі беларускай апазыцыі. Сумесь лібэралізму і нацыяналізму, на думку спн.Бэкус, дала нейкі плён толькі ў краінах Сярэдняй Эўропы, але гэтая згода была часовай.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў застаўся больш аптымістычным. На яго думку, пры ўсім пры тым у краіне адбываюцца пазытыўныя зьмены. «Будучы студэнтам гістфаку, я ведаў гісторыю Беларусі горш, чым сёньняшні пяціклясьнік». Таксама пісьменьнік адзначыў мноства новых помнікаў нацыянальным героямі, якія паўстаюць у беларускіх гарадах. Аднаўляюцца ратушы, якія руйнаваліся за часы Расейскай імпэрыі, а сярод насельніцтва дамінуе нацыянальная ідэнтычнасьць.

Па выніках канфэрэнцыі выйдзе зборнік з матэрыяламі ўсіх выступоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?